Вы тут

Жанчына стварыла ў Гродне школу званароў i рыхтуе кадры для храмаў


Авалодаць даволi рэдкiм рамяством можа кожны ахвотны. Праўда, людзi «з вулiцы» наўрад цi здолеюць затрымацца надоўга, бо набыць навыкi можа толькi той, хто скiраваны на цярпенне. Так лiчыць прафесiйны званар з 20-гадовым стажам Юлiя Мiнчанка. Яна запрасiла карэспандэнта «Звязды» на званiцу i прадэманстравала сваё майстэрства.


З чаго складаецца «аркестр»

Юлiя ахвотна вядзе на вежу вышынёй каля 20 метраў. Гэта звыклы маршрут для яе — сюды яна падымаецца не толькi на работу, але i водзiць турыстаў. Свята-Пакроўскi сабор — аб'ект гiстарычны, ён уваходзiць у многiя турыстычныя маршруты. А гiсторыя самага вялiкага ў Гродне праваслаўнага храма налiчвае больш за 100 гадоў. Пабудаваны ён у гонар воiнаў, што гераiчна змагалiся ў руска-японскай вайне 1904—1905 гадоў. Тады ж на вежы з'явiлiся i званы, якiя суправаджалi асвячэнне храма.

Да нашага часу арыгiнальных званоў не захавалася. Як расказала Юлiя, яны былi страчаны падчас Першай сусветнай вайны. Ёсць гiстарычныя даведкi, што з iх адлiвалi гарматы i iншую зброю.

Дзесьцi гадоў дваццаць сабор стаяў маўклiвы. I ўсё ж прыхаджане не страчвалi надзеi вярнуць яму «голас». На ахвяраваннi мясцовых жыхароў i знакамiтых гараджан у 1935 годзе быў набыты першы, самы вялiкi звон, вагой больш чым паўтары тоны. Яго прывезлi на цягнiку з Польшчы. Дарэчы, на iм яшчэ выбiты прозвiшчы самых значных фундатараў Гродна.

— Гэта Дабравеснiк, ён задае рытм i тон усяму перазвону, iм упраўляюць з дапамогай педалi, — расказвае званарка Юлiя. — А ўсяго ў нас дзесяць званоў. Самы стары 1885 года, ён выглядае даволi сцiпла, яго шлях да гродзенскага сабора так i не ўдалося прасачыць, хутчэй за ўсё гэты звон прынёс нехта з прыхаджан.

Яшчэ чатыры невялiкiя званы куплены да стагоддзя сабора. Iх адлiвалi, дарэчы, у Беларусi. Увогуле набываць званы няпроста, бо сама па сабе вытворчасць даволi складаная, а цяпер яшчэ i рэдкая.

— У нас сабраны, можна сказаць, шэдэўры лiцця 20—30-х гадоў мiнулага стагоддзя. У той час якраз назiраўся росквiт рускай школы лiцця. I ў нас ёсць некалькi званоў знакамiтых лiцейных заводаў. Ёсць званы польскай школы лiцця. Агульная вага нашага аркестра — больш за тры тоны, — кажа суразмоўнiца.

Дзiнь-дзiнь-бом...

Званы Свята-Пакроўскага сабора можна лiчыць самымi гучнымi ў Гродне. Iх звон чуваць па ўсёй цэнтральнай частцы горада. Дарэчы, саборныя званы «агучваюць» i многiя гарадскiя мерапрыемствы, у першую чаргу, тыя, што праходзяць каля Вечнага агню. Але галоўная iх мiсiя — суправаджаць важныя царкоўныя святы, а таксама сустракаць i праводзiць епiскапа Гродзенскага i Ваўкавыскага, якi праводзiць службы ў галоўным кафедральным саборы Гродзенскай вобласцi.

Што выказвае гэты звон? Юлiя не на словах, а на справе дэманструе традыцыйны царкоўны звон. Атрымлiваецца нешта накшалт дзiнь-дзiнь-бом, дзiнь-дзiнь-бом... Па словах званаркi, у праваслаўных храмах няма нейкай спецыяльнай мелодыi. Тут галоўнае — iмправiзацыя званара, яго пульс, тэхнiка.

— Вядома, iснуюць розныя вiды звону. Iнакш навошта вучыцца — калацi сабе як папала i ўсё. Але тут важна перадаць настрой. Нават з аднаго звона можна стварыць цэлы шэраг iнтанацый. Раней так i было. Адзiн звон рознымi тэмпамi перадаваў iнфармацыю — прыезд госця, пажар, вайна, эпiдэмiя, усё гэта звон. З набыццём шэрагу званоў атрымлiвалася больш меладычнае гучанне. Напрыклад, на богаслужэнне склiкаў самы вялiкi звон — Дабравеснiк. Пасля службы — радасны i вясёлы перазвон. Людзi памалiлiся i ачышчаныя iдуць са службы, — расказвае Юлiя.

