19 верасня, субота

Вы тут

Як у Беларусі развіваецца экалагічны турызм


У краіне плануецца рэалізацыя праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Развіццё экалагічнага турызму для садзейнічання зялёнаму пераходу да інклюзіўнага і ўстойлівага росту». Аб гэтым расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай СВІДЗІНСКІ.


— «Старт» такой праграме будзе дадзены сёлета. З дапамогай яе можна папулярызаваць не толькі прыроду, жывёльны і раслінны свет, але і элементы народнай культуры і традыцый. Праект плануецца рэалізаваць у супрацоўніцтве з Бярэзінскім біясферным запаведнікам, заказнікамі «Азёры», «Чырвоны Бор» і ва ўзаемадзеянні з Расіяй. Асноўная яго задача — павелічэнне наведвальнасці ўнікальных куткоў прыроды Беларусі.

Натуральныя прыродныя экасістэмы займаюць у краіне больш за палову тэрыторыі. Іх плошча складае 11,7 мільёна гектараў, ці 56,4 працэнта. Гэта лясы, натуральныя лугавыя тэрыторыі, хмызнякі, балоты, рэкі, азёры. З іх асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі займаюць дзевяць працэнтаў плошчы краіны. «У нас працуе схема пашырэння сеткі такіх тэрыторый, перыядычна ствараюцца новыя. Да ліку асабліва ахоўных адносяцца Бярэзінскі біясферны запаведнік, чатыры нацыянальныя паркі, заказнікі рэспубліканскага і мясцовага значэння, помнікі прыроды. Кожны з іх па-свойму ўнікальны. На такіх тэрыторыях функцыянуе 209 экалагічных маршрутаў і экалагічных сцежак, створана больш за 60 стаянак для арганізаванага турызму», — звярнуў увагу спікер.

Асноўная задача для спецыялістаў Бярэзінскага біясфернага запаведніка — захаванне ў першапачатковым выглядзе прыродных тэрыторый, а таксама актыўнае развіццё турызму. Аб гэтым расказаў яго дырэктар Андрэй ПРАКОШЫН.

— У апошняе дзесяцігоддзе колькасць турыстаў у запаведніку была стабільная: 42-45 тысяч штогод. Мінулы год быў рэкордны па наведвальнасці: сюды прыехала больш за 57 тысяч чалавек. Думаю, такі рост звязаны з тым, што ў грамадстве становіцца больш папулярны здаровы лад жыцця, у тым ліку экалагічны турызм. Да нас прыязджаюць з самых розных краін свету: Расіі, Польшчы, Германіі, Кітая, Нідэрландаў, Швейцарыі, Венесуэлы, ЗША. Адна з галоўных задач нашага турызму — выхаванне разумення прыродных працэсаў. Таму, напрыклад, з дапамогай адукацыйнага праекта ПРААН «Зялёныя школы» ў запаведніку стварылі эка-школу для работы з дзецьмі і моладдзю.

Андрэй Пракошын адзначыў, што ў сувязі з пандэміяй і закрытымі межамі, у першае паўгоддзе турысты сюды амаль не прыязджалі, толькі адзінкі. Затое з сярэдзіны чэрвеня работа аднавілася ў поўнай меры. «Мы не сядзелі і не чакалі, што будзе далей, а распрацавалі спецыяльныя праграмы з улікам сітуацыі. Напрыклад, прапанавалі праграму «Самаізаляцыя». На 14 дзён можна было пасяліцца ў гасцініцы на тэрыторыі запаведніка, прытым кошт пражывання складаў 40 працэнтаў ад прэйскурантнай цаны. І гэта аказалася паспяховым рашэннем. Дарэчы, апошнім часам знізілася цікавасць да наведвання музеяў, пры гэтым вялікім поспехам карыстаецца адпачынак на адкрытым паветры: экалагічныя сцежкі і маршруты, прагулкі на байдарках, ровара».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Прэв’ю: tourlib.net

Загаловак у газеце: Стаўка — на «зялёны» адпачынак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

«А аднойчы нашу аператарку запрасілі замуж па тэлефоне». Чым жыве кантакт-цэнтр «Белпошты»?

«А аднойчы нашу аператарку запрасілі замуж па тэлефоне». Чым жыве кантакт-цэнтр «Белпошты»?

Тры кароткія лічбы — 154. Гэта нумар кантакт-цэнтра «Белпошты». Яго набіраюць тыя, хто сутыкаецца з пытаннямі датычна паслуг, якія аказваюць паштавікі. За кожным з такіх званкоў стаіць свая гісторыя.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.