Вы тут

Кніжны гасцінец. Праўда пра ваўкалакаў і касцяную нагу


Валерый Гапееў. Зніч ваўкалака. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2020

Падлеткі — самая складаная чытацкая аўдыторыя, таму што з абвостраным пачуццём справядлівасці і юнацкім максімалізмам... Ды і гаварыць з імі на іх мове, шчыра быць на іх баку — не кожны дарослы можа... Валерый Гапееў у чарговы раз давёў, што яму гэта ўдаецца. На гэты раз сучасныя беларускія тынэйджары сустрэнуцца на старонках яго твора з беларускай міфалогіяй... Прыехаў гарадскі хлопец Стась на бацькоўскае лецішча — бацькі ў Турцыю адправіліся, а за градамі ж трэба прыглядваць... Пазнаёміўся з мясцовым равеснікам Віталём і дзяўчынай Янінай...

А ў вёсцы якраз вэрхал: чупакабра аб'явілася — альбо, як перакананыя вясковыя бабулькі, ваўкалак: курэй дзярэ, коз... А тут і студэнтачка знікла з фальклорнай экспедыцыі... І ці не на балоты вядуць сляды? Вядома, моладзь актыўна ўключаецца ў разгадку таямніц і пошукі зніклай дзяўчыны: яны ж, зразумела, больш апантаныя, адважныя і кемлівыя, чым дарослыя, якія не вераць усялякім казкам... Ненавязліва, але вельмі захапляльна аўтар пагружае чытачоў у гісторыю народнай міфалогіі, усведамляючы, што ў кожнай казцы зашыфравана шмат важнай інфармацыі... Вядома, многія, чытаючы пра блуканні герояў па беларускіх балотах і здзіўляючыся іх майстэрству выжывання, успомняць «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра. Але гэта толькі адзін пласт твора... А разгадка будзе такая, што прымусіць успомніць ледзь не «Ваўчыную яму» Васіля Быкава. Свет перад героямі-падлеткамі паўстае ва ўсёй сваёй шматколернасці і багацці праблематыкі, адбываецца сутыкненне паміж беспакараным злом і ідэалістычнай патрэбай у справядлівасці. Любы можа трапіць у тую ж сітуацыю, што і Стась: карыстаючыся тым, што хлопец бянтэжыцца перад прывабнай дамай, яго рабуюць... Што цяпер? Зазлаваць на ўвесь свет? На прыгожых жанчын?

Не, лепей пераступіць і жыць далей, з тымі, хто разумее і не здрадзіць. Вядома, вялікая ўвага — адносінам дарослых з падлеткамі. Чамусьці дарослыя перакананыя, што былі разумнейшыя, а галоўнае, больш маральныя за «пакаленне смартфонаў». Бацька Стася, убачыўшы, што той вядзе на іх лецішча прыгажуню Яніну, прамаўляе розныя брыдкасці. Разбэшчаная, маўляў, моладзь... Яму і ў галаву прыйсці не можа, што сын заняты высакароднай, самаахвярнай справай і нават падумаць непрыстойна пра дзяўчыну, да якой узніклі першыя пачуцці, саромеецца... Валерый Гапееў умее ненавязліва ўплесці ў сюжэт вельмі значныя для беларусаў праблемы. Напрыклад, Янінка даведваецца пра свае шляхецкія карані — яе продкаў рэпрэсіравалі, саслалі... І блізкія баяліся нават згадваць пра гэта. Ці вось яшчэ — юныя героі вырашаюць дылему: праславіцца праз абнародаванне сваіх адкрыццяў пра старажытнае капішча з цудадзейным знічам альбо прамаўчаць і тым самым захаваць ад хцівых людзей народную святыню?

