Вы тут

Дыскатэка для зданяў мінулага


Постпанк — гэта музыка канцэнтраванага змроку. Ён нарадзіўся на туманных шэра-карычневых вуліцах Манчэстэра, які ўжо паспеў перажыць урбаністычную і прамысловую рэвалюцыі, але пры гэтым ледзь-ледзь змог справіцца з крызісам другой паловы ХХ стагоддзя. І ў гэты час у далёка не самых добрых раёнах Манчэстэра з’явіліся хлопцы, якія, адчуваючы ўласную непатрэбнасць, вырашылі ўсе самыя песімістычныя, экзістэнцыяльныя думкі пакласці на манатонную гітарную музыку, каб увесь свет даведаўся пра тое, наколькі бязвыхадным можа быць жыццё зусім яшчэ маладых людзей.


Як вядома, брытанская музыка мае адну дзіўную ўласцівасць, якой зайздросцяць усе астатнія індустрыі, нават такіх буйных краін-пастаўшчыкоў медыяпрадукту на сусветны рынак, як ЗША. Уласцівасць гэтая заключаецца ў тым, што, якой бы спецыфічнай часам ні здавалася брытанская музыка, якімі б дзіўнымі ні былі прадстаўнікі брытанскай сцэны, тым не менш, у іх усё адно атрымліваецца стаць папулярнымі не толькі ў  межах Вялікабрытаніі, але і па ўсім свеце. І гаворка тут не толькі пра непасрэдна «Брытанскае ўварванне» другой паловы 60-х гадоў мінулага стагоддзя, калі на сусветным рынку з’явіліся The Beatles, The Zombies, The Rolling Stones, The Who, The Kinks, The Animals і многія іншыя. Бліжэй да канца ХХ стагоддзя брытанскія групы працягвалі пакараць свет, нават калі гэта былі групы такога жанру, як брыт-поп, чыя назва ўжо гаворыць сама за сябе. Аднак калі поспех The Beatles або The Rolling Stones можна было прадказаць, як, зрэшты, і поспех брыт-поп-гурта Oasis або іх галоўных супернікаў Blur (мяккая гітарная музыка з лёгкім псіхадэлічным ухілам і цяпер вельмі папулярная), то вось ад родапачынальнікаў постпанку — Joy Division — сусветнай вядомасці ніхто не чакаў.

Бо, здавалася б, каму можа быць цікавая настолькі песімістычная і  цяжкая ў эмацыянальным сэнсе музыка, якая да таго ж не мае разнастайнасці мастацкіх прыёмаў як у плане гучання, так і ў плане лірыкі? Аказалася, што вельмі многія адчувалі тое ж, што і Ен Кёрціс — вакаліст і заснавальнік Joy Division, які скончыў жыццё самагубствам. І асабліва дарэчы яго песімістычны настрой прыйшоўся на тэрыторыі былых савецкіх рэспублік, дзе з нядаўняга часу актыўна развіваецца новая руская хваля постпанку. Сотні музыкантаў розных узростаў нечакана адкрылі для сябе свет халоднага і жорсткага да сваіх жыхароў Манчэстэра і адчулі, што сучасная сітуацыя на постсавецкай прасторы па агульным тоне вельмі падобная да таго, што адчувалі жыхары індустрыяльнай Вялікабрытаніі некалькі дзесяцігоддзяў таму. Калі тады музыка дапамагла справіцца ім з прыгнётам рэчаіснасці, то чаму б і зараз не паспрабаваць правесці той самы эксперымент?

Беларусь новая хваля постпанку таксама закранула. У нас з’явіліся «Петля Пристрастия» і «Союз», кожная з якіх прапаноўвала свой погляд на постпанк. Аднак, як гэта часта бывае ў музычнай індустрыі, жанры звычайна вызначаюцца тройкамі калектываў або выканаўцаў. У нашай краіне гэтая заканамернасць таксама выкананая, і Molchat Doma, трэці галоўны беларускі постпанк-гурт, 13 лістапада выпусціў новы альбом «Monument». Чаму перад аналізам гэтага альбома была неабходна настолькі доўгая прэамбула з экскурсам у мінулае? Таму што «Monument» — гэта машына часу, якая пераносіць нас на сорак гадоў назад, калі Савецкі Саюз яшчэ існаваў, але яго будучы крах ужо прадчуваўся. Аднак гэтая машына часу сумешчана з  машынай фантазіі, бо «Monument» — менавіта фантазія пра тое, як магла б гучаць музыка зараз, калі б тэндэнцыі 80-х былі актуальныя да гэтага часу.

«Monument» стаў своеасаблівым помнікам музыцы, у якой асноўная задача не стварыць цікавы якасны прадукт, а  ўзнавіць тэндэнцыі сучаснасці і мінулага, каб прадбачыць будучыню. Тут мы чуем усё, што было характэрна для савецкай электронікі 80-х гадоў (касмічныя сінтэзатары ў духу «Альянса», танцавальныя рытмы, якія да гэтага часу карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод старэйшага пакалення, калі меркаваць па колькасці канцэртаў з назвамі кшталту «Лепшыя хіты 80-х», і гэтак далей) і для новага постпанку (манатоннасць, выкарыстанне некаторых прыёмаў построку, чаргаванне лідзіруючых партый клавішных і  гітар, вакал, які літаральна патанае ў эфектах, абстрактныя тэксты), але пры гэтым само спалучэнне дзвюх тэндэнцый здаецца адначасова і абсалютна натуральным, і  вельмі дзіўным.

Натуральным таму, што і постпанк, і электроніка 80-х — гэта музыка з  мінулага, якая аднолькава добра падыходзіць як для настальгіі па мінулым, так і для таго, каб яго часцінкі пераносіць у наш час і ўжываць шэры свет панэльных пяціпавярховікаў у сучасных мегаполісах (што не так ужо і складана, калі зірнуць на архітэктуру Мінска). А дзіўным мікс здаецца з-за таго, што мінуламу ўсёткі лепш часам заставацца ў мінулым, бо ў сучаснасці гэтая музыка гучыць як недарэчны эксперымент.

Molchat Doma выпусціла альбом, у якім гурт паспрабаваў пагуляць з музычнай спадчынай Савецкага Саюза і Брытаніі адначасова, змяшаўшы класічны постпанк і электроннае дыска з сучасным паўміфічным уяўленнем пра гэтыя два жанры і пра тую эпоху, калі яны з’явіліся. Але атрымаўся сумны аднастайны альбом, пазбаўлены індывідуальнасці. Калі рэлізы «Союза» і «Петли Пристрастия» можна адрозніць ад жанравых расійскіх каманд, то вось «Monument» — гэта проста «яшчэ адзін постпанк-альбом».

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.