Вы тут

​Як пазбегнуць траўмаў у галалёд?


У апошні тыдзень у сувязі з холадам і галалёдзіцай Міністэрства аховы здароўя фіксуе рост колькасці траўмаў. За мінулыя суткі найбольшая іх колькасць была на Віцебшчыне.


Фота носіць ілюстрацыйны характар. vyvoz.org

У самым паўночным рэгіёне краіны да медыкаў за суткі звярнуліся 338 чалавек. З іх 315 атрымалі дапамогу амбулаторна, 23 чалавекі шпіталізаваны. У 337 была траўма з-за галалёдзіцы. У аднаго чалавека — ад холаду.

На Брэстчыне ў медустановы звярнуліся 163 чалавекі, 20 былі шпіталізаваны, 143 пасля аказання дапамогі адпушчаны дадому. У Гомельскай вобласці па дапамогу звярнуліся 222 чалавекі, з іх амбулаторную дапамогу атрымалі 195, 27 пацыентаў былі шпіталізаваны. На Магілёўшчыне сітуацыя падобная: за суткі 265 чалавек пацярпелі ад галалёду, 249 з іх адпусцілі дадому пасля аказання дапамогі, астатніх прыйшлося змясціць у стацыянар. У Гродзенскай вобласці да медыкаў звярнуліся 92 чалавекі, 80 з іх атрымалі амбулаторную дапамогу, астатнія шпіталізаваны. На Міншчыне ад галалёду пацярпелі 265 чалавек, з іх 16 давялося накіраваць у бальніцы. У Мінску 86 чалавек за апошнія суткі атрымалі галалёдныя траўмы, трое былі шпіталізаваны.

Як засцерагчыся ад траўмаў падчас неспрыяльнага надвор'я, расказаў загадчык хірургічнага аддзялення 11-й гарадской паліклінікі Мінска Міраслаў Дзьёлаг.

— Па магчымасці старайцеся не выходзіць з дому, асабліва — у цёмны час сутак. Гэта самая дзейсная засцярога ад траўмаў. Калі ўсё ж такі прыходзіцца выйсці, найперш звярніце ўвагу на абутак. Ён мусіць быць зручным і ўстойлівым. Лепш за ўсё надзець зімовыя боты на платформе або з мяккай рыфленай падэшвай. Пазбягайце абутку на шпільках і высокіх абцасах.

Перасоўвацца па галалёдзе неабходна вельмі асцярожна. Лепш абыходзіць абледзянелыя месцы. Хадзіце не спяшаючыся, на напаўсагнутых нагах. Рукі ні ў якім разе нельга трымаць у кішэнях — інакш павышаецца верагоднасць атрымання цяжкіх траўмаў.

Не насіце цяжкія сумкі, асабліва з доўгімі ручкамі, бо цэнтр цяжару змяшчаецца. Пры гэтым стаяць або рухацца па абледзянелай паверхні нашмат складаней. Пры падзенні ратаваць трэба не маёмасць, а сябе — сумкі і іншыя прадметы трэба выпусціць з рук і групавацца ўсімі канечнасцямі.

Пажылым людзям у галалёд варта браць з сабой палку з гумовым наканечнікам. А цяжарным жанчынам не варта выходзіць на вуліцу без суправаджэння.

Падчас галалёду трымайцеся далей ад праезнай часткі і ні ў якім разе не перабягайце яе. Тармазны шлях у аўтамабіляў у гэты час значна павялічваецца. На прыпынку стойце далей ад краю дарогі, каб не паслізнуцца і не трапіць пад колы аўтобуса або тралейбуса.

Насамрэч засцерагчыся ад падзенняў можна толькі адным спосабам — быць як мага больш уважлівымі. Калі вы ўсё ж такі ўпалі і праз нейкі час адчулі боль, з'явіліся ацёкі — тэрмінова звярніцеся ў траўмапункт. Калі вы адчуваеце, што пасля падзення не можаце падняцца на ногі, неабходна патэлефанаваць у службу 103. Калі вы не можаце зрабіць гэта самі — папрасіце дапамогі ў тых, хто побач.

Зварот у траўматалагічны пункт або «хуткую» з'яўляецца абавязковым. Абысціся без дапамогі ўрача можна толькі ў выпадку лёгкага ўдару: проста прыкладзіце да выцятага месца што-небудзь халоднае — гэта паменшыць ацёк і боль, і апрацуйце маззю або гелем, які рассмоктвае сінякі (напрыклад, гепарын-гель, троксавазол). Грэць балючае месца нельга, эфект будзе супрацьлеглы.

Нават пры наяўнасці ўласнага аўтатранспарту ці грошай на таксі не трэба ездзіць па клініках самастойна. Тым больш — ехаць у першую бальніцу, якая трапілася. Медыцынская дапамога аказваецца па тэрытарыяльным прынцыпе: гэта залежыць не толькі ад раёна, дзе вы прапісаныя, але і ад месца, дзе вы атрымалі траўму, ад яе характару, а таксама загружанасці медустаноў пацыентамі ў дадзены момант. Спецыялісты службы 103 валодаюць сітуацыяй у рэжыме рэальнага часу і лепш ведаюць, у якую медустанову вас накіраваць, каб дапамога была аказана максімальна хутка, а ў саміх бальніцах і траўмапунктах пры гэтым не ўтвараліся заторы.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Як не быць алімпійскім чэмпіёнам, але быць героем спорту.

Грамадства

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Піша сын аднаго з партызан Генадзь Сахрай.

Грамадства

Алена Богдан: Любы рух павінен быць паступальным, а не разбуральным

Алена Богдан: Любы рух павінен быць паступальным, а не разбуральным

Яна расказала чытачам «Звязды», ці плануе Беларускі саюз жанчын стаць першай жаночай палітычнай партыяй у краіне і як гэта — сумяшчаць работу ў дзяржапараце з актыўнай грамадскай дзейнасцю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Хітра ўладкавана чалавечая памяць. Бывае, нешта ўбачыў-пачуў, а што — хоць забі — назаўтра не ўспомніш, а нешта — якраз наадварот — «ляжыць» там гадамі ці нават дзесяцігоддзямі і ўспамінаецца досыць часта...