Вы тут

Шарснёў: Маладым жывёлаводам у Віцебскай вобласці будуць даплочваць штомесяц тысячу рублёў


На працягу трох гадоў маладым спецыялістам аграрна-прамысловага комплексу (АПК) Віцебскай вобласці будуць выплачваць штомесячную надбаўку да зарплаты ў памеры Br1 тыс. з абласнога бюджэту. Пра гэта на выніковым пасяджэнні аблвыканкама паведаміў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, перадае БЕЛТА.


«Стварэнне буйных сельгасаб’яднанняў, паляпшэнне інфраструктуры ў вёсцы і матэрыяльнае стымуляванне маладых спецыялістаў дапамогуць вярнуць АПК Віцебскай вобласці кадры і ажывіць сельскую гаспадарку. Мы закладзем у бюджэт сродкі на выплату надбавак для выпускнікоў сельскагаспадарчых ВНУ, у прыватнасці, жывёлаводам, якіх не так шмат. Штомесяц яны будуць атрымліваць па Br1 тыс. Пад гэта рашэнне падпадаюць і выпускнікі 2020 года», — адзначыў Мікалай Шарснёў. Кіраўнік вобласці дадаў, што для замацавання кадраў трэба асучасніць АПК. Маладыя спецыялісты задаволеныя ўмовамі працы, калі яны працуюць на высокатэхнічных малочна-таварных комплексах.

«У аграрным сектары эканомікі Віцебскай вобласці засталося ўсяго 36 тыс. работнікаў. Кадравы склад АПК вобласці старэе, сярэдні ўзрост работнікаў у сельгасарганізацыях складае каля 50 гадоў. Калі не пераламаць сітуацыю цяпер, то праз 5 гадоў мы страцім сельскую гаспадарку. Трэба ствараць буйныя аграрныя аб’яднанні, будаваць жыллё, паляпшаць інфраструктуру вёскі. Людзі імкнуцца з’ехаць у аграгарадкі, буйныя пасёлкі, райцэнтры. Такія ж камфортныя, як у такіх населеных пунктах, умовы трэба стварыць у сельскай мясцовасці, каб кадры заставаліся там. Людзі будуць з’язджаць туды, дзе лепш», — падкрэсліў Мікалай Шарснёў.

Праблема недахопу спецыялістаў у АПК Віцебскай вобласці мае некалькі важных момантаў. Адзін з асноўных — нізкая матывацыя абітурыентаў на паступленне ў ВНУ і ССНУ сельгаскірунку. «Для азнаямлення дзяцей з прафесіямі сельскагаспадарчай галіны і павышэння зацікаўленасці ў гэтых спецыяльнасцях ужо трэці год на Віцебшчыне функцыянуюць аграрныя класы. У іх вучацца больш за 650 школьнікаў. У якасці бонусаў для выпускнікоў такіх класаў прадугледжана паступленне ў ВНУ без экзаменаў, калi вучань мае не ніжэй за 7 балаў па профільных прадметах. Таксама юнакам прадастаўляюць адтэрміноўку ад прызыву ў войска, замену тэрміновай службы на службу ў рэзерве», — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома.

Як паказвае статыстыка, спецыяльнасці аграрнай і ветэрынарнай абласцей выбірае моладзь з сельскай мясцовасці. І тым не менш набор у навучальныя ўстановы сярэдняга і вышэйшага звяна не цалкам закрываецца. Рэктар Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны (ВДАВМ) Мікалай Гаўрычэнкм распавёў аб выніках тэсціравання выпускнікоў ВНУ. На першым месцы ў спісе прычын сыходу пасля абавязковай адпрацоўкі стаяць цяжкія адносіны ў калектыве і з кіраўніцтвам прадпрыемства і нездавальняючыя ўмовы працы. І толькі на другім месцы — зарплата. Палова рэспандэнтаў гатовая была пераехаць на іншае месца працы пры магчымасці паляпшэння ўмоў працы.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.