Вы тут

Міхаіл Русы: Наспеў час комплекснай дапрацоўкі Кодэкса аб зямлі


Пра «падводныя камяні» спрэчных пытанняў па зямлі, асаблівасці іх узнікнення і шляхі вырашэння канфліктных сітуацый гутарым са старшынёй Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Міхаілам Русым.


— Міхаіл Іванавіч, апошнім часам зямельнае пытанне вельмі часта гучыць падчас асабістых прыёмаў грамадзян і правядзенні прамых тэлефонных ліній членамі Савета Рэспублікі. Нярэдка праблемы ўзнікаюць з-за таго, што ў раёне калісьці няправільна зарэгістравалі ці ўвогуле не зарэгістравалі зямельны ўчастак, а сёння з-за такой «дробязі» пакутуюць канкрэтныя людзі. Такім чынам зямельнае пытанне становіцца ў пэўным сэнсе народным. На якія думкі яно наводзіць вас?

— Тут няма нічога дзіўнага. Зямельнае пытанне ў Беларусі заўсёды было, як вы кажаце, народным. Бо закранала і закранае ў той ці іншай ступені інтарэсы многіх нашых суайчыннікаў.

Сапраўды, аналіз шматлікіх зваротаў грамадзян і суб'ектаў гаспадарання ў Савет Рэспублікі, выезды сенатараў на месцы сведчаць пра тое, што ў грамадстве даўно наспела пытанне сутнаснага ўдасканалення заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель. У сенатараў ёсць разуменне неабходнасці сістэмнай рэвізіі і канцэптуальнага перагляду гэтых праваадносін, у тым ліку змены неактуальных нарматыўных прадпісанняў і тых, што не выкарыстоўваюцца на практыцы.

Таму праект закона «Аб змяненні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі» будзе істотна перапрацаваны ў мэтах вырашэння шэрагу часам вострых пытанняў з улікам правапрымяняльнай практыкі і запытаў грамадзян. Зваротная сувязь з народам вельмі важная для парламентарыяў, бо яна дазваляе ўбачыць вузкія месцы ў зямельным заканадаўстве, адчуць новыя праблемы і пытанні, якія ставіць жыццё.

— Якое месца гэта работа займае ў дзейнасці Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні?

— Самае непасрэднае і значнае. Члены нашай камісіі выступаюць за комплексную дапрацоўку Кодэкса аб зямлі. Напрыклад, намі разгледжана пытанне правядзення прававога маніторынгу закона ад 17 ліпеня 2018 года «Аб нарматыўных прававых актах». У камісіі прыйшлі да высновы, што сённяшняя правапрымяняльная практыка сведчыць аб неабходнасці карэкціроўкі палажэнняў згаданага закона, у частцы выкарыстання пакетнага прынцыпу распрацоўкі законапраектаў.

Мушу адзначыць, што прынцып сістэмнасці і комплекснасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін забяспечваецца ў тым ліку падрыхтоўкай і прыняццем пакета нарматыўных прававых актаў, накіраваных на сістэмнае і комплекснае прававое рэгуляванне пэўнай сферы грамадскіх адносін. Тым самым забяспечваецца рэалізацыя новага нарматыўнага прававога акта, у тым ліку і тых, якія прадугледжваюць змяненне, прызнанне страціўшымі сілу ўзаемазвязаных нормаў, якія змяшчаюцца ў розных нарматыўных прававых актах.

Як паказвае практыка, менавіта на стадыі распрацоўкі падзаконных актаў нарматворчы орган выяўляе шматлікія «падводныя камяні» новага прававога рэгулявання, закладзенага ў законе. Гэтага можна пазбегнуць, калі вызначаць змест падзаконных актаў адначасова са зместам законапраекта. На нашу думку, належнае выкарыстанне пакетнага прынцыпу павінна стаць дзейсным спосабам недапушчэння несвоечасовай падрыхтоўкі і прыняцця нарматыўных прававых актаў, неабходных для рэалізацыі нормаў законаў, а таксама забеспячэння стабільнасці заканадаўства.

Гэта дазволіць выключыць выпадкі, калі дзяржаўнымі органамі, упаўнаважанымі на прыняцце адпаведных актаў заканадаўства, гэтыя дакументы прымаюцца з парушэннем устаноўленага тэрміну альбо зусім не прымаюцца. У сувязі з гэтым прапануем усталяваць у законе норму, якая прадугледжвае абавязковасць падрыхтоўкі пакета праектаў нарматыўных прававых актаў у выпадках увядзення прынцыпова новых падыходаў прававога рэгулявання ў пэўнай сферы грамадскіх адносін ці змены канцэптуальных палажэнняў заканадаўства.

