Вы тут

Мікалай Чаргінец. Жыцця і лёсу сувязная ніць


Магчымасць зносін, не проста на ўзроўні рабочых момантаў, а менавіта з нагоды напісання артыкула пра старшыню Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца — чалавека-легенды ва ўсіх сэнсах гэтага слова, — стала для мяне падарункам.


Фота Кастуся Дробава.

Калі я была зусім маленькай, часта чула прозвішча Чаргінец. Памятаю, як мой старэйшы брат, які захапляўся футболам, падчас трансляцыі матчаў усклікаў з захапленнем: «Гэта ж сам Чаргінец!»

І нават праз шмат гадоў, сутыкаючыся з Мікалаем Іванавічам на пісьменніцкіх мерапрыемствах, ніякім чынам не магла нават падумаць, што гэта той самы знакаміты футбаліст, прозвішча якога так надоўга захавала дзіцячая памяць.

І толькі калі мой суразмоўца пачаў свае дзіцячыя ўспаміны, я зразумела, як шмат здольна захаваць дзіцячая памяць.

— Калі пачалася вайна, мне было ўсяго чатыры гады, але некаторыя моманты, асабліва пачатку, памятаю так выразна, нібы гэта было ўчора, а я і не быў тым маленькім...

Ад зусім недзіцячых успамінаў Мікалая Іванавіча пра вайну ў мяне мароз па скуры. І незразумела, як мог вытрымаць маленькі хлопчык, калі на яго вачах фашыст забіў немаўля-сястрычку якраз у той момант, калі мама карміла яе грудзьмі? Як мог перажыць смерць свайго сябра, якога таксама ў яго на вачах забіў п’яны фашыст? Толькі за тое, што дзеці адважыліся папрасіць цукерку — рэдкі тады ласунак. Сам ён цудам застаўся жывы. І яшчэ шмат пытанняў, на якія я не магла сабе ні адказаць, ні ўявіць, што такое наогул магчыма. Хоць, памятаючы расповед сваёй маці, на вачах якой спалілі амаль усю яе сям’ю разам з жыхарамі некалькіх навакольных паселішчаў, напэўна, не варта было б здзіўляцца лютасці фашыстаў, аднак успаміны Мікалая Іванавіча перапоўнілі і гэтую чашу…

Тады мне ўспомніўся адзін эпізод з жыцця, калі я абараняла дысертацыю: там была частка, дзе апісвалася жорсткасць фашысцкіх акупантаў на тэрыторыі Беларусі. Адзін з маіх апанентаў напісаў у водгуку, што «аўтар не мае рацыі, бо зусім не паказала ў сваёй дысертацыі гуманнасць нямецкіх салдат, якія былі асабліва добрымі да дзяцей».

Так, згодна, здараліся адзінкавыя выпадкі, калі нямецкія салдаты маглі праявіць спачуванне да дзяцей. Але ў Мікалая Іванавіча ёсць кніга «Аперацыя “Кроў”», якая распавядае пра падзеі, што адбываліся ў гады вайны ў Беларусі. Для напісання аўтар выкарыстоўваў архіўныя дакументы, таму праўдзівасць кнігі аспрэчыць нельга. Дык вось майму апаненту я проста параіла б прачытаць твор, у якім апісваюцца так званыя «дзіцячыя інтэрнаты», куды з усіх акупіраваных тэрыторый звозілі дзяцей, каб узяць кроў для нямецкіх параненых.

Слухаючы ўспаміны Мікалая Іванавіча пра вайну, увесь жах не проста разумееш, а адчуваеш. Жывы прыклад — расповед Мікалая Іванавіча пра яго сястру, якую фашысты арыштавалі за дапамогу партызанам. Падчас катаванняў ёй ламалі рукі і ногі, нявечылі твар. Яна цудам выжыла, але не спазнала ні жаночага, ні мацярынскага шчасця і ў маладым узросце сышла з жыцця... Ды шмат яшчэ чаго, што засталося ў недзіцячай памяці маленькага Колі.

Але час не стаяў на месцы. Дзеці вайны вярталіся да звычайнага мірнага жыцця. Мікалай вольны час з задавальненнем ганяў у двары набіты саломай мяч. І аднойчы да яго падышоў мужчына, які неўпрыкмет назіраў за гульнёй хлопчыкаў, і прапанаваў Мікалаю паспрабаваць свае сілы ў футболе. Гэта быў галоўны трэнер каманды «Спартак».

