Вы тут

Вятрак яго мары


Жыхар вёскі Салтаны Яўген Садоўскі замахнуўся на вырашэнне цікавай, але няпростай задачы — рэканструяваць драўляны трынаццаціметровы вятрак, які стаіць на ўзгорку акурат за вясковым агародам і з кожным годам усё больш і больш прыходзіць у занядбанне.


На фотаздымку Яўген Садоўскі са сваімі сынамі Арцёмам і Максімам і незавершаным макетам.

Ветравая машына была прывезена сюды пасля вайны з суседняга — Валожынскага — раёна, і, калі верыць старэйшым вяскоўцам, ёй не менш як сто пяцьдзясят гадоў. Але спачатку 37-гадовы энтузіяст плануе завяршыць макет млына — падобную як знешне, так і знутры, толькі паменшаную ў дзесяць разоў, рухомую і дзеючую копію. З ранку да вечара малады мужчына ўвіхаецца на сваёй падсобнай гаспадарцы, трымае шэсць кароў, іншую жыўнасць, а ў вольны час, якога, як заўсёды, няшмат, займаецца замерамі механізма, чарцяжамі і выпілоўваннем мініяцюрных дэталяў для макета.

— Мой дзед Андрэй Аляксандравіч Радкоўскі — здольны і працавіты сталяр і цясляр, быў апошнім млынаром на гэтым млыне. Мне было сем гадоў, і дзед дазваляў быць побач, глядзець, як мелецца збожжа. Памятаю, механізм ужо прыводзіўся ў рух электрычнасцю, я не бачыў, каб млынавыя крылы-лопасці калі-небудзь круціліся, — згадвае Яўген. — Тут малолі зерне і для калгасных ферм, і для насельніцтва. У канцы дзевяностых стары млын «адправілі на пенсію», і ён застаўся без догляду. Так хочацца ўзвезці помнік сялянскай працы, вярнуць яму не толькі прыстойны выгляд, але і належную славу, якую ён заслужыў. А як будзе выглядаць наш пагоркавы ландшафт з ветраком — неверагодна! Калісьці ў нашай акрузе пад дзясятак ветракоў працавала...

Мары, жаданні і прапановы жыхара Салтаноў наконт ветрака былі ўхвалены ў мясцовай гаспадарцы «Гарадзілава» — там паабяцалі дапамагчы з будматэрыяламі. А гэта дае надзею і ўпэўненасць апантанаму рупліўцу.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара

Маладзечанскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.