— Будзем спадзявацца, што гэтыя меры дазволяць знізіць градус канфліктаў па зямельных і іншых жыццёвых пытаннях. Дарэчы, чым часцей за ўсё незадаволеныя аўтары зваротаў у верхнюю палату парламента?

— Людзі, з аднаго боку, нярэдка скардзяцца на прэтэнзіі і патрабаванні мясцовых улад аб зносе незаконна пабудаванных дамоў і аб'ектаў. Другая значная частка зваротаў утрымлівае скаргі на адмову ў рэгістрацыі незаконна пабудаванных дамоў. Узнікаюць часта міжсуседскія канфлікты.

Вось у нечым тыповы прыклад з жыцця. Побач знаходзяцца два зямельныя ўчасткі. На адным — станцыя тэхнічнага абслугоўвання, на другім — аўтамыйка. Гаспадару, які развівае сэрвіс аўтатранспарту, не хапае зямлі. Ён дамаўляеццца з суседам аб згодзе на перадачу яму дзвюх сотак, той пагаджаецца. Усё афіцыйна замацоўваецца. Раптам сусед прадае свой участак з аўтамыйкай. Новы гаспадар лічыць сваімі перададзеныя папярэднім уладальнікам дзве соткі. Узнікае канфлікт. І падобных пытанняў шмат. Змены ў Кодэксе аб зямлі дазволяць пазбягаць падобных непаразуменняў.

Яшчэ прыклад. Чалавеку, згодна з яго пісьмовай просьбай, выдзяляецца маляўнічы ўчастак 25 сотак для вядзення дапаможнай гаспадаркі, але там чамусьці ўзводзіцца загарадны дом ці дача з лазняй. Падчас спробы рэгістрацыі гэтай нерухомасці да гаспадара з боку мясцовых улад узнікае законная прэтэнзія: а дзе ж аб'екты дапаможнай гаспадаркі? Няма? Дык і рэгістрацыі не будзе. Так, хітрун сам вінаваты ў нямэтавым выкарыстанні зямлі. Гэта бясспрэчна. Але ўзнікае пытанне і да работнікаў раённых службаў, сельскага Савета: няўжо яны не бачылі, што там незаконна будуецца жыллё? Сумнеўна.

— Ці шмат фактаў падобнай чыноўніцкай блізарукасці?

— Дастаткова. Дарэчы, пры вывучэнні ў Савеце Рэспублікі зваротаў грамадзян становяцца відавочныя істотныя недахопы ў рабоце некаторых органаў мясцовай улады, выканкамаў пасялковых і сельскіх Саветаў па падрыхтоўцы пярвічных дакументаў па зямельных пытаннях. Часам праяўляецца юрыдычная непісьменнасць, вольнае трактаванне заканадаўчых актаў, безадказнасць, бюракратызм. А ў выніку ўзнікаюць канфліктныя сітуацыі, якія можна было б загадзя папярэдзіць.

Цікавы выпадак здарыўся ў Мінскай вобласці. Жыхару Маладзечна афіцыйна выдзелілі ўчастак зямлі пад будаўніцтва жылля. Той рабіў усё па законе, амаль ужо пабудаваўся, калі раптоўна высветлілася, што дом узводзіцца ў ахоўнай зоне газаправода. Гарадскія ўлады запатрабавалі знесці пабудову. Але чалавек у чым вінаваты? У тым, што не пераправерыў рашэнне чыноўніка на прадмет правільнасці яго дзеянняў? Суд як ні дзіўна палічыў правамерным патрабаванне мясцовай улады аб зносе дома. А на маю думку, знос павінен быць за кошт таго чыноўніка, які падставіў чалавека. Так будзе справядліва.

— А ці заўсёды самі забудоўшчыкі без граху ў зямельных пытаннях?

— Я б не сказаў. Здараецца, яны наўмысна ідуць на парушэнні. Скажам, парушаюць праектнае размяшчэнне дома на ўчастку з дробным захопам зямлі. З аднаго боку прыхапілі кавалак, з другога вылезлі за межы вызначаных параметраў участка на метр-два. І такім чынам незаконна прыдбалі пару сотак. Сёння гэтыя парушэнні проста фіксуюцца. А потым незадаволенныя пішуць і скардзяцца ў вышэйстаячыя інстанцыі на нелаяльнасць раённых службаў, маўляў, праяўляюць чэрствасць, неразуменне, патрабуюць справядлівага, на іх погляд, разгляду пытання.

Бываюць выпадкі, калі мясцовыя ўлады забіраюць у грамадзян участак з домам з прычыны ўзвядзення на гэтай тэрыторыі неабходнага гораду вялікага аб'екта. Людзі скардзяцца на недастатковую кампенсацыю іх страт. Такія выпадкі характэрныя больш для Мінска, абласных цэнтраў. Пытанне няпростае, але яно павінна вырашацца з улікам інтарэсаў абодвух бакоў.

