Вы тут

Валанцёры рэчыцкага атрада барацьбы з COVІD-19 пра сваю справу


Выпадковы здымак на мабільны, зроблены ў памяшканні для пераапранання медыкаў ковіднай зоны бальніцы, кранае сэрца. На ім — злоўленае імгненне. На мове адных толькі позіркаў чытаецца незвычайная пяшчота. Усё проста: матуля-ўрач прыбірае калегу-дачку ў асляпляльна белы ўбор і дае нямы наказ. «Звязда» адшукала герояў здымка на Гомельшчыне, у горадзе Рэчыца.


Пароль — «валанцёр»

Упершыню ў Беларусі студэнцкі валанцёрскі атрад барацьбы з COVІD-19 Гомельскага дзяржмедуніверсітэта быў накіраваны на дапамогу ўрачам менавіта Рэчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Добраахвотнікі — у пераважнай большасці ўраджэнцы райцэнтра, студэнты лячэбнага факультэта гомельскага «меда». Галоўным «сувязным» для валанцёраў у рабоце ў інфекцыйных аддзяленнях бальніцы і іх куратарам у «чырвонай» зоне стала Таццяна Лазарэвіч. У адной асобе — урач-тэрапеўт і загадчык інфекцыйнага аддзялення № 2 Рэчыцкай ЦРБ. Сюды на лячэнне трапляюць пацыенты з COVІD-19.

А яшчэ Таццяна Аляксандраўна — мама! Яе дачка Паліна Лазарэвіч — студэнтка трэцяга курса лячэбнага факультэта Гомельскага медуніверсітэта. Такіх, як кажуць на вайсковым жаргоне, «салаг» у члены валанцёрскага атрада да гэтага часу не прымалі. Але дзяўчына даказала, што можа стаць надзейным партнёрам у агульнай камандзе.

Цяпер пяць дзён на тыдні студэнтка-трэцякурсніца (а гэты курс лічыцца самым складаным у «медзе») вучыцца ў Гомелі, а ў выхадныя заступае на «ковідную змену». Валанцёрства ў атрадзе, прынамсі, не залічваецца як вучэбная практыка і не аплачваецца. Проста дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, лічыць Паліна, для яе натуральнае імкненне душы. Карані спагады да людзей у генах. Лазарэвічы — сямейная дынастыя ўрачоў, вядомая ў Рэчыцкім раёне. Пасля заканчэння ВНУ дзяўчына пачне трэцяе пакаленне медыкаў.

— У мяне, як кажуць, не было шанцаў, — смяецца Паліна Лазарэвіч, калі тэлефаную ёй пасля заняткаў.

На «аватарцы» выкліку ў маім мабільным ўсплывае фота: вельмі прыгожая доўгавалосая дзяўчына, мадэль з вокладкі. Прынамсі, нават «супрацьчумка» ёй вельмі пасуе.

— Лазарэвіч — прозвішча майго дзеда Уладзіміра Уладзіміравіча, — тлумачыць Паліна. — Ён урач-хірург, больш як 25 гадоў узначальваў Рэчыцкую цэнтральную раённую бальніцу. Тата — Дзмітрый Уладзіміравіч Лазарэвіч — загадчык эндаскапічнага аддзялення ў Рэчыцкай ЦРБ. Маці — Таццяна Лазарэвіч — працуе з пацыентамі з каранавіруснай інфекцыяй яшчэ з першай хвалі. Цікава, што мая мама з Мазыра, а тата рэчыцкі. Яны пазнаёміліся на парах ва ўнівесітэце, куды зараз ужо хаджу я, часам да тых жа выкладчыкаў, — кажа студэнтка.

Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся

У рэчыцкім валанцёрскім атрадзе барацьбы з COVІD-19, акрамя Паліны Лазарэвіч, трое дзяўчат-студэнтак шостага курса Гомельскага медуніверсітэта. Ёсць у іх валанцёрскай камандзе і мясцовы хлопец — сябар Паліны, таксама студэнт-медык, які вучыцца на другім курсе ўніверсітэта.

