Вы тут

Чаму ў Чачэнскай Рэспублiцы такая нiзкая захваральнасць на COVID-19


Сiтуацыя з каранавiрусам у Чачэнскай Рэспублiцы адна з самых спакойных, калi параўноўваць з iншымi рэгiёнамi Расii. Афiцыйныя ўлады тлумачаць гэта старанным выкананнем прафiлактычных мер, у прыватнасцi, нашэннем масак. Мясцовыя жыхары дадаюць, што многiя з iх перахварэлi падчас першай хвалi. Ну i, нарэшце, надвор'е на Паўночным Каўказе пакуль настолькi цёплае, што мы, жыхары паўночнага рэгiёна, можам лiчыць яго амаль летнiм.

Падчас прэс-тура для беларускiх i саюзных СМI, арганiзаванага Пастаянным камiтэтам Саюзнай дзяржавы сумесна з МIА «Россия сегодня» i Нацыянальным прэс-цэнтрам Рэспублiкi Беларусь, мы высветлiлi, чаму Чачэнская Рэспублiка лiчыцца адным з самых узорных рэгiёнаў у выкананнi прафiлактычных мер. Магчыма, не ўсе яны ўнiверсальныя, але павучальныя — дакладна.


Грозны пачынаецца з аэрапорта. Натуральна, яшчэ ў самалёце «Масква—Грозны» некалькi разоў гучаць напамiны пра тое, што маску можна зняць толькi падчас ужывання ежы, увесь астатнi час яна павiнна быць надзета, прычым так, каб прыкрываць нос i рот. Сцюардэсы ўважлiва за гэтым сочаць i, здаецца, цяпер па некалькi разоў правяраюць не толькi прышпiленыя рамянi бяспекi, але i наяўнасць маскi на твары. Паколькi пасажыраў у самалёце няшмат, рассадка ў салоне адпаведная — сярэднi рад крэслаў не заняты, таму людзi знаходзяцца адзiн ад аднаго на адлегласцi. Аб'явы пра неабходнасць нашэння масак гучаць i ў аэрапорце — на яго тэрыторыi таксама нельга знаходзiцца без iх.

Наступны пункт — гасцiнiца, дзе зноў жа ўвесь персанал ад супрацоўнiкаў на рэсэпшэне да афiцыянтаў у кафэ заўсёды ў масках. На прадпрыемствах, якiя нам давялося наведаць, нагадваюць, што мы як наведвальнiкi павiнны не забываць пра сродкi аховы — маскi i аднаразовыя пальчаткi. У масках працуе i персанал. Адзiн з фатографаў просiць зняць маску для фотаздымкаў дырэктара Грозненскай цеплаэлектрастанцыi, на што той адказвае, што гэта немагчыма. Бо згодна з распараджэннямi Расспажыўнагляду, на тэрыторыi прадпрыемства ён можа знаходзiцца без маскi ў адзiным месцы — сваiм кабiнеце, прычым толькi тады, калi там няма наведвальнiкаў.

На ўваходзе на некаторыя аб'екты, у прыватнасцi, на тую ж цеплаэлектрастанцыю, у журналiстаў вымяраюць тэмпературу. Усюды прапануюць апрацаваць рукi антысептыкам. Апошнi, дарэчы, беларускай вытворчасцi знаходзiм на цяплiчным камбiнаце «Поўдзень АграХолдынг».

— Мы, канешне, баiмся каранавiруса, хоць многiя з нас перанеслi яго падчас першай хвалi. Але хварэлi ў лёгкай форме, i невядома, цi з'явiўся iмунiтэт. Таму стараемся сябе абаранiць — носiм маскi, — дзелiцца супрацоўнiца мясцовай тэлерадыёкампанii ЧДТРК «Грозны».

Музеi, маршруткi, рэстараны — вы ўсюды павiнны насiць маску. Калi раптам няма сваёй, вам яе ветлiва прапануюць. Прыклад насельнiцтву падаюць прадстаўнiкi ўлады. Тыя ж супрацоўнiкi палiцыi i дзяржаўтаiнспекцыi, што патрулююць вулiцы Грознага, заўсёды ў масках, нягледзячы на тое, што знаходзяцца на адкрытым паветры. А дзяўчына-экскурсавод нават «дапрацавала» хустку, якая пакрывае галаву — цяпер у ёй маюцца невялiкiя адтулiны для гумак ад маскi.

Незвычайную карцiну назiраем на цэнтральнай плошчы Грознага — плошчы Ахмата Кадырава. Да тых, хто тут адпачывае на арэлях, падыходзяць людзi ў медыцынскiх ахоўных касцюмах. Яны аказалiся не дэзынфектарамi, як мы спачатку памылкова вырашылi, а валанцёрамi чачэнскага рэгiянальнага аддзялення Усерасiйскай грамадскай арганiзацыi «Маладая гвардыя адзiнай Расii». Маладыя людзi прапануюць адпачываючым маскi i нагадваюць пра правiлы прафiлактыкi каранавiруснай iнфекцыi.
I трымаюць плакаты з немудрагелiстымi заклiкамi: «Насiце маскi. Беражыце здароўе». Валанцёры тлумачаць, што такiя акцыi яны праводзяць у месцах, папулярных у гараджан, рэгулярна.

Мячэцi таксама не сталi выключэннем для прафiлактычных мер. Калектыўныя малiтвы (а самыя масавыя тут прынятыя па пятнiцах) адбываюцца з утрыманнем дыстанцыi. Прычым на дыванах для веруючых нанесена спецыяльная разметка. Масачны рэжым тут асаблiва важны — у мячэцях шмат людзей сталага веку.

Многiя мерапрыемствы, спаборнiцтвы, цяпер праводзяцца без гледачоў — у прыватнасцi, XIII Адкрыты чэмпiянат Чачэнскай Рэспублiкi па тактычнай стральбе, якi прайшоў у кастрычнiку на базе Расiйскага ўнiверсiтэта спецназа ў Гудэрмесе. Дарэчы, летась беларусы выйгралi гэтыя спаборнiцтвы. Сёлета з прычыны пандэмii нашы каманды не змаглi прыехаць. Здароўе ўсё ж даражэйшае.

Алена КРАВЕЦ, г. Грозны

Фота Палiны Цiмафеевай, Нацыянальны прэс-цэнтр Рэспублiкi Беларусь

Загаловак у газеце: Не расслабляцца, нягледзячы нi на што!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.