Вы тут

Сурвэткі і саваны. Памяці Кузьмы Чорнага



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Сурвэткі і саваны. Памяці Кузьмы Чорнага

Здаецца, на яго сагнутых плячах сядзела смерць і пагойдвалася ў тахту яго вялай хады
К. Чорны «Млечны шлях»

Такую ж цяжкую ношу праз усё сваё кароткае жыццё пранёс на плячах і сам Кузьма Чорны. Гэты жудасны груз схіляў яго да зямлі, ад судакранання з якой пісьменнік кожны раз, нібы міфічны Антэй (выбачайце за гэту безальтэрнатыўную ў дадзеным выпадку пошласць), набіраўся сіл і натхнення. Пясняр голай глебы меў усё для таго, каб са «стваральніка першага беларускага рамана» ператварыцца з часам у першага па значэнні беларускага раманіста, але ў рэшце рэшт і гэтаму полымю не хапіла кіслароду. Адно са шматлікіх «калі-небудзь» беларускай літаратуры стала ледзь не галоўным яе «а што калі...».

Некалі Готфрыд Бэн напісаў свайму сябру Паўлю Цэху, што мастацтва — справа пяцідзесяці чалавек, з якіх трыццаць — ненармальныя. Гэтым сцвярджэннем вялікі нямецкі паэт, які сам заўсёды какетліва адмаўляўся ад звання прафесійнага літаратара (пісаў «у стол» з адчуваннем таго, што ў патрэбны час яго запісы прад’явяць агалошанай публіцы, як старазапаветны «Дэкалог»), праводзіў выразную дэмаркацыйную лінію паміж рамеснікам і творцам. Урач Бэн вызначаў сапраўдны пісьменніцкі талент як паталогію (зразумела, што ў яго дэкадэнцкім атачэнні гэтае слова было пазбаўлена негатыўных канатацый), божую іскру звар’яцелых адзіночак, творчых пустэльнікаў, якія хаваюцца ад людзей сярод раскіданых па лістах паперы камянёў-літар.

Ці можна ў такім жа кантэксце разглядаць творчы шлях Кузьмы Чорнага? Падаецца, што так. І нас не павінны пераконваць у адваротным ні пашана з боку калег, ні любоў прыхільнікаў, ні успаміны вучняў (сапраўдных і самаабвешчаных), ні саладжавыя панегірыкі крытыкаў. Пісьменнік сапраўды заўсёды быў акружаны людзьмі, але пры гэтым, як і пераважная большасць яго герояў, знаходзіўся ў экзістэнцыяльнай адзіноце, да якой дадавалася яшчэ і адзінота інтэлектуальная. Зусім не на пустым месцы ўзнік дзённікавы запіс Чорнага пра сучасных яму літаратараў, якія «не ведаюць, пра што пісаць, шукаюць тэм і сюжэтаў, гавораць аб нейкіх “літаратурных знаходках” і сядзяць макам на здрабнеласці расейскай савецкай літаратуры». Да яго, як да прызнанага мэтра, часта звярталіся за парадай маладыя аўтары, але не так шмат было тых, хто мог бы нешта параіць самому Чорнаму.

Кузьма Чорны __ Юрка Гаўрук. 1927 г. З фондаў БДАМЛіМ

Да сваіх творчых адкрыццяў яму даводзілася даходзіць самастойна, кіруючыся выключна ўласнай інтуіцыяй. Праўда, у пісьменніцкім асяроддзі гэтыя вынаходніцтвы трактаваліся досыць вульгарна (нават у станоўчых водгуках), наколькі дазваляў скупы літаратурны і метадалагічны багаж таго ці іншага рэцэнзента. Крытыка спрабавала ўпісаць Чорнага ў больш-менш зразумелыя рамкі — адсюль параўнанні з Дастаеўскім (радзей з Гамсунам), што дайшлі да нашага часу. Супастаўленне з Фёдарам Міхайлавічам (само па сабе прыемнае) спрашчала ўспрыняцце Чорнага і аўтаматычна правінцыялізавала яго творчасць. Гэта — непаразуменне ад неразумення. Чорны быў той самай бэнаўскай паталогіяй, анамаліяй, адхіленнем ад агульнай пісьменніцкай нормы, але гэтага ніхто заўважаў. Сябры адчувалі не вельмі яўную адметнасць пісьменніка, але наўрад ці маглі зразумець яе прыроду.

Кузьма Чорны. Апавяданні.1925 год. З фондаў НББ

Адчужэнне Чорнага лепей за ўсё адлюстроўваюць шматлікія групавыя фотаздымкі будучых беларускіх класікаў, на якіх ён заўсёды выглядаў нечым іншародным: згублены позірк, адсутнасць усмешкі (ці вельмі няўдалая спроба яе прадэманстраваць), агульная асуджанасць на твары. Ёсць нейкае адчуванне таго, што калі б яму давялося жыць не ў Савецкім Саюзе, а ў Веймарскай рэспубліцы, то з часам творчы шлях прывёў бы пісьменніка да развілкі, адна са сцежак якой вяла б у накірунку да больш выразнага экспрэсіянізму. Тым больш што дэпрэсіўнасць, перманентнае адчуванне болю, пагроза бессэнсоўнай смерці, страх за будучыню (няма ніякай упэўненасці, што ў персанажаў нават самых аптымістычных твораў Чорнага ўсё будзе добра) і так былі ўласцівы яго тэкстам. Ці лічыў хтосьці, колькі ўсяго чалавек памерла на старонках яго раманаў, аповесцей і апавяданняў? Творчы псеўданім пісьменніка быў лепшай анатацыяй да яго кніг — унук і сын майстроў-сурвэтнікаў ткаў выключна саваны. Кумачы і сурвэткі яго не цікавілі.

