Вы тут

У Старым Раматове адкрылі новае лясніцтва


У Пажэжынскім лясніцтве на мінулым тыдні адбылася прыкметная падзея — у строй увялі новы аб'ект. Такім чынам лясніцтва справіла наваселле, а вёска Старое Раматова набыла сучаснае офіснае памяшканне і прасторны ўчастак узору сучаснага добраўпарадкавання.


— Для Маларыцкага лясгаса гэта падзея планавая, — сказаў карэспандэнту «Звязды» яго дырэктар Аляксандр ЗЯЛЁНКА. — Сваім работнікам стараемся забяспечваць добрыя ўмовы працы. Летась, напрыклад, новы адміністрацыйны будынак быў узведзены для суседняга Велікарыцкага лясніцтва. А ў Старым Раматове лясніцтва мяркуецца зрабіць своеасаблівым цэнтрам прафарыентацыйнай і асветніцкай работы. Тут будуць праходзіць экскурсіі для моладзі і школьнікаў, дзе юным наведвальнікам раскажуць аб прафесіі лесавода, пакажуць шмат чаго цікавага.

А паказаць у Пажэжынскім лясніцтве ёсць што. Менавіта тут знаходзіцца знакаміты цар-дуб узростам больш за 800 гадоў, помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Гэты дуб лічыцца самым старым у Беларусі. Ён такі не адзін, літаральна за некалькі кіламетраў ад яго расце дуб-патрыярх «Пажэжынскі». Гэты дуб, паводле ацэнкі спецыялістаў, на сто гадоў маладзейшы за старэйшага «брата». Мае вышыню каля сарака метраў, дыяметр ствала каля двух метраў. У цара-дуба названыя параметры яшчэ большыя. Да гэтых волатаў пастаянна едуць на экскурсію падарожнікі. Побач ёсць інфармацыйныя стэнды, але ж цікавей, вядома, калі экскурсію правядзе спецыяліст.

Таксама лесаводам ёсць што расказаць пра сваю работу. Лес — адно з асноўных прыродных багаццяў раёна. Расказваюць, што неаднойчы тыя, каму ўдавалася самалётам пралятаць над Маларытай, параўноўвалі невялікі райцэнтр з санаторыем. Горад так выглядае, бо размешчаны спрэс у лясах. На мове лічбаў гэта выходзіць такім чынам: пад лясным масівам занятыя 680 квадратных кіламетраў, а плошча, пакрытая лесам, налічвае больш за дзевяць тысяч гектараў. Так што работы пажэжынскім леснікам хапае. А галоўны ляснічы Брэсцкага лесагаспадарчага аб'яднання Аляксандр МАЦЮШЭЎСКІ, які прыехаў павіншаваць калег з наваселлем, адзначыў у якасці станоўчага фактару пастаянную аўтаматызацыю тэхналагічных працэсаў у Маларыцкім лясгасе. Сведчаннем дынамічнага развіцця галіны, паводле яго слоў, становіцца няспынны ўвод у эксплуатацыю новых аб'ектаў. Напрыклад, зусім нядаўна Баранавіцкі лясгас адкрыў новы цэх па распілоўцы лесу, на Пружаншчыне пабудавалі пелетны завод, які ўжо дае прадукцыю, на падыходзе іншыя аб'екты.

І хоць асобнае лясніцтва — не такі вялікі па значнасці аб'ект, але для канкрэтнага калектыву ды і для вёскі ў цэлым гэта, несумненна, падзея. Будынак узводзілі спецыялісты Маларыцкай ПМК-20. І новабудоўля ўпрыгожыла Старое Раматова. Памяшканне атрымалася прасторным і светлым, кабінеты абсталяваны камп'ютарнай тэхнікай, ёсць усё неабходнае для паспяховай работы. А элементы добраўпарадкавання сталі не толькі прыкладам для навакольных, але і своеасаблівай рэкламай прадукцыі. Па перыметры ўчастка высаджаны туі, якія паспяхова вырошчваюць у гадавальніках лясгаса.

Галоўны ляснічы Пажэжынскага лясніцтва Сяргей КАСЫНЮК сказаў, што былое памяшканне лясніцтва, якое размешчана побач з новым, можа быць выкарыстана ў далейшым у якасці службовага жылля.

— Некаторыя ў нашым калектыве могуць прэтэндаваць на званне ветэранаў галіны, сам, напрыклад, працую 31 год, бухгалтар Валянціна Мартысюк — 38 гадоў, але ж прыязджаюць і маладыя спецыялісты, — зазначае Сяргей Сяргеевіч. — Напрыклад, сёлета па размеркаванні да нас прыбыла памочнік ляснічага Анастасія Струнец. Пакуль што дзяўчына дабіраецца на работу за 10 кіламетраў. Патрэба ў службовым жыллі ёсць. У цэлым жа калектыў у нас дружны, працаздольны. Гэтым летам шмат давялося працаваць на ліквідацыі наступстваў урагану, які абрынуўся на нас 6 ліпеня. Зараз на парадку дня звычайныя лясныя клопаты, — заўважыў ляснічы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Маларыцкі раён

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: Для аховы дубоў-волатаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.

Калейдаскоп

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Мама - гэта галоўны чалавек у жыцці. Мама - гэта дабро і адданасць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. На гэтым тыдні планавыя мерапрыемствы могуць сарвацца, а вось тое, што будзе атрымлівацца спантанна, пройдзе выдатна. 

Грамадства

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

У разгары сезон журавін. Менавіта цяпер самы час назапасіць гэтых ягад на доўгі перыяд халадоў і прастуд.