Вы тут

Румас: Беларусь вельмі зацікаўлена ў аб’яднанні намаганняў з ЕБРР у барацьбе з наступствамі пандэміі


Пра гэта прэм’ер-міністр заявіў сёння падчас відэаканферэнцыі з прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцы і развіцця Сумам Чакрабарці.


«Вядома, бягучая эпідэміялагічная сітуацыя ўносіць карэкціроўкі ў многія планы і раней пастаўленыя мэты, — сказаў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас. — З іншага боку, гэта істотная праверка на трываласць для эканомік усіх краін. Урад Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў меры рэагавання на наступства развіцця пандэміі, якія ўключаюць умацаванне сістэм аховы здароўя,  сацыяльнай абароны, а таксама  падтрымку рэальнага сектара эканомікі, у прыватнасці, малых і сярэдніх прадпрыемстваў».

Пры гэтым рэалізацыя дадзеных мер, па словах кіраўніка ўрада, патрабуе мабілізацыі значных фінансавых рэсурсаў. Адпаведна падтрымка ЕБРР, у тым ліку ў рамках прынятага пакета салідарнасці, прадстаўляе асаблівую цікаваць для беларускага боку, заявіў Сяргей Румас. Ён падзякаваў Чакрабарці за гатоўнасць банка падтрымаць Беларусь у такі няпросты час.

Падтрымаць банкі, каб яны падтрымалі прадпрыемствы

«Сёння мы бачым неабходнасць пашырэння каналаў падтрымкі рэальнага сектара эканомікі праз наяўныя фінансавыя інстытуты ў краіне, — дадаў прэм’ер-міністр. — Мы ўдзячны ЕБРР за  гатоўнасць пачаць работу з Беларусбанкам і Белаграпрамбанкам па праграме фінансавання гандлю. Гэта добры пачатак, але я ўсё ж такі разлічваю, што ў перспектыве Банк зможа адкрыць прамыя крэдытныя лініі гэтым банкам для падтрымкі малага і сярэдняга бізнесу».

Па банках «Дабрабыт» і «Белінвестбанк» беларускі ўрад разлічвае на павелічэнне бягучых крэдытных ліній. Румас таксама прапанаваў ЕБРР разгледзець магчымыя варыянты зніжэння кошту фандзіравання для прадастаўлення больш даступных крэдытаў рэальнаму сектару эканомікі.

 «Са свайго боку мы гатовы даць  дадатковыя забеспячальныя меры з боку ўрада для таго, каб  знізіць кошт пазыкаў», — паабяцаў Сяргей Румас і выказаў упэўненасць, што тут будзе знойдзены кампраміс.

Беларуская чыгунка, Нацыянальны аэрапорт «Мінск» і некаторыя іншыя буйныя дзяржаўныя кампаніі зацікаўленыя ў аператыўным прыцягненні абаротнага капіталу, працягнуў прэм’ер. «У сітуацыі, якая складваецца, для іх надзычай важная хуткасць прадастаўлення такога  фінансавання», — удакладніў ён.

Кіраўнік беларускага ўраду запэўніў прэзідэнта ЕБРР у тым, што работа па ўсіх сумесных бягучых праектах і па падрыхтоўцы новых працягваецца.

«Па праекту рэканструкцыі дарогі М-3 і 12 рэспубліканскіх мастах мы практычна завяршылі  ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па ўступленні ў сілу крэдытнага пагаднення. Па нашым новым праекце – па будаўніцтву энергетычнай інфраструктуры СЭЗ „Мінск“ — мы накіравалі на ўзгадненне кіраўніку дзяржавы пакет дакументаў і хутка будзем гатовыя падпісаць адпаведнае крэдытнае пагадненне», — канкрэтызаваў прэм’ер.

«Беларускі бок надзвычай зацікаўлены ў з’яднанні намаганняў з Банкам у межах барацьбы з негатыўнымі наступствамі пандэміі каранавіруснай інфекцыі», — падсумаваў Сяргей Румас.

У сваю чаргу Сума Чакрабарці  адзначыў, што «калі беларусы абяцаюць, яны гэта робяць». Дасягнутае за апошнія тры гады ў супрацоўніцтве ЕБРР і Беларусі беспрэцэдэнтна, лічыць ён. За гэты час у эканоміку краіны было інвесціравана больш за 1 млрд еўра. Толькі у 2019 годзе рэалізавана 24 праекты ў розных галінах.

«Мэта сённяшніх перамоў з кіраўніком ЕБРР —  правядзенне прамежкавай зверкі пазіцый бакоў па тых або іншых праектах, якія распрацоўваюцца», — пракаментаваў журналістам вынікі сустрэчы міністр фінансаў Беларусі Леанід Ермаловіч.

Новыя праграмы Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця па падтрымцы прадпрыемстваў ва ўмовах пандэміі дазволяць, па словах кіраўніка фінансавага ведамства краіны, прыцягнуць у краіну адносна танныя крэдытныя рэсурсы і за іх кошт падтрымаць банкаўскую сістэму з тым, каб банкі маглі накіраваць сродкі на падтрымку малых і сярэдніх прадпрыемстваў, а таксама буйнога бізнесу.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.