Пачаўся новы этап у жыцці Мікалая Чаргінца.

— Аднойчы адбылася невялікая падзея, якая перавярнула не толькі маю свядомасць, але і ўсё жыццё. Я  быў ужо даволі вядомы ў футбольным асяроддзі... У  той час усім спартсменам абавязкова трэба было дзесьці працаваць. І аднойчы, пасля змены на заводзе, мне давялося ісці дамоў пешшу, — амаль 12 кіламетраў. Памятаю, што купіў газету «Правда» і за дарогу ўсю яе прачытаў.

Чытаць ідучы Мікалаю было нескладана: у камандзе нападаючы, ён меў добры перыферычны зрок.

Нечакана зрабіў для сябе выснову, што пісаць — гэта выдатна. Менавіта падчас шпацыру да яго прыйшло жаданне напісаць штосьці самому.

Да гэтага часу ў яго жыцці ўсё склалася: вядомы ў Беларусі і ў СССР футбаліст, якога запрашалі да сябе розныя вядучыя спартыўныя каманды, дом, сям’я… Аднак хацелася чагосьці яшчэ... Па родзе дзейнасці даводзілася шмат ездзіць, а час у дарозе бавіў з кнігай.

— Чытаў вельмі шмат, часам без разбору, бо, скончыўшы вячэрнюю школу, дзе на ўроках хацелася толькі спаць, многа чаго прапусціў, — зазначыў Мікалай Іванавіч. — Якая там вучоба, калі цэлы дзень то на працы, то на трэніроўках… І менавіта ў паездках пачалася мая самаадукацыя. Я зразумеў: трэба вучыцца далей.

Першая адукацыя Мікалая Чаргінца — Мінская футбольная школа моладзі, дзе атрымліваў значную па тым часе стыпендыю.

— Калі прынёс дахаты першую стыпендыю, а гэта цэлых 800 рублёў пры тым, што бацька атрымліваў 1100 рублёў, маці расплакалася… Вядома, для нашай вялікай сям’і, дзе было шасцёра дзяцей і тата інвалід вайны, — гэта істотны дадатак.

Мікалай Чаргінец удзельнічаў у міжнародных футбольных матчах, у якасці ўзнагароды пабываў у Кітаі і Карэі, што было для тых гадоў фантастыкай.

— Усюды, куды б ні прыехалі, нас сустракалі па найвышэйшым разрадзе. З самалёта, цягніка, машын выносілі на руках.

Наступны этап у спартыўнай кар’еры — гульня ў камандзе кіеўскага «Дынама», куды Мікалая запрасіў яе галоўны трэнер Кастусь Шчагоцкі. Ішоў 1958 год...

Лёс закінуў яго ў горад Вінніцу, у толькі што сфарміраваную каманду «Лакаматыў». Там жа ён забіў свой першы гол, які ўвайшоў у гісторыю Вінніцы.

Быў яшчэ адзін этап у яго футбольнай кар’еры — горад Кішынёў, дзе гуляў у камандзе «Малдова», ужо на міжнародным узроўні.

Затым ізноў вярнуўся ў родны Мінск. І ўжо тут, будучы ў камандзе майстроў, паступіў у Вышэйшую школу футбольных трэнераў пры Мінскім інстытуце фізкультуры.

— Я ўжо разумеў, што футбол футболам, а адукацыя для жыцця проста неабходна. Было шмат прыкладаў, калі выдатныя футбалісты заставаліся на ўзбочыне жыцця.

Яго працоўны дзень быў распісаны па хвілінах: раніцай — трэніроўка, потым — вучоба, зноў трэніроўка. Па вечарах, як і ўсе студэнты таго часу, удзельнічаў у патруліраванні вячэрняй сталіцы. Аднойчы нават удзельнічаў у затрыманні небяспечнага рэцыдывіста.

— Мне так спадабалася лавіць бандытаў! Калі пра гэты выпадак яшчэ і распавялі ў адной з тэлевізійных праграм, адчуў сябе героем. І вырашыў, што буду працаваць у міліцыі, і не проста ў міліцыі, а менавіта ў крымінальным вышуку.

