Вы тут

Біткоін выходзіць з «шэрай» зоны?


Гэта сапраўды так, але наперадзе яшчэ шмат чаго новага...

Аб перспектывах развіцця дадзенай віртуальнай валюты і рэальнай сітуацыі ў галіне крыптавалют у нашай краіне расказвае Вячаслаў Сенін, эксперт рынку і дырэктар правайдара электронных плацяжоў Assіst Belarus, які выступіў адным з распрацоўшчыкаў першага ў Беларусі сэрвісу па абмене крыптавалют whіtebіrd.іo.


— Вячаслаў, для пачатку давайце разбяромся, чаму крыптавалюта становіцца ўсё больш папулярная і ці з'яўляецца яна легальнай у нашай краіне?

— Прайшло менш чым дзесяць гадоў пасля стварэння першай крыптавалюты, і нікому не вядомыя віртуальныя грошы сёння набылі неверагодную папулярнасць. З 2017 года ў свеце пачаўся сапраўдны бум па выкарыстанні «біткоў». У ЗША, Канадзе, Швецыі і яшчэ больш чым дзесяці краінах свету лічбавыя актывы ўжо выкарыстоўваюць ва ўсіх сферах жыцця.

У краінах СНД большасць крыптаабменнікаў да гэтага часу знаходзіцца ў цяні, а іх уладальнікі пракручваюць мільярдныя здзелкі. За апошнія некалькі гадоў лічбавыя актывы імкліва набіраюць папулярнасць. Перш за ўсё гэта звязана з іх універсальнасцю. Кашалёк лёгка ствараецца практычна на любой лічбавай прыладзе, няхай гэта будзе камп'ютар або тэлефон, а адкрытасць разліковых аперацый робіць яго зручным і простым у выкарыстанні. Блакаванне кашалькоў выключаецца, паколькі ўсе вузлы сістэмы генерацыі з'яўляюцца раўнапраўнымі.

Таксама велізарны плюс гэтай валюты — ананімнасць. Пры ажыццяўленні плацяжу ўладальнік кашалька сам вырашае, хоча ён паказаць нумар рахунку, з якога ажыццяўляе грашовы перавод, або не.

Ну і, вядома ж, бяспека. На дадзены момант гэта самая надзейная сістэма зберажэнняў, якая абаронена крыптаграфічным ключом. Апошняе практычна выключае магчымасць узлому вашага кашалька. Безумоўна, што магчымыя крадзяжы датычацца ўсяго, што «дрэнна ляжыць». Цяпер я кажу пра тое, што, па-першае, віртуальныя грошы ў ашуканцаў усё яшчэ мала карыстаюцца попытам, бо іх прымяненне не такое распаўсюджанае, як у звычайных грошай. А, па-другое, самі віртуальныя грашовыя сродкі больш складана займець, таму што людзі, якія выкарыстоўваюць у разліках віртуальныя грошы, найбольш адукаваныя з пункту гледжання абароны сваёй інфармацыі. Вядома, усюды прысутнічае чалавечы фактар, і калі крыптавалюта была ўкрадзена ашуканцам, то гэта выключна бестурботнасць уладальніка кашалька.

— «Біток» і ў нашых краінах мае масу плюсоў, аднак у афіцыйнай эканоміцы яго ўсё ж такі няма?

— Больш чым у дзесяці краінах свету крыптавалюта прызнана легальным плацежным сродкам, шырока выкарыстоўваецца для аплаты паслуг і куплі тавараў. У заканадаўстве Расіі і Беларусі да яе пакуль ставяцца з асцярогай і зусім не спяшаюцца ўводзіць гэты тып грошай у дзяржаўную эканоміку.

Сёння ўладальнікі тых жа біткоінаў могуць толькі абменьваць або купляць іх. Аднак вядомы Інстытут беларускай крыптабіржы не з'яўляецца «элементам» заканадаўства. Чыстай крыптавалютай разлічыцца легальна вы не зможаце. Крыптабіржа дазваляе абмяняць віртуальныя грошы на легальныя. Безумоўна, што ўсе юрыдычныя асобы, якія афіцыйна ўдзельнічаюць у ланцужку здзяйснення здзелкі, атрымліваюць сваю камісію ў валюце, якая афіцыйна дзейнічае на тэрыторыі краіны.

— А як цяпер (напрыклад, у Расіі) адбываецца працэс абмену звычайнай валюты на крыптавалюту і наадварот? Рэгулюецца ён законам?

— Практычна — ніяк. Напрыклад, у Расіі такія аперацыі часцей за ўсё адбываюцца не толькі ананімна, але і па-за прававым полем.

