Вы тут

«Нам не можа перашкодзіць ні пандэмія, ні знешнія спробы расхістаць палітычную сітуацыю»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка праводзіць сустрэчу з губернатарам Прыморскага краю Расіі Алегам Кажамякам.


Губернатар Прымор’я — часты госць беларускай сталіцы. З мінулага візіту прайшло не больш за 6 месяцаў. Гэта яшчэ раз даказвае, што Далёкі Усход зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Беларуссю. З-за пандэміі летась тавараабарот Прымор’я і Беларусі зменшыўся ў параўнанні з 2019 годам на два мільёны долараў ЗША і склаў 17,2 мільёна. Але ўжо ў студзені партнёры выйшлі на стабільны рост. За першы месяц новага года нагадлявалі на 2,5 мільёна, што амаль у 4 разы больш за аналагічны перыяд 2020-га.

«Вашы візіты ў Беларусь сталі добрай традыцыяй, таму і вынік ёсць, — пачаў сустрэчу Аляксандр Лукашэнка. — Вялікую ўвагу супрацоўніцтву з Беларуссю вы надавалі і раней. Спачатку будучы ў Амурскай вобласці, потым — на Сахалінскай, цяпер у Прыморскім краі. Пра тое, што наша краіна — надзейны партнёр па ўсіх напрамках супрацоўніцтва, вы ўпэўніліся на асабістым вопыце. Так будзе і далей».

Па словах Прэзідэнта, пры падтрымцы Алега Кажамякі паспяхова рэалізаваны шэраг важных сумесных праектаў на тэрыторыі Расіі.

«Таму ваша зацікаўленасць у тым, каб двухбаковых кантактаў было больш і яны ахоплівалі новыя сферы, шукаць перспектыўныя напрамкі, абсалютна верная. Мы разам нацэлены на канкрэтны вынік. І нам не можа перашкодзіць ні пандэмія, ні знешнія спробы расхістаць палітычную сітуацыю ў нас і ў вас. Падзеі апошніх месяцаў паказалі, што ў нялёгкія моманты выпрабаванняў, падкінутых нам звонку, абедзве краіны могуць разлічваць на падтрымку і дапамогу», — сказаў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт Беларусі, карыстаючыся сустрэчай, падзякаваў за падтрымку Беларусі былому паслу Расіі ў Беларусі Дзмітрыю Мезенцаву, які зараз з’яўляецца дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Як дадаў Аляксандр Лукашэнка, Прыморскі край — даўні і перспектыўны партнёр Беларусі на Далёкім Усходзе.

«Уладзівасток далёка. Але ён нам не чужы. Наша Айчына ад Брэста да Уладзівастока такой і засталася. Ёсць суверэнныя, незалежныя дзяржавы на велізарнай прасторы (так размеркавала жыццё), але гэта наша зямля», — мяркуе Прэзідэнт.

Ён прывёў статыстыку па гандлі. Таваразварот знізіўся на пару мільёнаў долараў, але студзень 2021 ужо дае падставу сцвярджаць, што партнёры ў стане не толькі выйсці на былы ўзровень эканамічнага ўзаемадзеяння, але і перасягнуць яго. 

Паводле слоў Прэзідэнта, пасля апошняй сустрэчы з губернатарам у верасні прыкметна актывізаваліся дзелавыя кантакты: праведзена два пасяджэнні рабочай групы па супрацоўніцтве паміж нашай краінай і Прыморскім краем, рэгіён наведалі многія кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў.

«Несумненна, такая актыўная праца прынясе свае практычныя дывідэнды, станоўча адаб'ецца на росце ўзаемнага гандлю і эфектыўнай рэалізацыі інфраструктурных праектаў», — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка.

Ён пералічыў, што Беларусь гатовая прапанаваць спажыўцам Прыморскага краю прадукцыю і тэхналогіі ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва і развіцця пасажырскага транспарту.

«Мы не ўводзілі ніякіх лакдаўнаў, нашы прадпрыемствы працавалі бесперапынна. І сёння мы маем усе магчымасці, каб паставіць для патрэб Прыморскага краю ўсё, што вам трэба. Мы зацікаўлены пастаўляць вам не толькі машынабудаўнічую прадукцыю, але і прадукты харчавання. Гатовыя па нашых тэхналогіях (вопыт маем па Сахаліне) ствараць адпаведныя аб’екты па ўсіх кірунках», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт адзначыў: ён ведае вялікую цікавасць Прымор’я да супрацоўніцтва ў будаўнічай галіне, і беларусы гатовы ўзвесці любы аб’ект пад ключ.

