Вы тут

«Мама, дай два рублі!»


Мы гасцюем у свекрыві. Збіраемся на вуліцу пагуляць, як бабуля Аліна просіць зайсці ў краму і набыць такія-сякія прадукты. Не паспелі апамятацца, як перад намі з'явіліся дзве дзесяцірублёвыя купюры. Мой двухгадовы сын схапіў іх і падзяліў пароўну: «Маме адну і Цёму адну». Мы, вядома, пасмяяліся з такога разумніка, але грошы з яго маленькай кішэнькі я ўсё ж такі дастала. Цяпер вось думаю: ці правільна зрабіла?


Якраз у «Звяздзе» нядаўна пісалі, што псіхолагі раяць прывучаць дзяцей да кішэнных грошай з маленства. Рэкамендуюць даваць дзіцяці кішэнныя грошы ўжо ў пачатковых класах. Праўда, з удакладненнем, што адны без пяці хвілін «выпускнікі» дзіцячага садка ўжо ўмеюць карыстацца грашыма па назначэнні, у той час як некаторыя старэйшыя за іх дзеці, ужо школьнікі, не разумеюць, для чаго патрэбныя гэтыя рознакаляровыя паперкі ды ўсялякіх калібраў манеты.

Майму Цёміку даравальна, калі, гуляючы побач з крамай, ён падыходзіць да патрэбных дзвярэй і кажа: «Хачу цукерку!» І часцей за ўсё гэта адбываецца тады, калі ў мяне няма з сабой ні наяўных, ні банкаўскай карткі. Я тлумачу, што грошай не маю, таму мы проста не зможам разлічыцца ў краме. Цёма ж мяне пераконвае, што «цёця за прылаўкам», іншымі словамі, прадавачка, і так дасць яму тое, што ён пажадае. І я ўжо не маю сілы з ім спрачацца: сапраўды, так яно і ёсць, толькі малы дагэтуль не заўважаў, што ў абмен наўзамен на чупа-чупс я даю гэтай «добранькай» цёці грошы.

Але так было летам. Прайшло ўсяго некалькі месяцаў, як каля тых жа дзвярэй малы пытаецца: «Мама, ёсць грошы?» Альбо ўжо каля патрэбнай паліцы, з якой ён хапае свой любімы чупа-чупс, вінавата падымаюцца вочкі, і да мяне даносіцца: «Мама, дай два рублі!» Сёння Арцёмку – два з паловай. Ён разумее, што ў краме проста так ніхто нічога не дае, і нават ведае, што можна купіць за два рублі. Але ён па-ранейшаму малы для кішэнных грошай.

Я не памятаю, каб яны ўвогуле ў дзяцінстве былі ў мяне. У дзіцячым садку нават уявіць такое не маглі. У школе абедаў, аплачаных на месяц уперад, хапала. Неабходнасці хадзіць у буфет не было – школа ўсяго ў нейкім кіламетры ад дома. Вядома, ужо ў ьстарэйшых класах хацелася купіць тую ж жуйку ці газіроўку, што бацькі не вельмі ўхвалялі. Даводзілася выкручвацца з сітуацыі: часам не аддаваць усю рэшту бацькам, калі яны даручалі мне нешта купіць у краме. Толькі ці не падман ужо гэта? Недададзеных рублёў бацькі мае не заўважалі, бо брала я вельмі мала, а чэкаў гадоў дваццаць таму ў нашай сельскай краме не выдавалі. Але ці хацела б я, каб так рабіла маё дзіця? Напэўна, не. Лепш самой пакласці яму ў кішэню грошы: няхай вучыцца самастойна распараджацца імі,
а галоўнае, не ашуквае блізкіх.

З іншага боку, калі запаветныя рублі будуць з'яўляцца там рэгулярна, ці зразумее мой сын каштоўнасць гэтых грошай? Ці навучыцца іх берагчы? Бо, як правіла, гэты навык прыходзіць толькі тады, калі здабываеш грошы ўласнай працай. Як мы ў сярэдніх класах — на бураках ці бульбе, якую наша школа рэгулярна дапамагала выбіраць калгасу. Альбо падчас летняй практыкі, калі ў той час, як твае равеснікі, якія прыехалі ў вёску з горада, купаюцца ў возеры і гойсаюць на роварах, ты полеш усё тыя ж буракі і бульбу, збіраеш у полі камяні ды кідаеш у прычэп трактара... Затое якое шчасце было атрымаць заробленую табой капейку! Праўда, пасля такой нялёгкай працы, якая адымала амаль месяц канікулаў, атрыманыя грошы шкада было пераводзіць у разрад кішэнных. Як правіла, мы ехалі з матуляй у горад і набывалі мне такую доўгачаканую абноўку. А калі ўжо на дзень нараджэння дарылі грошы, што ў маім дзяцінстве рэдкасць, то яны таксама на драбязу не разыходзіліся. Памятаю, як з такіх падарункаў назбірала сабе на першы мабільны тэлефон.

Сённяшніх дзяцей грашыма не здзівіш. Мае хроснікі ўжо даўно не заказваюць сабе на Вялікдзень падарункі: ім патрэбны выключна грошы. І паболей, бо менш каштоўныя купюры ім штотыдзень даюць на дробныя расходы бацькі. Вось ізноў задумалася: у колькі ж Цёміку пачаць класці ў кішэньку грошы і ці рабіць гэта ўвогуле?..

Вераніка КАНЮТА

Фота: charysh.kz

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.