Чалавек часам літаральна з торбай грошай прыходзіць у офіс і проста абменьвае іх на крыптавалюту. Без дакументаў, без пацвярджэння асобы і, вядома ж, без пытанняў пра паходжанне гэтых сродкаў. Нейкі час ён чакае, пакуль яго грошы палічаць і набытую валюту перавядуць на яго электронны кашалёк. Гэта можа займаць да паўгадзіны (у залежнасці ад сумы). Пасля таго як крыптавалюта залічваецца на кашалёк кліента, здзелка лічыцца завершанай. Так выглядае стандартная працэдура куплі біткоінаў у Расіі.

У інтэрнэце і тэлеграм-каналах знаходзіцца маса прапаноў па абмене крыптавалюты. У гэтай краіне вялікая колькасць абменнікаў размешчана ў буйных гарадах. Некаторыя працуюць усяго па некалькі месяцаў, а потым мяняюць сваё месцазнаходжанне.

Спецыфіка гэтых аперацый звязана з тым, што ў Расіі падобныя здзелкі ніяк не рэгулююцца заканадаўствам. Афіцыйна крыптавалюта не дазволена, але пры гэтым яе не забаронена выкарыстоўваць, купляць і мяняць на фіятную валюту (грошы, якія выпускаюцца ўрадам краіны). Фактычна гэтыя грошы не адлюстроўваюцца ні ў падатковай сістэме, ні ў Цэнтральным банку. Таму адсачыць абароты дадзенага рынку пакуль практычна немагчыма.

— Наколькі я ведаю, у нашай краіне падобны абмен — досыць празрыстая працэдура...

— Што наконт Беларусі, то зусім нядаўна нашым грамадзянам быў прадстаўлены сэрвіс whіtebіrd.іo. У дадзеным праекце мы забяспечваем тэхнічную магчымасць — перавод фіятных грошай на банкаўскую карту. Сэрвіс найперш прызначаны для звычайных карыстальнікаў, якія жадаюць набыць крыптавалюту, і легальнасць гэтага сэрвісу дае пэўныя гарантыі. Сёння ён разлічаны на грамадзян Расіі і Беларусі, але ў будучыні карыстацца гэтым сэрвісам змогуць жыхары краін СНД, Украіны і Грузіі.

На дадзены момант тут можна правесці фінансавыя аперацыі толькі з біткоінам, але распрацоўшчыкі абяцаюць, што ў найбліжэйшы час будуць уведзены і іншыя віды крыптавалюты.

Для пачатку карыстальніку неабходна зарэгістравацца ў сістэме. Са зразумелым інтэрфейсам сэрвісу гэта зойме да паўгадзіны. Падобная працэдура праводзіцца адзін раз. А далей вы заходзіце ў сістэму пад сваім лагінам і паролем. Купля ці продаж крыптавалюты доўжыцца некалькі хвілін. Біткоіны залічваюцца на ваш асабісты кашалёк, а грашовая сума — на картку банка Vіsa.

Паводле ацэнак многіх экспертаў, абарот на расійскім рынку крыптавалюты складае каля 1 млрд долараў у месяц і практычна ўвесь знаходзіцца «ў ценю».

— Наша краіна з моманту прыняцця Дэкрэта «Aб развіцці лічбавай эканомікі» з'яўляецца адной з самых перадавых у плане заканадаўства краін, якія бяруць удзел у кадыфікацыі крыптазоны. Што атрымалі мясцовыя прадпрымальнікі з прыняццем новага нарматыўнага акта?

— У дадзеным дакуменце сабраны беспрэцэдэнтныя ўмовы для рэалізацыі вядзення бізнесу ў ІТ-кірунку. Дэкрэтам вызначана, што фізічныя асобы могуць валодаць токенамі, майніць, захоўваць, абменьваць, купляць, адчужаць, дарыць і завяшчаць, але не праводзіць аперацыі з «віртуальнай валютай». Юрыдычныя асобы — рэзідэнты ПВТ маюць магчымасць аказваць паслугі крыптабірж, абмену крыптавалют, а таксама прыцягваць фінансаванне з дапамогай ІCO і TSO.

Што датычыцца іншых ільготных умоў вядзення бізнесу для рэзідэнтаў ПВТ, то сюды можна аднесці падатковыя льготы або 0 % падатку для ПДВ, падатку на прыбытак, афшорнага збору, мытных пошлін пры ўвозе тэхналагічнага абсталявання, падатку на даходы замежных арганізацый, у тым ліку пры продажы сваіх акцый (доляў) у кампаніях-рэзідэнтах ПВТ, ПДВ і падатак на прыбытак на майнінг, куплі/продажу і абмену крыптавалют, іншых аперацый з токенаў. У сваю чаргу, вы павінны адлічваць адміністрацыі ПВТ пэўны працэнт ад даходаў. Гэта трэба рабіць чатыры разы на год пасля падачы квартальнай справаздачнасці.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.