— А шмат зваротаў паступае на ваш разгляд?

— Сёлета за перыяд са студзеня да мая наша камісія атрымала каля 400 зваротаў.

— Я так разумею, што ў камісіі работа са зваротамі грамадзян знаходзіцца пад асаблівым кантролем?

—Так. Трэба адзначыць, што старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава пастаянна арыентуе сенатараў вельмі ўважліва ставіцца да разгляду зваротаў грамадзян. Ды і сама Наталля Іванаўна заўсёды прытрымліваецца гэтага прынцыпу ў рабоце. Асабліва, калі ў сталічных кабінетах цяжка зразумець усе прычыны, аспекты і наступствы жыццёвых цяжкасцяў, якія турбуюць людзей. Таму актыўна практыкуецца разгляд зваротаў з выездам на месца. Так лепш унікнуць у тое, што непакоіць чалавека. І гэта датычыцца не толькі зямельных пытанняў.

Я, напрыклад, адносна нядаўна па даручэнні Наталлі Іванаўны разбіраўся ў сітуацыі, якая склалася ў вёсцы Яечкавічы Іванаўскага раёна. Там па-чыноўніцку падышлі да працэсу прыватызацыі жылых дамоў. Ацэнка іх кошту, згодна з бухгалтарскім улікам прадпрыемства, не адпавядала ні цяперашняму стану дамоў, ні цэнам, якія склаліся ў рэгіёне на жыллё.

Многія асаблівасці і дэталі прыватызацыі не былі адлюстраваны ў звароце вяскоўцаў. Толькі пасля таго як спецыялісты на свае вочы ўбачылі тыя дамы, пагутарылі з людзьмі, вывучылі дакументы, удалося скласці аб'ектыўнае ўражанне. І, аказваецца, як ні дзіўна, усё ў Іванаве было зроблена па законе.

— І якія сёння робяцца захады па гэтым і іншых зваротах?

— Я моцна спадзяюся на тое, што сумесна са спецыялістамі з Дзяржаўнага камітэта па маёмасці нам удасца вырашыць не толькі гэта прыватнае пытанне, але і ўнесці адпаведныя змены ў заканадаўства. Каб у будучым у краіне такія спрэчныя пытанні калі і ўзнікалі, то вырашаліся прасцей і адпавядалі рэальнаму стану спраў.

Іншы канкрэтны прыклад. Да нас звярнуліся жыхары дамоў № 6 і № 4 па вуліцы Глебаўка ў аграгарадку Калодзішчы Мінскага раёна з просьбай пасадзейнічаць у паскарэнні ліквідацыі падтаплення. Іх зварот быў разгледжаны сумесна з раённым выканаўчым камітэтам і неўзабаве прадпрыемства «Мінскгаррамаўтадар» выканала ўсе неабходныя работы па Глебаўцы: былі ўсталяваны бартавыя камяні, арганізаваны пад'езд да ўчасткаў.

— І яшчэ адно актуальнае пытанне. Дарогі таксама ў прыярытэце пытанняў грамадзян з месцаў. Многіх цікавіць лёс дарожнага сбору. Ваша меркаванне на гэты конт?

— Ужо агучаны шэраг прапаноў па ўдасканаленні аплаты дарожнага збору, але канчатковае рашэнне пакуль не прынята. Да абмеркавання гэтага пытання далучыліся і члены Савета Рэспублікі.

На мой погляд і на думку іншых калег-сенатараў, варта прывязаць дарожны збор да кошту паліва: больш рухаешся па краіне — больш і плаці. Так будуць выкананы і прынцып сацыяльнай справядлівасці і забяспечана максімальна магчымая паўната збору за карыстанне дарогамі.

— Вечная тэма — сфера жыллёва-камунальных паслуг. Якія тут захады мяркуюць зрабіць сенатары для паляпшэння яе дзейнасці?

— Нягледзячы на прымаемыя меры па-ранейшаму ад грамадзян паступае значная колькасць зваротаў, якія датычацца такіх праблем, як тэхнічны і санітарны стан жылых дамоў, правядзенне капітальнага і бягучага рамонтаў, якасць работы камунальных службаў і паслуг, якія імі аказваюцца. Такая сітуацыя патрабуе аператыўнага прыняцця комплексу мер па іх вырашэнні як на рэспубліканскім, так і мясцовым узроўнях. Відавочна, што наспела неабходнасць карэкціроўкі выпрацаванай урадам канцэпцыі развіцця ЖКГ і адпаведнай заканадаўчай базы. Савет Рэспублікі гатовы далучыцца да гэтай работы.

Гутарыў Леанід Лахманенка

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Прэв'ю: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.