Вы тут

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»


Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны. Яна пройдзе з 25 лістапада да 4 снежня. Пра гэта паведаміў старшы інспектар па асобых даручэннях аддзялення арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху ДАІ МУС Рэспублікі Беларусь Аляксандр Бруй.


Прадстаўнік ДАІ таксама адзначыў, што з 2015 года на заканадаўчым узроўні замацавана абавязковае выкарыстанне зімовых шын на транспартным сродку ў перыяд з 1 снежня да 1 сакавіка. Падрыхтоўку да зімовых умоў павінен прайсці кожны аўтамабіль. Патрабаванне да зімовых шын аўтамабіляў: вышыня рэльефа пратэктара павінна быць не менш за 4 мм.

Аляксандр Бруй дадаў, што з надыходам зімы, калі выпадае снег, хуткасць патоку таксама падае. Адказныя кіроўцы рыхтуюць свае аўтамабілі да зімы, мяняюць манеру язды — зніжаюць хуткасць, пазбягаюць лішніх перастраенняў. Але, на жаль, «дзень бляхара» гэта не адмяняе. Пры гэтым адзначаецца рост дробных дарожных здарэнняў, у якіх пакутуюць толькі аўтамабілі. У той жа час сур'ёзна зніжаецца колькасць ДТЗ, у якіх церпяць людзі. Але зноў жа гэта ўсё актуальна ў пэўныя дні.

План «Надвор'е» і нумар 125

Старшы інспектар па асобых даручэннях аддзела арганізацыі дарожнага руху і дарожнай інспекцыі ДАІ МУС Вадзім Філончык адзначыў, што перад пачаткам зімовага сезона ажыццяўляецца маніторынг гатоўнасці арганізацый камунальнай гаспадаркі да работы ў складаны перыяд. У гэты час вывучаюцца пытанні аднаўлення дарожнага пакрыцця, правяраецца нарыхтоўка процігалалёдных матэрыялаў, гатоўнасць дарожнай тэхнікі, устаноўка папераджальных дарожных знакаў і іншыя.

У цэлым, работа арганізацый дарожна-камунальнай гаспадаркі па падрыхтоўцы да зімовага сезона выканана. У тэрытарыяльных падраздзяленнях ДАІ штогод распрацоўваецца комплекс неадкладных мерапрыемстваў і дзеянняў у складаных умовах надвор'я (План «Надвор'е»). Вызначаны супрацоўнікі, якія адказваюць за канкрэтныя ўчасткі аўтамабільных дарог, кантактныя тэлефоны дыспетчарскіх службаў.

Прадстаўнік аўтаінспекцыі заявіў, што ў выпадках узнікнення непрадбачаных абставін, звязаных з пагаршэннем дарожнага пакрыцця, якія павышаюць аварыйнасць, рэкамендуецца паведамляць інфармацыю па нумарах тэлефонаў 125 альбо 102. Спецыяльныя службы аператыўна рэагуюць на інфармацыю, якая паступае ад удзельнікаў дарожнага руху, і прымаюць неабходныя меры.

Ён, у прыватнасці, адзначыў, што колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з прычыны няспраўнасці аўтамабіляў невысокая. Тым не менш наяўнасць зімовых шын і іх стан у зімовы перыяд правяраецца з асаблівай увагай падчас тэхагляду. Там жа правяраецца і работа шклоачышчальнікаў і шклоамывальнікаў, працаздольнасць якіх зімой мае важнае значэнне для бяспекі.

Тэхніка, пясок і соль

Міністэрствам транспарту і камунікацый распрацаваны комплекс арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы аўтамабільных дарог і арганізацый да работы ў асенне-зімовы перыяд. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтадарог Міністэрства транспарту і камунікацый Рыгор Глазко.

У кожнай эксплуатацыйнай арганізацыі рэспубліканскіх аўтамабільных дарог праведзена адпаведная інжынерная падрыхтоўка. У прыватнасці, падрыхтавана і запланавана работа 60 адзінак ротарнай тэхнікі, 653 адзінак пясчана-размеркавальнай тэхнікі, 945 адзінак снегаачышчальнай тэхнікі, у тым ліку 150 аўтагрэйдараў і 592 трактары. Для якаснай работы ў асенне-зімовы перыяд штогод арганізацыі міністэрства нарыхтоўваюць 387 тысяч тон пясчана-салявой сумесі, 182 тысячы тон тэхнічнай солі, 186 тысяч тон чыстай солі.

Вываз снегу ў Мінску — на 9 пляцовак

Намеснік гендырэктара ДВА «Гаррамаўтадар» Мінгарвыканкама Уладзімір Латушкін упэўнены ў тым, што ўсе гарадскія службы, якія забяспечваюць якасны стан вулічна-дарожнай сеткі горада Мінска ў зімовы перыяд, знаходзяцца ў рабочым стане. Тэхніка ў колькасці 763 адзінак падрыхтавана да работы ў поўным аб'ёме: праведзена тэхабслугоўванне і атэстацыя на нормы размеркавання.

Таксама заключаныя дагаворы з іншымі арганізацыямі на выкарыстанне спецтэхнікі, у прыватнасці на вываз снегу. Вываз снегу ў Мінску будзе ажыццяўляцца на 9 асноўных і рэзервовых пляцовак. Таксама будзе ажыццяўляцца ўтылізацыя снегу на снегаплавільным пункце. Па стане на 20 лістапада ў Мінску нарыхтавана 32 тысячы тон пясчана-салявых сумесяў (60 % ад агульнай патрэбы). Увогуле на зіму Мінску патрэбна 48,5 тысячы тон чыстай солі і 54 тысячы тон пясчана-салявой сумесі.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.