Вы тут

Заправіць бясплатна, але з дапамогай тэставай карты


З наступнага панядзелка зарадзіць электрамабіль на ўсіх 267 ЭЗС сеткі Malanka можна будзе толькі з дапамогай мабільнай праграмы, але па-ранейшаму бясплатна. Аб гэтым карэспандэнту «Звязды» паведаміла медыядырэктар PR-студыі Sette Кацярына Сычук.


malankabn.by

Каб скарыстацца паслугай, усім уладальнікам электракараў неабходна не толькі спампаваць праграму ў Apple Store і Play Market і зарэгістравацца ў ім, але таксама ўвесці наступныя дадзеныя тэставай плацежнай карты: нумар карты, імя і прозвішча, тэрмін дзеяння і CVC.

Цяпер зарадзіць электрамабіль на большасці станцый можна непасрэдна скарыстаўшыся пісталетам і націснуўшы кнопку «Пуск». З 21 верасня ЭЗС сеткі Malanka будуць працаваць па-новаму, толькі праз праграму. Працэс пераводу на новы рэжым ЭЗС праходзіць у два этапы: 15—16 верасня ён здзяйсняецца ў рэгіёнах, з 16 па 21 верасня — у Мінску.

У кампаніі тлумачаць, што гэта трэба для таго, каб пратэсціраваць працу ЭЗС, мабільнай праграмы, сістэмы аплаты і пазбегнуць магчымых цяжкасцяў у кіроўцаў, калі зарадка будзе аплачвацца ўжо з асабістай банкаўскай карткі ўладальніка электракара.

Кацярына Сычук таксама адзначыла, што ў перыяд дзеяння тэставай карты кіроўцы электракараў будуць атрымліваць абвесткі на свае мабільныя прылады аб тым, што зарад пачаўся, колькі кілават на гэты момант зараджана, якая сума будзе спісаная. У кампаніі мяркуюць, што аплата пры дапамозе толькі мабільнай праграмы дазволіць кіроўцам адаптавацца да новых умоў водпуску зарада, і, калі платныя тарыфы будуць уведзены, гэта дазволіць пазбегнуць памылак у карыстанні ЭЗС.

Калі ў кіроўцаў узнікнуць пытанні аб рабоце праграмы, задаць іх можна будзе ва ўкладцы «Служба падтрымкі», там жа іх можна будзе праілюстраваць фотаздымкамі. Спецыялісты ЭЗС Malanka аператыўна адрэагуюць і дапамогуць вырашыць праблему. Таксама ў любы час сутак можна скарыстацца тэлефонам: +375(33-29-25) 6-431-431 або напісаць на электронную пошту contact@beloіl.by.

На дадзены момант самая распаўсюджаная праблема на ЭЗС — гэта кнопка спынення працэсу зарадкі. Калі кіроўцы націскаюць на кнопку і забываюць яе адціснуць, то ў праграме гэтая станцыя аўтаматычна становіцца недаступнай. Каб гэтага пазбегнуць, у Malanka просяць быць уважлівымі да абсталявання на ЭЗС.

У кампаніі Malanka нагадваюць, што з цягам часу цана 1кВт на станцыях пастаяннага току (хуткія ЭЗС) складзе 39 капеек, на станцыях пераменнага току (павольныя) — 29 капеек. Разам з тым такія станцыі будуць адпускаць электраэнергію для зараду па сесіях — гэта значыць да неабходнага ўзроўню зарадкі. На павольных ЭЗС цана адной сесіі складзе 5,46 рубля, на хуткіх — 7,34 рубля незалежна ад колькасці адпушчаных кВт/г. Паралельнае існаванне двух варыянтаў аплаты ўвядуць, каб вызначыць, які з іх будзе больш папулярны сярод спажыўцоў, і ў выніку пакінуць самы зручны варыянт.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Гэты тыдзень вельмі ўдалы ў плане кар'еры і любові. Могуць паступіць прыемныя дзелавыя прапановы. Калі вы сканцэнтраваныя і ўважлівыя, то забяспечаны поспех, прычым такі, на які нават не разлічвалі. Цяпер час выканання жадання, вырашэння праблемы, якая хвалюе даўно. Да канца тыдня прыйдзе адчуванне радасці, спакою і гармоніі.