Вы тут

Абноўленае паштовае аддзяленне адкрылася ў Мінску


Жыхары сталічнага мікрараёна Усход-1 атрымалі да навагодніх і калядных свят добры падарунак. Сёння ўрачыста адкрылася абноўленае аддзяленне паштовай сувязі Мінск-114. Працавала яно з 1978 года ў адным са знакамітых дамоў з пано, якія месцяцца насупраць Нацыянальнай бібліятэкі. За 40 з лішнім год наспеў час «перазапуску» аддзялення. Ды і сам жылы дом, у якім яно месціцца, знакавы. Ён з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.


Зараз да паслуг наведвальнікаў у аддзяленні — пяць аперацыйных вокнаў. Але зусім не заўжды абавязкова выбіваць асобны талон у сістэме электроннай чаргі, каб зрабіць пэўнае дзеянне. У плацежна-даведачным тэрмінале можна здзейсніць усе неабходныя плацяжы без камісіі. Таксама тут працуе спецыяльны тэрмінал SmartPost. Ён прызначаны для адпраўкі заказной пісьмовай карэспандэнцыі вагой да 2 кілаграмаў па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Трафік у аддзяленні чакаецца даволі істотны. У ім абслугоўваецца каля 30 тысяч людзей, якія жывуць у суседніх дамах, і каля 400 арганізацый. У месяц у сярэднім прымаецца каля 8 тысяч экзэмпляраў пісьмовай карэспандэнцыі, 550 пасылак і 230 адпраўленняў паскоранай пошты.

— Зараз па краіне працуюць больш за 3 тысячы паштовых аддзяленняў. На долю Мінска прыходзіцца крыху больш за 140. Наша мэта — пакрысе абнавіць усе нашы аддзяленні ў Беларусі, — адзначыла генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана ЮРКЕВІЧ. — Натуральна, што адразу гэта не атрымаецца. Штогод плануем асучасніваць каля 70 аддзяленняў. Сёння, напрыклад, у адзін дзень з Мінскам урачыстыя адкрыцці адбыліся таксама ў Віцебску і ў Мазыры. Пры рамонце ж гэтага аддзялення мы пастараліся стварыць безбар’ернае асяроддзе. Паклалі тактыльную плітку, зрабілі зручныя дзверы, а таксама ўсталявалі кнопку выкліку персаналу, які дапаможа пры неабходнасці патрапіць у памяшканне.

Таксама тут размясціўся спецыялізаваны дзіцячы куток. Калі бацькі афармляюць каля аперацыйнага акна нейкія дакументы ці проста стаяць у чарзе, то дзеці могуць правесці час з карысцю для сябе — размалёўваючы спецыяльныя карцінкі на паштовую тэму.

Начальнік аддзялення сувязі Мінск-114 Вольга РЭУТ адзначыла, што цяпер можна запісацца ў электронную чаргу. Гэты функцыянал рэалізаваны пры дапамозе сайта «Белпошты». 

Ацанілі абноўленае аддзяленне і мясцовыя жыхары.

— Усё зрабілі літаральна за два месяцы, — кажа адна з наведвальніц, Людміла Пятроўна, якая прыйшла атрымаць ліст да запатрабавання. — Вельмі падабаецца ўсё. Я жыву ў гэтым жа доме з моманту яго засялення, і ніколі не думала, што такое хараство прыйдзе і да нас. Канешне, стары знешні выгляд быў, пэўна, актуальны для той эпохі, калі будаваўся дом, але з таго часу шмат жа чаго ўжо змянілася. Ды і чэргаў, пэўна, стане меней.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.