Вы тут

«Песня мая маладая!»


Кожны, хто так ці іначай звязаны з вакалам індывідуальным або калектыўным, са спеўнымі гуртамі (дзіцячымі, юнацкімі, моладзевымі, аматарскімі, прафесійнымі), ведае самую істотную праблему іх існавання і развіцця. Гэта пытанне рэпертуару. Новага, свежага, эксклюзіўнага. Бо зразумела, што нельга гадамі спяваць адно і тое ж.


Нецікава і самім выканаўцам, і слухачам. Нельга выправіцца на які заўгодна конкурс ці фестываль, больш ці менш прэстыжны, калі не маеш у запасе новай песні ці новага хору. І пажадана, каб на канцэрце ці конкурсе той, хто выступае ўслед, не выконваў твор аналагічны. Такім чынам, велізарная патрэба ў новых сачыненнях і кампазіцыях ёсць, але няма дзяржаўнага нотнага выдавецтва, якое б падобны попыт паслядоўна задавальняла. Таму свабодную «нішу» занялі выдавецтвы невялікія і прыватныя або тыя, якія існуюць пры дзяржструктурах. Здараецца, ініцыятарамі нотных зборнікаў выступаюць паэт, на чые вершы напісаны розныя музычныя творы, або кампазітар, які пад адной вокладкай сабраў уласныя сачыненні, асновай якіх сталі вершы розных паэтаў.

Такі доўгі ўступ спатрэбіўся мне, каб распавесці пра два новыя зборнікі кампазітара Яўгена Ксяневіча, што выйшлі сёлета. Нагадаю, аўтар — стваральнік лірычных, паэтычных і патрыятычных песень. Не першы год вядзе рубрыку «Песню бярыце з сабою» ў газеце «Звязда».

Першы са зборнікаў займеў назву «Краіна мая, песня мая…» і аб’яднаў 25 твораў. Ён адрасаваны непрафесійным (аматарскім) калектывам мастацкай творчасці, друкуецца па рашэнні навукова-метадычнай рады Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Аўтарытэт выданню дадае і тое, што музычным рэдактарам выступае вядомы беларускі кампазітар Аліна Безенсон.

Другі зборнік, «Малая Радзіма», выдадзены сёлета ў Гродне. Тыраж выдання больш сціплы, усяго 50 экзэмпляраў, але тут пад адной вокладкай сабрана амаль 40 сачыненняў аўтара. Выданне прываблівае і дакладнай структурай, якая, бясспрэчна, дапаможа карыстальніку. Песні маюць пэўную сэнсавую скіраванасць і адрасата. Напрыклад, у асобны раздзел вынесены песні пра радзіму, героіка-патрыятычныя творы, дзіцячыя і зімовыя песні, сачыненні пра маці і каханне (апошні раздзел, зразумела, дамінуе). Некаторыя творы ў двух зборніках перагукаюцца ці паўтараюцца, але недахопу ў тым няма.

Для падобных выданняў хацелася б мець большы тыраж. Бо калектываў, якія, зноў-такі нагадаю, маюць патрэбу ў новых творах, у разы болей. Пра што абавязкова хацелася б сказаць з нагоды выхаду зборнікаў? Вабіць добры літаратурны густ Яўгена Ксяневіча, які выяўляецца ў адборы паэтаў і тэкстаў. Гэта сур’ёзнае і прынцыповае пытанне. Бо нават у зборніках, што выходзяць у дзяржаўных выдавецтвах і пад цвёрдай вокладкай, часам сустракаеш прыклады, калі песенная лірыка не выклікае іншых эмоцый, акрамя раздражнення або з’едлівага смеху.

Па-першае, усе паэты, чые вершы зрабіліся асновай музычных твораў у зборніках «Краіна мая, песня мая…» і «Малая Радзіма», беларускамоўныя. Гэта істотна, бо панаванне рускамоўнай папсы ў эфіры радыёканалаў, у праграмах жывых або тэлеканцэртаў не можа не засмучаць. Па-другое, тут прадстаўлены і бясспрэчныя класікі (Рыгор Барадулін, Максім Танк, Пімен Панчанка, Генадзь Бураўкін, Яўгенія Янішчыц), і набліжаныя да іх.

Адным словам, выпадковых аўтараў няма. З тых, хто даўно пакінуў гэты свет, але чые вершы па-ранейшаму жывыя і хвалюючыя, — Канстанцыя Буйло, Змітрок Бядуля, Пятро Глебка, Аляксей Пысін, Юрась Свірка, Анатоль Грачанікаў, Ніна Мацяш, Еўдакія Лось, Сяргей Грахоўскі, Анатоль Сыс. Натхнілі Яўгена Ксяневіча і нашы сучаснікі, эмацыянальныя і пачуццёвыя — Эдуард Акулін, Уладзімір Мазго, Міхась Башлакоў, Алесь Камароўскі, Міхась Пазнякоў, Валянціна Гіруць-Русакевіч.

Нават пералік паэтаў падказваў, які няпросты і працяглы па часе быў шлях да гэтага зборніка. Бо зразумела: нараджэнне музычнага твора пачынаецца з адбору — менавіта таго тэксту, які імпануе, вабіць, дае штуршок натхненню. Увогуле, зборнікі адрасаваныя салістамвакалістам, калектывам мастацкай творчасці — вакальным ансамблям, харам эстраднай і народнай скіраванасці.

Пры канцы нататак абавязкова пазначаю e-mail кампазітара: evgenyksenevich@gmail.com. Думаю, асобам, зацікаўленым у пашырэнні рэпертуару ўласнага або рэпертуару калектыву будзе прасцей і лягчэй звязацца з  кампазітарам і атрымаць зборнік, ноты. Або папрасіць напісаць новую песню — спецыяльна для калектыву. Так што цікаўцеся і выконвайце! Агульнавядома: спяваць — сольна ці хорам — можа толькі шчаслівы чалавек.

Таццяна МІХАЙЛАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.