«Мы гатовы падзяліцца любым вопытам па ўсіх кірунках, якія вас цікавяць, улічваючы, што вы — вялікі сябар Беларусі. У нас абсалютна няма закрытых тэм для абмеркавання, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. — Упэўнены, што ваш чарговы візіт надасць новы імпульс развіццю нашых адносін. Мы ў гэтым вельмі зацікаўлены».

Алег Кажамяка расказаў, што за паўгода ўдалося дасягнуць значных поспехаў у супрацоўніцтве. У знешнім гандлі Прымор’я з краінамі СНД Беларусь займае 46 %, але ёсць і далейшы патэнцыял у адносінах.

«Перад усім (патэнцыял ёсць — «Зв.») у пытаннях, звязаных з пастаўкай тэхнікі. У 2020 годзе мы закупілі 177 адзінак тэхнікі разнастайнага кірунку. Па суадносінах з мінулым годам амаль у два разы павялічылі — была закуплена 91 адзінка. Асаблівую ролю адыгралі амаль перад новым годам пастаўленыя машыны, механізмы, тэхніка, што прынялі ўдзел у ліквідацыі ледзянога дажджу», — нагадаў Алег Кажамяка.

Па яго словах, ужо сфарміравана заяўка на пастаўку ў бліжэйшыя гады каля 400 адзінак беларускай камунальнай тэхнікі для муніцыпальных адзінак Прымор’я.

У праграме візіту дэлегацыі запланавана пасяджэнне рабочай групы па супрацоўніцтву Беларусі з Прыморскім краем, перамовы з кіраўніцтвам міністэрстваў сельскай гаспадаркі і харчавання, будаўніцтва і архітэктуры, прамысловасці. Плануецца, што дэлегацыя наведае ААТ «МТЗ», агракамбінат «Ждановічы», шэраг будаўнічых аб’ектаў.


Беларускія будаўнікі зоймуцца ўзвядзеннем выставачнага цэнтра ва Уладзівастоку

Культурна-выставарны цэнтр будзе ўяўляць сабой вялікі будынак з сучаснай архітэктурай і, па словах Алега Кажамякі, стане ўпрыгожаннем усяго Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна.

«Там будуць прадстаўлены экспазіцыі Траццякоўкі, Эрмітажу, Рускага музея, Музея Усходу. Там будзе Марыінская тэатральная сцэна з магчымасцю прагляду оперы, балета. Калі гэта будзе зроблена беларускімі будаўнікамі, гэта стане значным унёскам у праект двух прэзідэнтаў. Гэта гісторыя на стагоддзі», — расказаў губернатар Прымор’я.

Акрамя беларускіх будаўнікоў, прыморцы мяркуюць запрасіць і замежных спецыялістаў, якія дапамогуць, напрыклад, з акустыкай і ўсталяваннем сцэны. Старт праекту плануецца ў красавіку.

Сярод будаўнічых перспектыў Уладзівастока — заканчэнне ў верасні ўзвядзення гандлёвага дома «Беларусь». Яго адкрыццё плануюць прымеркаваць да прыезду Прэзідэнта Беларусі ў Прымор’е.

Па словах Алега Кажамякі, кліматычныя ўмовы Далёкага Усходу паказалі, што неабходна актыўней выкарыстоўваць патэнцыял беларускай тэхнікі. «Я хачу выказаць словы падзякі беларускім машынабудаўнікам. Калі ў канцы лістападу нам неабходна было паставіць тэхніку, то ўжо ў снежні яна прыйшла ва Уладзівасток. Гэта хуткія тэрміны. У адпаведнасці з гэтым па нашай заяўцы адпрацаваны і мы ўбачылі на МТЗ дызельгенератары, якія нам патрэбны», — паведаміў губернатар.

Ёсць напрацоўкі і ў сферы сельскай гаспадаркі. Прыморскія студэнты аграрнага профілю па пагадненні змогуць праходзіць практыку і навучацца ў Беларусі. «Мы вызначылі тэхналагічнае суправаджэнне ў малочнай жывёлагадоўлі па пяці фермах, агародніцтве, бульбаводстве. Гэта будзе дзейнасць па абмене спецыялістамі па праектах, што будуць суправаджаць беларускія спецыялісты на Прыморскай зямлі. Гэта дасць магчымасць хутчэй пераадолець адставанне ў сельскай гаспадарцы», — паведаміў Алег Кажамяка.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.