Але акрамя мары — стаць супрацоўнікам крымінальнага вышуку, у яго было яшчэ адно жаданне  — пісаць. І хоць першыя спробы пяра ўжо адбыліся, хацелася займацца гэтым прафесійна.

— Жадаў шмат чаго: працаваць у крымінальным вышуку, пісаць, вучыцца, стаць спартыўным журналістам, каментатарам. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі, прыняў яшчэ адно лёсавызначальнае рашэнне  — развітацца з футболам.

— Зразумеў адно: этап футбольнай гульні ў  маім жыцці скончыўся, — успамінае Мікалай Іванавіч. — Мяне ўгаворваў застацца ў «Дынама» сам Пётр Міронавіч Машэраў... Вырашылі, што сыходжу таму, што ў мяне штосьці не заладзілася ў жыцці.

Аднак нават угаворы знакамітых людзей не змаглі змяніць рашэння.

Каб быў час для творчасці, Мікалай Іванавіч пераводзіцца на завочнае аддзяленне і вяртаецца на завод. Гэта здарылася якраз у той час, калі выйшла пастанова аб умацаванні органаў правапарадку прадстаўнікамі працоўнага класа, якая дапамагла спраўдзіцца яшчэ адной яго мары — працаваць у крымінальным вышуку.

— Мяне выпраўлялі ўсім заводам. На агульным сходзе давалі наказ, бо праца ў крымінальным вышуку лічылася вельмі ганаровай. Жаданне стаць спартыўным каментатарам адышло на другі план.

Мікалай Чаргінец пераводзіцца з журфака на юрыдычны факультэт — такім чынам, змог працаваць у крымінальным вышуку ў якасці пачынаючага спецыяліста.

Яму пашанцавала: працоўнае месца размяшчалася насупраць стала Уладзіміра Камышава, вядомага ў той час спецыяліста беларускага крымінальнага вышуку, які і дапамог унікнуць у тонкасці новай справы. Менавіта тады Мікалай Чаргінец напісаў першыя кнігі. Некаторыя неардынарныя выпадкі з практыкі выкарыстаў для напісання сваіх твораў. Неўзабаве атрымаў і першую прафесійную ўзнагароду — медаль «За выдатную службу па ахове грамадскага парадку». А праз некаторы час стаў старшым оперупаўнаважаным, потым — начальнікам крымінальнага вышуку МУС Беларусі. Не адзін раз быў адзначаны як найлепшы оперупаўнаважаны горада Мінска, БССР і СССР.

 Шмат чаго было ў жыцці Мікалая Іванавіча. Прайшоў Афганістан, зведаўшы ўсе нягоды той вайны. Яго жыццё багатае на падзеі. Пра гэта лепш за ўсё гавораць узнагароды, сярод якіх — 12 ордэнаў, у тым ліку ордэн Чырвонага Сцяга і два ордэны Чырвонай Зоркі. У 2005 годзе Міжнародны бібліяграфічны Кембрыджскі цэнтр уганараваў яго званнем «Міжнародны прафесіянал 2005 года».

Сёння генерал-лейтэнант МУС Мікалай Чаргінец  — старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. У свой час ён быў членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 1, 2 і 3 скліканняў. Пры гэтым знаходзіў магчымасці для грамадскай і навуковай дзейнасці. На яго рахунку — больш як 20 мастацкіх кніг і гэтулькі ж навуковых, бо нездарма абараніў кандыдацкую дысертацыю, атрымаўшы навуковае званне кандыдата юрыдычных навук.

Займаючы шматлікія адказныя пасты, ён ніколі не пераставаў пісаць. Правобразамі герояў часта былі рэальныя людзі і падзеі, з якімі ён сутыкаўся падчас службы. Усё напісанае ім выклікала ў чытачоў непадробную цікавасць, таму яго не трэба было раскручваць, як сённяшніх аўтараў. Ён зрабіў сябе сам — талентам і шырынёй мыслення. Па сваіх творах напісаў некалькі сцэнарыяў да фільмаў, а кніга «За секунду да выстралу» ўвайшла ў школьную праграму.

Кнігі — гэта быццам крок у вечнасць. Бо жыццё герояў, пра якіх так проста і таленавіта распавядае Мікалай Чаргінец, застанецца назаўсёды.

Надзея ДРАБЫШЭЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.