Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«...I любоў, з якой можна адолець усё»

Дзень мацi... У гэтае свята мы згадваем не толькi iх, нашых самых родных, але i тых, хто прыняў у сям'ю дзяцей-сiрот.

Галiна Iванаўна Мухiна з Баранавiчаў не думала, напрыклад, што некалi з вялiкай цеплынёй прытулiць да сябе чужога хлопчыка, забярэ яго ў свой дом з Навагрудскай школы-iнтэрната для дзяцей з цяжкiмi парушэннямi маўлення, парушэннямi псiхiчнага развiцця, цяжкасцямi ў навучаннi. Але ж так аднойчы сталася, аб чым нi сама жанчына, нi муж яе Iгар Уладзiмiравiч нiколькi не шкадуюць. Сваё рашэнне яны тлумачаць коратка i сцiпла: «А хiба можна было iнакш?»

Сяброўства з хлопчыкам пачалося восем гадоў таму. Сяргей стаў наведваць сям'ю ў выхадныя i святочныя днi, жыў на канiкулах. I гэтага было дастаткова, каб пераканацца, наколькi важная падтрымка старэйшых, адчуванне таго, што ў любой жыццёвай сiтуацыi табе ёсць да каго звярнуцца. У Галiны Iванаўны ды Iгара Уладзiмiравiча заўсёды хапала ўвагi i для сваiх сыноў-унукаў, i, вядома ж, для нечужога Сяргея: гаспадыня дома стала для яго прыкладам дабрынi i клопату, гаспадар жа стараўся навучыць падлетка ўсяму, што ўмее сам.

На пытанне, якiя парады Мухiны далi б iншым «прыёмным» бацькам, Галiна Iванаўна адказала так: «У выхаваннi, вiдаць, няма нейкiх унiверсальных правiлаў. Да кожнага дзiцяцi патрэбен свой падыход, свой ключык, i вельмi патрэбна цярпенне. Не варта чакаць хуткiх вынiкаў i перамен. Будзьце шчырыя, i дзецi адкажуць узаемнасцю. Любоў узрастае ў душах тых, хто iмкнецца яе памнажаць».

...I сапраўды, пасля заканчэння школы Сяргей паступiў у лiцэй машынабудавання, яму выдзелiлi пакой у iнтэрнаце, аднак сямейная рада вырашыла, што хлопец будзе жыць дома. У вольны ад заняткаў час ён дапамагаў па хатняй гаспадарцы, гатаваў абеды, у выхадныя днi наведваў царкву.

А сёлета, адвучыўшыся ў лiцэi, ён пайшоў працаваць на завод i зноў атрымаў пакой у iнтэрнаце. Галiна Iванаўна i Iгар Уладзiмiравiч дапамаглi зрабiць там рамонт, купiлi неабходную мэблю i бытавую тэхнiку. Аднак на пытанне, дзе ён будзе жыць, Сяргей з усмешкай адказаў: «Дома. А пакой нiкуды
не дзенецца».

Хлопец вельмi ўдзячны лёсу за новую сям'ю. Жыццё ў ёй зрабiла яго самастойным, навучыла з павагай ставiцца да старэйшых, цанiць блiзкiх i любоў, з якой можна адолець усе выпрабаваннi.

Iна Петушкова, выхавацель Навагрудскай спецыяльнай школы-iнтэрната


Для душы, для сям'i, для людзей

Аб тым, што наша Ганна Iванаўна Жданюк цудоўная майстрыха, я чула i раней, калi працавала ў школе i вучыла яе дзяцей... Але тады гэта жанчына толькi спрабавала, пачынала вышываць iконы. Цяпер жа...

У адзiн з пакояў заходзiш, як у музей, бо ўсе сцены там у абразах — вялiкiх, прыгожых, можна сказаць,шэдэўральных!

Над кожным з iх майстрыха працуе па тры-чатыры месяцы, потым едзе ў Маладзечна, купляе спецыяльны багет са шклом, дома выбiрае самае ўдалае месца, хоць гэта, вiдаць, i складана, бо вышывак на сценах ну вельмi шмат! Кожнага, хто заходзiць да гаспадынi-майстрыхi, яны сустракаюць яшчэ ў вiтальнi...