Хто ў званары?

Дваццаць гадоў таму Юлiя была ў лiку першых навучэнцаў Мiнскай школы званароў, а з 2009 года ўжо i сама адкрыла ў Гродне пры Свята-Пакроўскiм саборы падобныя курсы. Яна званар прафесiйны, аб чым сведчыць i запiс у працоўнай кнiжцы. Акрамя школы званароў, Юлiя Мiнчанка скончыла Гродзенскi дзяржаўны ўнiверсiтэт iмя Янкi Купалы, факультэт мастацтва. I ўвогуле яна педагог у чацвёртым пакаленнi. Генетыка i веды дапамагаюць ёй больш паглыблена будаваць свае заняткi з тымi, хто прыйшоў атрымаць навыкi званара.

— Вядома, добра, калi ў чалавека ёсць музычная адукацыя, тады ён лягчэй успрымае гэту навуку, — лiчыць суразмоўнiца. — Бо перыяд навучання не вельмi працяглы — усяго два месяцы. Да таго ж варта, каб чалавек быў неяк звязаны з царкоўным жыццём, iнакш няма сэнсу. Як «чалавеку з вулiцы» потым выкарыстаць свае навыкi? Згадзiцеся, валодаць майстэрствам i не мець магчымасцi скарыстацца iм — гэта сапраўднае гора, на мой погляд, гэта цяжка, бо ты носiш груз нявыказанасцi. А калi ты валодаеш i можаш потым гэта прымянiць — атрымлiваеш маральнае задавальненне.

Трэба сказаць, што ахвотнiкаў набiраецца не вельмi шмат. Справа гэта сапраўды нялёгкая. Паколькi заняткi праходзяць кожны дзень, адчуваецца значная нагрузка на вушы, нават пры карыстаннi бярушамi. Гэта яшчэ i фiзiчна цяжка — працаваць са шматтонным металам. Таму ў адным выпуску можа быць i два, i пяць чалавек. Юлiя прыгадвае дзяўчыну, якая выдатна асвоiла гэту тэхнiку i здала экзамен, хоць напачатку былi сумненнi ў яе здольнасцi. А некаторыя хлопцы не вытрымлiваюць, бо гэта для iх цяжка. Па словах Юлii, сэнс не ў тым, каб падрыхтаваць як мага больш званароў. Галоўнае, каб яны маглi займацца гэтай справай. Многiя з «вучняў» ужо працуюць у храмах альбо мяркуюць працаваць у тых, якiя зараз будуюцца.

— Займаюцца людзi розных узростаў, але ў асноўным гэта праваслаўныя людзi, якiя скiраваны на цярпенне, жаданне авалодаць такiм майстэрствам, — расказвае званар-педагог. — Шукаем магчымасцi працаўладкаваць. Летась я вучыла прадстаўнiка прыхода з мiкрараёна Альшанка, i неўзабаве храму ахвяравалi званы. Так мой вучань набыў сваё «рабочае» месца.

«Выпускнiкi» школы званароў служаць святарамi ў Свята-Успенскiм Жыровiцкiм манастыры, у тым лiку выпускнiкi духоўнай семiнарыi. Некаторыя з'яўляюцца настаяцелямi храмаў па-за межамi Беларусi. З тымi, хто пакуль не мае свайго прыхода, Юлiя таксама не губляе сувязь, яна арганiзуе для былых студэнтаў майстар-класы, каб яны не страчвалi навыкi i былi, што называецца, у прафесiйнай форме.

— Цяпер будуецца нямала храмаў. З цягам часу там будуць набывацца i званы. Таму добра, калi ёсць гатовы званар. Бо бывае, храм i званы ёсць, а званара няма, — зазначае Юлiя Мiнчанка. — Настаяцелi храмаў, вядома, зацiкаўлены, каб у iх быў свой званар i накiроўваюць чалавека на вучобу.

Маргарыта Ушкевiч, фота аўтара


У тэму

Iснуе трывалае сцвярджэнне аб магiчных сiлах звону не толькi ў выгнаннi «злых духаў», але i гаючых асаблiвасцях супраць многiх хвароб i iнфекцый. Нездарма вышэйшы орган Беларускай праваслаўнай царквы — сiнод, у сваiм звароце ў сувязi з пагрозай распаўсюджвання каранавiруснай iнфекцыi дае, у тым лiку, рэкамендацыю здзяйсняць ва ўсiх храмах i манастырах штодзённы перазвон чатыры разы ў дзень да завяршэння пандэмii. Пры гэтым бiць у вялiкi звон 12 разоў, а затым на працягу 10 хвiлiн званiць ва ўсе званы. У гэты час царква заклiкае вернiкаў узносiць малiтву аб спыненнi шкоднай навалы.

Загаловак у газеце: Хто б'е ў званы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.