Хаця (і гэтага не высечы сякерай), як і большасць тагачасных маладых літаратараў, Чорны спачатку таксама паддаўся спакусе панарамнага асвятлення «вялікіх» тэм, але пры гэтым ён не быў ні экзальтаваным рэвалюцыйным гарлапанам, ні блазнаватым «народнікам». Дровы і запалкі прыцягвалі яго больш, чым агонь, і гэта сялянская дробязнасць у выніку выкрышталізавалася ў рэдкі пісьменніцкі дар.

У ранніх тэкстах Чорнага гуманістычны пафас (хай і своеасаблівы) яшчэ неяк пераважаў над змрочнымі матывамі: «Галоўнае, што мучыць мяне з самых маладых год маіх — гэта пакуты чалавека на зямлі, якія ў нас яшчэ не знішчаны і за знішчэнне якіх мы ўсе цяпер змагаемся».

Кузьма Чорны і К. А. Шкуцька. Мінск, 1925 год. З фондаў ДМГБЛ

У апублікаваным у 1927–1928 гадах на старонках часопіса «Узвышша» рамане «Сястра» (тым самым «першым беларускім») ужо прысутнічае цень сумнення, хаця недавер да сацыялістычнай рэчаіснасці быў згладжаны «блажэннай» фігурай Радзівона Цівунчыка, вуснамі якога Чорны і агучыў свае ўласныя перажыванні. Тым не менш пісьменнік усё ж патрапіў «на аловак» партыйных літаратараў.

Выхад ў 1929 годзе «Лявона Бушмара» нарэшце ўзарваў крытыку, якая абвінаваціла аўтара ў «апалогіі кулацтва» (сумна вядомы Алесь Кучар назваў твор «рэакцыйнай аповесцю». Вобраз нелюдзімага адзіночкі («звераватага» Бушмара), які супрацьстаіць «руху гісторыі» і «праз якога адвечная прыродная дзіч спрабуе авалодаць усімі тут людзьмі», выклікаў хутчэй сімпатыю, чым класавую нянавісць. Далейшы лёс Лявона Бушмара пасля арышту і «адбывання кары» пазначаны ў аповесці лаканічным і безапеляцыйным «ён знік». Усім было зразумела, што гэта значыць. Чорны адносна хутка (прынамсі, у параўнанні з некаторымі салаўямі «новага жыцця») усвядоміў, як працуе людажэрная сістэма.

Кузьма Чорны. Лявон Бушмар. 1930 год. З фондаў НББ

Непасрэднае сутыкненне з метадамі «змагання з пакутамі» ўжо канчаткова пазбавіла чарговага савецкага ідэаліста (які лічыў, быццам «усё, што было, ненастаяшчае, настаяшчае і светлае ідзе») ад ілюзій маладосці і прымусіла канстатаваць непазбежнае: «Я жыву як апошняе пакідзішча. І не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не еўрапейская дзяржава, дзе інтэлектуальныя асаблівасці чалавека робяць яго жыццё арганізаваным. А ў нас азіятчына».

Як тут не згадаць ужо хрэстаматыйны дзённікавы запіс Чорнага пра восем жудасных месяцаў у засценках НКУС: «У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 года мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі, але рук у кайданы не замыкалі». Пры гэтым катаванні не зламалі яго канчаткова, і пісьменнік, апынуўшыся на волі, знайшоў у сабе мужнасць адмовіцца ад выбітых з яго паказанняў. Ніякіх слёз і сурвэтак.

Калектыў літаратурных работнікаў паходнай рэдакцыі газеты «Звязда». Болхаў, верасень 1941года. З фондаў ДМГБЛ

Супрацоўнікі рэдакцыі газеты «Совецкая Беларусь». Масква, 1942 год. З фондаў ДМГБЛ

Сталы Кузьма Чорны песіміст: хаця жыццесцвярджальныя ноткі часам і гучаць у яго позніх творах, але падаюцца штучнымі і фальшывымі. Яго познія беспрасветныя і кроватачывыя творы былі напісаны таленаваіта, але неяк неахайна. Быццам аўтару хацелася хутчэй ад іх пазбавіцца. У ліпені 1944 года Чорны падзяліўся з дзённікам сумнымі разважаннямі: «Думаю аб той горкай праўдзе, што ніколі не меў магчымасці пісаць тое, што самае важнае беларускай літаратуры і дзе б я сапраўды павярнуў бы горы. Дай божа па-сапраўднаму ачуняць. Пасля вайны буду пісаць як хачу і магу». Яму падавалася, што, падобна герою свайго ж «Млечнага шляху» Уладзіміру Ярмаліцкаму, ён нарэшце ўцёк (у дадзеным выпадку толькі ментальна) з канцлагера.

Згаданы дзённікавы запіс павінен быў падвесці рысу пад пэўным этапам творчасці пісьменніка і даць пачатак новаму, у якім можна было б пісаць «як хочацца». Гэта было наіўна. Ад непазбежнага расчаравання ва ўласных планах Кузьму Чорнага пазбавіла толькі смерць.

Кірыл МЯЦЕЛІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў. 

У свеце

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

У «чорнай» зоне. Чаму Літву захліснула пандэмія?

Уся Літва трапіла ў «чорную» зону заражэння каранавірусам. 

Грамадства

Страшнае слова «генацыд»

Страшнае слова «генацыд»

Для тых, хто прысвойвае сабе права быць «выключнымі», гэта рана ці позна становіцца катастрофай у маштабах народа.