— Наша работа заключаецца не ў тым, каб выконваць абавязкі медсясцёр ці ўрачоў, мы не можам даваць кансультацыю ці назначаць лячэнне. Наша задача — інфармацыйная, асветніцкая, эмацыянальная падтрымка пацыентаў, — расказвае Паліна. — Тлумачым аб асаблівасці цячэння захворвання на каранавірус. Расказваем, чаму неабходна праводзіць рэабілітацыю. Вучым, як выконваць дыхальныя гімнастыкі, практыкаванні з ЛФК.

Валанцёр звяртае ўвагу, што на іх кантролі ў тым ліку захаванне пацыентам правільнага становішча цела на ложку. Гэта палягчае самаадчуванне і спрыяе хутчэйшаму выздараўленню.

— Вось, здавалася б, сёння багата паведамленняў у сеціве аб каранавірусе. Але калі мы даносім пацыентам неабходную інфармацыю, многія кажуць, што чуюць аб гэтым упершыню, бо раней звярталі ўвагу толькі на правілы гігіены і гігіенічнага рэжыму. Дарэчы, так адказваюць не толькі сталыя людзі, але і пацыенты маладога ўзросту, — адзначае студэнтка.

Яна распавядае, што ўвогуле валанцёры пільна сочаць за выкананнем рэкамендацый:

— Я неяк самастойна «адпрацоўвала» ў палаце, дзе ляжала пара сужэнцаў, а пасля, калі праходзіла міма па калідоры, заўважыла, што яны выконваюць усё, як я іх вучыла. Гэта сапраўды аблегчыла іх становішча.

Згадвае Паліна Лазарэвіч і свой першы самастойны выхад у «чырвоную» зону:

— Ты можаш падрыхтавацца інфармацыйна, але псіхалагічна размаўляць з пацыентам, сапраўды, — часам выклік для будучага ўрача, — кажа Паліна аб тым, як ёй, студэнтцы, напачатку бракавала ўпэўненасці ў сабе, сказвалася адсутнасць вопыту такіх стасункаў. — Я прыйшла ў палату, а там выключна пажылыя людзі і ўсе амаль нічога не чуюць. Спачатку разгубілася, але ўзяла сябе ў рукі, усё растлумачыла, спакойна паўтарала для кожнага паасобку, толькі вельмі гучна. Пасля перажывала за візіт.

Валанцёр расказвае, наколькі ўсе ў іх атрадзе радуюцца, калі пацыенты ідуць на кантакт:

— Ёсць тыя, хто задае шмат пытанняў. Ты распавядаеш, напрыклад, аб дыхальнай гімнастыцы, а яны табе: «А навошта?» Просяць растлумачыць падрабязней: як гэта ўплывае на працяканне хваробы, як будзе рэагаваць арганізм, што станецца, калі не праводзіць рэабілітацыю? З такімі людзьмі працаваць больш прыемна, бо ідзе дыялог.

Вядома, што інфармацыйная работа валанцёраў спрацоўвае і як сеанс псіхалагічнай разгрузкі для хворых. Пры тым, што шматлюдныя палаты не спрыяюць выхаду перажыванняў, нейкіх страхаў, але дасведчаны чалавек успрымае сваё лячэнне спакайней. Валанцёры дапамагаюць узброіцца ведамі, зразумець, што станоўчы эмацыянальны стан пацыента дапаможа ўрачам выйсці да паляпшэння стану здароўя.

— Складана працаваць не з пажылымі ці маладымі, а з тымі, хто «закрываецца», застаецца сам-насам з хваробай, — лічыць Паліна.

Рэфлексія пад акампанемент цягніка...

