Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


Беларускія спартсмены не здаюць пазіцый.


1. У нямецкім Оберхофе скончыўся пяты этап Кубка свету па біятлоне. Сярод жанчын найлепшай у беларускай камандзе стала Алена Кручынкіна. У спрынце яна фінішавала восьмай, паказаўшы чыстую стральбу і прайграўшы лідару Цірыль Экхоф адну хвіліну. У гонцы праследавання Алена прыехала да фінішу дзявятай. Ганна Сола ў спрынце стала 26-й, а гонку праследавання скончыла на 40-й пазіцыі. Ірына Кручынкіна ў спрынце заняла 88-е месца і не адабралася ў гонку праследавання. А Ірына Крыўко прапусціла этап у Оберхофе — напярэдадні ёй выдалілі зуб.

Гераіня папярэдніх этапаў Кубка свету Дзінара Алімбекава ў спрынце фінішавала 37-й, а ў гонцы праследавання — 16-й. Але алімпійская чэмпіёнка 2018 года захавала за сабой пятае месца ў агульным заліку Кубка свету.

У мужчынскім спрынце адразу два беларусы ўвайшлі ў топ-15: Раман Елятноў заняў 10-е месца, Сяргей Бачарнікаў — 13-е. Антон Смольскі размясціўся на 34-й пазіцыі. У гонцы праследавання найлепшы сярод беларусаў вынік паказаў Сяргей Бачарнікаў — 15-е месца. Раман Елятноў прыехаў да фінішу 18-м, Антон Смольскі — 26-м, Максім Верабей — 55-м.

Праграму пятага этапу закрывалі камандныя спаборніцтвы. У змешанай эстафеце Беларусь прадстаўлялі Дзінара Алімбекава, Алена Кручынкіна, Сяргей Бачарнікаў і Антон Смольскі, якія фінішавалі чацвёртымі. У адзіночнай эстафеце беларусы Ганна Сола і Мікіта Лабастаў занялі пятае месца.

2. Арына Сабаленка выйшла ў паўфінал турніру катэгорыі WTA ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. У чвэрцьфінале 10-я ракетка свету абыграла прадстаўніцу Казахстана Алену Рыбакіну з вынікам 6:4, 4:6, 6:3. Дагэтуль на турніры Арына абыграла славенку Палону Херцаг — 7:6, 6:2 і аўстралійку Айлу Тамлянавіч — 7:5, 6:4. У матчы трэцяга круга Арына перамагла Онс Жабер з Туніса. Вынік сустрэчы — 6:2, 6:4.

У паўфінале першая ракетка Беларусі сыграе з пераможніцай матча паміж Сафіяй Кенін (ЗША) і Марыяй Сакары (Грэцыя).

Аляксандра Сасновіч сваё выступленне на турніры ў Абу-Дабі ўжо скончыла. На стадыі 1/32 фіналу яна перамагла венгерку Ганну Бондар — 6:2, 6:3. Але ў 1/16 фіналу ўступіла Гарбінье Мугурусы з Іспаніі — 1:6, 4:6.

3. Экіпаж беларуса Аляксея Вішнеўскага з каманды «МАЗ-СПОРТаўта» заняў 4-е месца на 7-м этапе «Дакара-2021». Беларусы пераадолелі 737 кіламетраў за 4 гадзіны 56 хвілін і 21 секунду. Гэта на 10 хвілін і 28 секундаў больш, чым у пераможца этапу расіяніна Дзмітрыя Сотнікава з каманды «КАМАЗ-Майстар», які лідзіруе ў агульным заліку. Экіпаж Аляксея Вішнеўскага займае шостую пазіцыю ў агульным заліку.

Лідар каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч датэрмінова скончыў сваё выступленне. На чацвёртым этапе экіпаж сутыкнуўся з сур'ёзнай праблемай з каробкай перадач, але яе змаглі выправіць і даехаць да фінішу ў адведзены кантрольны час. Тады беларусы згубілі ўсе шанцы на барацьбу за п'едэстал, але захавалі права працягваць гонку. На пятым этапе тэхнічныя праблемы зноў нагадалі аб сабе і выправіць іх ужо не ўдалося.

4. Хакеісты мінскага «Дынама» пацярпелі першае паражэнне ў 2021 годзе. На выездзе яны прайгралі маскоўскім аднаклубнікам у матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Вынік сустрэчы — 2:0 на карысць гульцоў маскоўскага «Дынама». У самым пачатку сустрэчы «зубры» дапусцілі памылку, зарабіўшы выдаленне, чым скарысталіся апаненты. Першая шайба ў беларускія вароты была закінутая на чацвёртай хвіліне гульні. «Зубры» так і не змаглі перавярнуць ход матча на сваю карысць.

Хакеісты «Дынама-Мінск» паспяхова пачалі 2021 год. У дамашніх матчах яны абыгралі омскі «Авангард» (5:4) і піцерскі СКА (4:3). А на выездзе перамаглі рыжскіх аднаклубнікаў з вынікам 6:2.

5. У Мінску адбыўся адкрыты чэмпіянат Беларусі па канькабежным спорце ў спрынтарскім і класічным мнагабор'і. У спрынтарскай дысцыпліне перамагла Ганна Ніфантава з каманды Мінска. Другое месца ў магілёўскай спартсменкі Яўгеніі Вараб'ёвай. На трэцяй пазіцыі мінчанка Настасся Пракаповіч. У мужчын у гэтым відзе праграмы першым стаў Ігнат Галавацюк з Мінска. «Серабро» заваяваў яго зямляк Віктар Рудэнка. «Бронза» ва Уладзіслава Запойкіна з Магілёва.

У класічным мнагабор'і п'едэстал раздзялілі сталічныя спартсменкі. Лідарам стала Кацярына Слоева. Сярэбраны прызёр — Марына Зуева, бронзавы — Таццяна Міхайлава. У мужчын «золата» заваяваў мінчанін Ягор Дамарацкі. Яўген Болгаў з Магілёва стаў другім, а Аляксей Кірпічнік з Мінска — трэцім.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.