Не адстае ад жонкi i гаспадар. Ён шмат што ўмее рабiць сваiмi рукамi, i таму на падворку ў iх ну столькi розных цiкавiнак! Ёсць на што паглядзець, над чым паразважаць, чаму падзiвiцца. А найперш, вiдаць, — парадавацца руплiвасцi, стараннасцi ды шматлiкiм талентам нашых людзей, якiя i ў сталым веку не могуць сядзець склаўшы рукi, не марнуюць свой час, адмераны Богам, на прагляд пустых серыялаў — стараюцца нешта зрабiць. Для душы, для сваёй сям'i, для iншых людзей.

Вась такiя ў нас Жданюкi.

Галiна Пятроўская, в. Ардашы, Смаргонскi раён


Хто каго любiць, той таго чубiць?

У краме хай невялiчкая, але ж чарга. Людзi стаяць спакойна, трымаюць бяспечную дыстанцыю. Аднак не ўсе: мужчына, якi толькi што зайшоў, спакойна кiруе да вабнай маладзiцы...

— Не наблiжайся, — строга загадвае тая.

— Гэта з чаго б? — здзiўляецца мужчына.

— А то не ведаеш: вiрус ходзiць...

— Бач ты: учора вечарам ён табе не замiнаў, а сёння ўжо «не наблiжайся»... Ну i не буду...

Мужчына, як выглядае, крыўдзiцца i сыходзiць. Дай бог, толькi да вечара!

Соф'я Атрохава, Слуцкi раён


Завітайце ў Завітанскі лес

Кажуць, што найлепшая з кнiг — прырода, вось толькi пiшацца яна асаблiвай мовай, якую трэба яшчэ вывучаць. Якраз для гэтага клопатам раённага ўпраўлення па адукацыi, аддзела па надзвычайных сiтуацыях, дэпартамента аховы, камунальнiкаў i iншых устаноў у нашым Завiтанскiм лесе створаны прагулачна-пазнавальны маршрут.

На пачатку яго — драўляныя вароты, стэнды, якiя паведамляюць аб тым, што можна будзе пабачыць. Далей — сцяжына, усланая сасновымi шчэпкамi i ўпрыгожаная мудрымi выслоўямi, якая знаёмiць з унiкальнай прыродай Беларусi, яе жывёльным i раслiнным светам. Прычым робiць гэта вельмi цiкава. На адной з палянак, напрыклад, вывешаны кавалкi дрэў — стукнуўшы па якiм-небудзь з iх драўляным малатком, можна пачуць адмысловы гук.

Далей, сярод пянькоў ды грыбкоў, соў i савянят, зробленых з прыродных матэрыялаў, — альтанка, на дрэве — русалка, унiзе кот, куфар са скарбамi. На маляўнiчых стэндах — iнфармацыя пра птушак ды iншых насельнiкаў нашых лясоў: пра страказу, якая можа лятаць з хуткасцю 57 кiламетраў у гадзiну; пчол, якiм трэба зрабiць 10 мiльёнаў вылетаў, каб сабраць паўкiлаграма мёду…

Такiх вось досыць нечаканых адкрыццяў на экалагiчнай сцяжыне шмат, як i розных фiгурак, зробленых рукамi нашых таленавiтых умельцаў з саломы, дроту, моху, дошак...

Убачылi мы i «куточак здароўя» з адмысловай сцяжынай для хадзьбы басанож ды iншымi карыснымi цiкавiнкамi, «палянку бяспекi» з пажарнай бочкай, канём (матэрыялы — дрэва i салома), з калодзежам, звонам, утульнай альтанкай з патрэбнымi i запамiнальнымi падказкамi наконт таго, што рабiць, калi заблукаў, як дзейнiчаць у надзвычайных сiтуацыях, як ратавацца ад укусаў насякомых. Як для дарослых, так i для дзяцей цiкавыя будуць «лясная аптэка» з гаючымi травамi, паляна з валунамi, кампазiцыя «Беласнежка i сем гномаў», «Дванаццаць месяцаў», рэзiдэнцыя бабы Ягi...

Зрэшты, усе цуды Завiтанскага лесу пералiчыць немагчыма, iх варта ўбачыць. Для нас, людзей сталага веку, прагулку па экалагiчнай сцяжыне арганiзаваў раённы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання. I яна была настолькi цiкавая ды карысная, што нiхто не стамiўся i нават не заўважыў пройдзеных кiламетраў.

Раiса Хвiр, г. Нясвiж.

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю: invodigital.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.