Уладзімір Проп. Гістарычныя карані чарадзейнай казкі. Масква, «Азбука-классика», 2020

Гэтую кнігу павінен прачытаць кожны, хто падазрае, што казка — хітра зашыфраванае пасланне ад продкаў. Уладзімір Проп — расійскі філолаг, які казаў пра сябе: «Мне трэба было быць біёлагам. Я люблю ўсё класіфікаваць і сістэматызаваць». Кніга выйшла ў свет упершыню ў 1946 годзе, і хоць аўтар, а родам ён з паволжскіх немцаў, дзеля выратавання сябе і сваёй работы ў кантэксце панавання сацрэалізму згадвае Леніна, быў абвінавачаны ў антымарксізме, «перакручванні і фальсіфікацыі сапраўднай карціны грамадскіх зносін». Але да сёння работы Пропа з'яўляюцца базавымі для ўсіх даследчыкаў міфалогіі. А звычайны чытач? Згадзіцеся, захапляльна расшыфроўваць патаемныя сэнсы ў тым, што добра знаёма з дзяцінства. Напрыклад, шмат у якіх казках героя зашываюць у скуру каровы ці каня, каб затым ён выбраўся з ямы альбо адправіўся ў «трыдзясятае царства». Насамрэч гэта водгулле звычаю зашываць у скуру нябожчыкаў.

Вядома, надае каштоўнасці рабоце тое, што Проп не толькі выкарыстоўвае ў якасці матэрыялу рускія казкі, але цытуе і сусветную міфалогію. Шмат у якіх казках свету прыхаванае табу, якое датычылася цара і яго дзяцей, альбо вярхоўнага жраца: не пакідаць палаца, не бачыць сонечнага святла, не дакранацца нагой да зямлі. Шмат у якіх казках зашыфраваныя ўяўленні нашых далёкіх продкаў пра той свет. Калі герою трэба знасіць жалезныя чаравікі, сцерці жалезны посах, перш чым дайсці да мэты, — гэта абавязкова пра падарожжа памерлага, якому ў труну клалі асабліва трывалы абутак.

Ну а сустракаеце згадку пра лес — гэта і месца ініцыяцыі ў дарослае жыццё, і пагранічча са светам мёртвых. Шмат у якіх народаў — што ў Афрыцы, што ў Паўднёвай Амерыцы, што ў Новай Гвінеі, доўга захоўваўся звычай ініцыяцыі, калі бацька адводзіць сына ў лес, дзе той павінен знайсці пэўны пункт — «чароўную хатку», і тым пацвердзіць сваю даросласць. Усё можна знайсці ў казцы — і абрад пасвячэння ў шаманы, і сувязь з татэмам — менавіта пра гэта і Каток — Залаты Лабок, і Крошачка-Хаўрошачка з яе каровай... Карацей, чытайце кнігу, а пасля нанова асэнсоўвайце чарадзейныя беларускія казкі.

Выданні для агляду прапанаваныя крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр-т Незалежнасці, 72.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Прэв’ю: depositphotos.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Які хлеб любяць у Беларусі?

Які хлеб любяць у Беларусі?

У савецкія часы гандаль прапаноўваў пакупніку абмежаваны асартымент хлебабулачных вырабаў. У 1980-я нават у буйных крамах было ўсяго 3-4 найменні хлеба.

Грамадства

Дыхаць на поўныя грудзі. Міфы і праўда аб мамапластыцы

Дыхаць на поўныя грудзі. Міфы і праўда аб мамапластыцы

Прадстаўніцам прыгожага полу заўсёды хочацца нешта змяніць у сваёй знешнасці. І часам жанчыны рашаюцца на кардынальныя крокі.

Культура

Арганізатар імпрэз Дзіяна Краснашапка: Сёння людзі знаходзяцца ў сваіх коканах, але ж для таго і існуюць танцы ды спевы, каб здымаць стрэс, негатыў

Арганізатар імпрэз Дзіяна Краснашапка: Сёння людзі знаходзяцца ў сваіх коканах, але ж для таго і існуюць танцы ды спевы, каб здымаць стрэс, негатыў

Яна ўпэўнена сябе адчувае і ў нацыянальным строі, калі робіць цеста для вясельнага каравая, і ў блакітным футры Снягуркі, калі праводзіць ранішнік для дзетак, і ў шыкоўнай сукенцы пэўнай эпохі, калі выконвае аўтэнтычныя беларускія спевы пад гукі старажытных музычных інструментаў.

Грамадства

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Культура выканання работ падчас капрамонту ў Беларусі кульгае, а тэхналогія — парушаецца, сведчаць спецыялісты Дзяржбуднагляда.