Вы тут

«Жыццё — не мука...»


Самаіронія і філасофскасць — галоўныя складнікі лірыкі Галі­ ны Каржанеўскай, у чым можна пераканацца, чытаючы зборнік яе паэтычных мініяцюр «Вер­шаняты-2», які пабачыў свет у выдавецтве «Каўчэг». Іраніч­ насць, самаіронія, філасофскі роздум заўжды былі ўласцівы творчасці аўтаркі, знайшлі адлюстраванне праз форму, якая найлепш стасуецца з гэтым жанрам.


Так, у час фрагментарнага, кліпавага ўспрымання рэчаіснасці чытачу часта бракуе і дня, і сіл на доўгія філасофскія развагі і вялікія аб’ёмы, а тое, што сказана лаканічна і ёмка, хутчэй будзе заўважана і знойдзе водгук у душы:

Я веру (ў меру),

што жыццё не мука,

А проста эфектыўная навука.

Зборнічак кішэннага фармату быццам прызначаны, каб яго захапіць з сабой і мець на любы выпадак жыцця: калі сумна ці патрабуецца прамовіць тост, каб у дарозе быў спажытак для думкі альбо проста хочацца знайсці ўдумлівага «суразмоўцу» і  суаднесці свой і чужы досвед. Вершы пад вокладкай недакучлівыя, большасць з іх — чатырохрадкоўі (некаторыя складаюцца і  з  дзвюх строф). Творы можна чытаць у любым парадку, але каб прасцей было арыентавацца, тэматычна яны падзелены на чатыры часткі: «Сонца аднолькава любіць усіх», «Бог чакаў, калі мае вочы адкрыюцца», «Надакучыла быць слабою», «А насустрач зычліва ўсміхаецца свет». Але строгіх пераходаў паміж гэтымі раздзеламі няма, аднолькава яны прадстаўлены вершамі, дзе адлюстроўваецца роздум пра жыццё, свет і пра сябе ў гэтым свеце, і пра глыбіні чалавечай душы, і пра няпросты шлях удасканалення. Хіба што ў лірычнай гераіні перадапошняга раздзела больш пазнаецца менавіта жаноцкая сутнасць аўтаркі з яе няпростым лёсам:

Мяне ўсё жыццё акружалі Міколы.

Хапала прыгодаў, хай Бог цяпер судзіць.

 «Мікола» на сёння гучыць, як «ніколі».

Ні Колі, ні Галі — інакшыя людзі.

Як справаздача, падвядзенне вынікаў, канстатацыя пэўнага этапу на прыступках станаўлення жаноцкага боку асобы гучыць верш «Шлях» (пра які згадваецца вядомае: сказала як адрэзала):

Ад той, што не цяміла ні халеры

І не знала ў адданасці меры

Да відушчай і месцамі злой

Шлях працяглы, і пройдзены мной.

Колькі б жанчын падпісалася пад гэтымі радкамі! І нават калі ўзняцца над гендарным пытаннем, можна сцвярджаць, што выснова гэтая ўніверсальная: хіба не ўсе мы наіўныя на пачатку спасціжэння свету і не «відушчыя», калі ўжо набылі пэўны досвед і спазналі кошт сяброўства, вернасці і здрады, адданасці і адчужэння?.. «Жыццё — не мука...»

Назіранні за жыццём, даследаванні псіхалогіі чалавека, сутнасці з’явы — неад’емны бок існавання лірычнай гераіні Галіны Каржанеўскай. Нават не ў самых спрыяльных умовах і абставінах яна здольная на аналіз:

Згадка нечаканая ці верш...

Добрых думак у дарозе — мора!

А калі талончык не праб’еш,

Думаеш адно пра кантралёра.

«У транспарце»

У многіх вершах паэтэса выкарыстоўвае прыём, праз які творы атрымліваюцца найбольш вобразнымі і  яснымі для ўспрымання: пераносіць рэаліі свету жывёл на чалавечы:

Кожнага можа накрыць

Крыўда ці скруха.

Так, гэта рызыка — жыць,

З сіл выбівацца і плыць,

Рваць павуцінне, як муха.

«Рызыка»

Але найбольш глыбінныя па сэнсе і мастацкім пераасэнсаванні вершы Галіны Каржанеўскай на хрысціянскую тэматыку (якая, дарэчы, лічыцца адной з найбольш складаных для выяўлення, бо ў мастацкім творы замала канстатацыі хрысціянскіх запаветаў і выказвання веры і любові да Бога без адпаведнай вобразнасці).

Ён праз мяне смяецца і пакутуе.

На ўздыме я — Яму ўсё мала, мала...

Што мной не перажыта, не пачута,

Не ўбачана — і для Яго прапала.

«Праз мяне »

У назве зборніка нібыта закладзена адсылка да нечага несур’ёзнага, але, як мне падаецца, калі праз несур’ёзнае і жартоўнае атрымліваецца сказаць пра сур’ёзнае, гэта сведчанне мастацкай спеласці творцы і ўніверсальнасці таленту.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках

Грамадства

Як партызаны за адну ноч знішчылі нямецкі гарнізон

Як партызаны за адну ноч знішчылі нямецкі гарнізон

22 чэрвеня 1943 года партызаны атрада «Бальшавік» здзейснілі нападзенне на фашысцкі гарнізон у былым саўгасе «Косіна».

Эканоміка

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Знаёмства маладых людзей з першымі грашыма адбываецца дзіўным чынам.