Вы тут

Замест буралому новыя лясныя плантацыі


Для навядзення парадку пасля ўрагану, які прайшоўся ў сярэдзіне снежня па Беларусі, гродзенскім лясгасам спатрэбілася менш за два месяцы. Работа вялася хуткімі тэмпамі, было задзейнічана больш за 300 чалавек і дзясяткі адзінак спецыяльнай тэхнікі. Літаральна праз некалькі тыдняў пачнецца работа па ўзнаўленні пашкоджаных лясоў.


Гродзенскаму рэгіёну, можна сказаць, пашанцавала. Разгул стыхіі хоць і не абмінуў яго тэрыторыю, але пацярпелая плошча не такая вялікая, як у іншых абласцях краіны. Між тым, 63 гектары лесу аказаліся пад бураломам. Але не толькі. Як паведамілі ў абласным лесагаспадарчым аб'яднанні, у першую чаргу аператыўна вырашаліся пытанні па дрэвах, якія падалі на лініі электраперадачы ў лясных масівах. А такіх налічвалася амаль сотня. Яшчэ некалькі дзясяткаў дрэў прыйшлося хутка прыбраць з аўтамабільных дарог. Для выяўлення пашкоджаных участкаў задзейнічалі верталёты МНС і квадракоптары.

— Пасля таго як прайшлі дзве хвалі моцнага шквалістага ветру, былі арганізаваны агляды ляснога фонду. Абследаванне вялося як наземным спосабам, так і з паветра. Інфармацыя аб пашкоджаных участках накіроўвалася ў адпаведныя лясгасы, — паведаміў начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення Гродзенскага лесагаспадарчага аб'яднання Андрэй Буй.

Найбольш пацярпелі ад урагану лясы некаторых заходніх і паўночных раёнаў вобласці. На гэтых участках была праведзена суцэльная высечка ў аб'ёме каля дваццаці тысяч квадратных метраў. Акрамя таго, яшчэ столькі ж прыбрана адзінкавых паваленых і аварыйных дрэў. Работа вялася інтэнсіўна. Было задзейнічана некалькі дзясяткаў машын, у тым ліку харвестары, лесавозы, форвардары.

— Таксама мы далі магчымасць насельніцтву нарыхтоўваць на гэтых участках дровы сваімі сіламі. Многія так і зрабілі. Інфармацыя аб канкрэтных участках размяшчалася на афіцыйным сайце нашага аб'яднання, а таксама ў лясгасах па месцы жыхарства, — паясніў супрацоўнік ведамства.

Усе прынятыя меры дазволілі справіцца з наступствамі буралому ўжо да пачатку сакавіка. А на ўчастках, дзе адбылася суцэльная высечка, вясной пачнецца пасадка новых дрэў. Плануецца ўзнавіць усе 63 гектары пашкоджанай плошчы. У асноўным — традыцыйнымі хвойнымі і ліставымі пародамі. Пасадачны матэрыял вырошчваецца ў гадавальніках вобласці. Сёлета плануецца высадзіць каля 30 мільёнаў сеянцаў і саджанцаў.

Як расказала вядучы інжынер па лесааднаўленні Гродзенскага лесагаспадарчага аб'яднання Інга Уюнова, штогод у вобласці засаджваецца новымі дрэвамі да чатырох тысяч гектараў. Сёлета гэтая плошча будзе павялічана з-за пашкоджаных ветрам участкаў. Таксама пасадка вядзецца на малапрадукцыйных пашкоджаных землях, якія перадаюцца леснікам гаспадаркамі. Такія землі прымаюцца штогод.

— Гэта землі, якія ніяк не выкарыстоўваюцца, у асноўным няўдобіцы, дзе няма ніякіх пад'ездаў для сельскагаспадарчай тэхнікі, таму іх немагчыма апрацоўваць. Таксама ў лясны фонд пераходзяць адпрацаваныя кар'еры, тарфянікі, звалкі. Апошнім часам звалкі сталі актыўна ліквідавацца, на іх месцы таксама будзе пасаджаны лес, — адзначыла спецыяліст.

Трэба сказаць, што якраз гэтай вясной завяршаюцца пасадкі саджанцаў пасля разгулу яшчэ адной стыхіі, якая нанесла значныя страты лясному фонду. Амаль тры гады таму ў Гродзенскім раёне пажарам было знішчана 700 гектараў лесу. Узнаўленне вядзецца паступова, бо на гарэлай тэрыторыі адбываецца моцнае выдзяленне смалы, якая прываблівае шкодных насякомых. Таму пасадкі тут пачаліся толькі праз год. Дарэчы, з удзелам шырокага кола валанцёраў і многіх арганізацый ды ўстаноў. Агульнымі намаганнямі ўдалося амаль поўнасцю ўзнавіць згарэлы лес. У асноўным, такімі пародамі як хвоя і бяроза. Гэта тое, што расло тут да пажару.

Трэба сказаць, што пры аднаўленні лясоў існуе пералік парод, якія дазволена вырошчваць у лесе. У Гродзенскай вобласці пераважную плошчу займаюць хвойныя лясы. Таксама ў ліку найбольш распаўсюджаных — бяроза, елка, чорная вольха і дуб. Апошнім часам плануецца ўводзіць новыя пароды. Напрыклад, піхту белую. Пакуль такіх плантацый дзве ў вобласці, менавіта з іх у будучым плануецца сабраць насенне.

Дарэчы, у рэгіёне ёсць і свой лесанасенны цэх, дзе перапрацоўваюць хваёвыя і яловыя шышкі. Насенне захоўваецца ў халадзільніках і з'яўляецца стратэгічным запасам на будучыню. Бо не кожны год удаецца сабраць добры ўраджай, бывае і зусім «пусты» на насенне з-за нашэсця шкоднікаў альбо неспрыяльных кліматычных умоў.

І хоць тэрыторыя лясоў даволі значная — у Гродзенскай вобласці яна займае 38 % усёй плошчы — лясны фонд часта падвяргаецца ўплыву розных неспрыяльных знешніх фактараў. Гэта і бураломы, і пажары, і шкодныя насякомыя. Апошнім часам ўплыў аказвае змяненне клімату — пацяпленне адчуваюць хвойныя пароды дрэў. Таму ў вобласці актыўна вядзецца работа па лесааднаўленні. Штогод з'яўляецца 4-5 тысяч гектараў новых пасадак.

Добрай ініцыятывай па аднаўленні лясоў стала правядзенне штогадовага Тыдня лесу, да якога далучаюцца многія ўстановы, прадпрыемствы і проста нераўнадушныя грамадзяне. Сёлета акцыя па пасадцы стартуе ў пачатку красавіка. Інфармацыя аб яе правядзенні будзе даступная на сайтах лясгасаў і СМІ.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Каб зноў шумелі кроны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.