Студэнт-валанцёр у добраахвотніцкім атрадзе правяла ўжо трое выхадных. Члены групы — студэнты шостага курса — ужо працуюць, але агульны графік для ўсіх выпрацаваць атрымалася. Цяпер «на змену» выходзяць раз на два тыдні. Патрэба ў валанцёрскай рабоце ёсць заўсёды. Задаю дзяўчыне традыцыйнае пытанне: што дае досвед валанцёра ў пандэмію?

— Я вам прызнаюся, што калі еду дадому на выхадныя ў цягніку, рыхтуюся маральна, асэнсоўваю для сябе тое, што дасць мне дзень сённяшні. Так, баюся, але не магчымасці заразіцца і перанесці каранавірус. Да гэтага, лічу, усе медыкі маральна гатовыя. Пакуль змагаюся са страхам «выступаць» перад пацыентамі, вучуся слухаць і чуць іх, своечасова супакоіць трапным адказам на іх пытанні. Бо ведаю ад свайго дзеда: дасведчанасць і кампетэнтнасць — галоўнае для ўрача. Ты не маеш права «заразіць» пацыентаў сваім хваляваннем. Такая работа мяне рыхтуе да таго, каб вырасці ў сапраўднага ўрача.

Паліна згадвае, чаму вучыць валанцёраў іх куратар Таццяна Лазарэвіч:

— Мама накіроўвае на тое, што наша работа дапамагае зняць у хворых панічны трывожны настрой. Важна ўпэўніць, што нават калі пашкоджана 75 % лёгкіх — гэта не прысуд. Гэта падстава для таго, каб жорстка прытрымлівацца ўказанняў урачоў, знайсці ў сабе сілы для барацьбы і змяніць сітуацыю на сваю карысць.


Дыстанцыя і «фільтр здароўя»

Выкананне мер прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі актыўна манітораць на Гомельшчыне.

Па інфармацыі Гомельскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, у рэгіёне праводзяцца штодзённыя праверкі выканання масачнага рэжыму ў грамадскіх месцах — на прадпрыемствах, рынках, гандлёвых цэнтрах, крамах, аптэках, грамадскім транспарце, кафэ. У рабоце задзейнічаны мабільныя групы, у складзе якіх прадстаўнікі органаў улады, спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы. На кантролі не толькі захаванне масачнага рэжыму, але і вытрымліванне сацыяльнай дыстанцыі, наяўнасць сродкаў дэзынфекцыі, правядзенне дэзапрацовак.

— У лістападзе праведзены кантрольна-наглядныя мерапрыемствы ў дачыненні да 3795 аб'ектаў, парушэнні выяўлены на 1162 аб'ектах, — адзначыў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Гомельскай вобласці Сяргей Белы.

Так, на адным з аб'ектаў грамадскага харчавання ў Гомелі не праводзілася ва ўстаноўленым парадку вільготная прыборка з выкарыстаннем дэзсродкаў. У адной з крам аблспажыўтаварыства у Гомельскім раёне выкарыстоўваліся дэзсродкі без віруліцыдных уласцівасцяў, у фізкультурна-аздараўленчым комплексе ў Жлобіне работнікі не выкарыстоўвалі сродкі індывідуальнай аховы органаў дыхання, у адным з сельскіх клубаў Петрыкаўскага раёна не была нанесеная разметка для сацыяльнага дыстанцыявання наведвальнікаў, перад пачаткам работы ўстановы ў супрацоўнікаў не праводзіўся «фільтр здароўя».

— Дзяржсаннаглядам выдадзена 970 прадпісанняў і рэкамендацый па ліквідацыі выяўленых парушэнняў, вынесена 108 патрабаванняў аб прыпыненні (забароне) вытворчасці і (або) рэалізацыі тавараў (работ, паслуг). Да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне мер прафілактыкі прыцягнута 77 службовых асоб, — удакладніў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Паліны ЛАЗАРЭВІЧ

Загаловак у газеце: 100 адценняў белага...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.