Вы тут

Спадчына збіральніка даўніны


Ідэя выстаўкі «Руплівец беларускай даўніны», якая нядаўна адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, аб’яднала два юбілеі: 170-годдзе з дня нараджэння гісторыка, археографа, краязнаўцы Аляксея Сапунова і 100-годдзе нашай слыннай кніжніцы.


Кніга Аляксея Сапунова.

Упершыню ў экспазіцыі спалучылі дзве часткі спадчыны Аляксея Сапунова: кнігі, якія ён напісаў, і выданні з яго ўласнай бібліятэкі. Тут можна пабачыць унікальныя матэрыялы з архіва апантанага даследчыка: некаторыя асабістыя рэчы (прадастаўлены Віцебскім абласным краязнаўчым музеем), фотаздымкі, дакументы.

Першае, што бачыць наведвальнік выстаўкі, — кніга, на якой адмыслова выціснуты экслібрыс: «А. Б. Сапуноў», побач — штамп-пячатка, пры дапамозе якой і рабіўся адбітак. Дзякуючы пячатцы, што цяпер лічыцца мемарыяльнай рэччу, праз гады ўдалося ідэнтыфікаваць кнігі, якія належалі навукоўцу, прасачыць іх лёс. Акрамя таго, збіральнік пазначаў выданні, якія яму належалі, і ўласным подпісам — на тытульным аркушы ці на вокладцы.

У першай частцы выстаўкі змешчаны і дакументы біяграфічнага плана. Напрыклад, радавод даследчыка. Сапуноў замовіў яго ў сваяка з Усвятаў Міхаіла Сапегіна. Той, каб расшукаць звесткі, звяртаўся ў архіў Усвяцкай эканоміі. Але знайшоў нямнога: па бацьку прасачыў лінію да прадзеда Івана Сапунова, а па маці — толькі да дзеда. Па сямейнай легендзе, прадзед меў прозвішча Палякоў, быў выхадцам са Смаленскай губерні. За ім замацавалася мянушка Сапун, якая пасля ператварылася ў прозвішча.

Адзін з найцікавейшых дакументаў — выданне Уладзіміра Стукаліча «Аляксей Сапуноў. Да 25-годдзя яго навуковай і літаратурнай дзейнасці». Калі кніга выдавалася, Сапуноў ужо быў вядомы, імя яго прагучала на ўсю Расійскую імперыю. Выданне, прадстаўленае ў экспазіцыі, пабывала ў руках Сапунова — ён зрабіў на ім пэўныя пазнакі, што датычылі паходжання яго роду. Найбольш адзнак і дапаўненняў у канцы кнігі, у бібліяграфіі — каля 20 дадатковых нумароў артыкулаў.

Частка матэрыялаў на выстаўцы звязана з Віцебскай мужчынскай гімназіяй — будучы даследчык там вучыўся. Калі зазірнуць у сшытак вучня 4 класа Аляксея Сапунова за 1865 год, можна падзівіцца на бездакорнасць каліграфічнага почырку на акуратных старонках.

Пасля заканчэння гімназіі Сапуноў вучыўся ва ўніверсітэце ў Санкт-Пецярбургу на гісторыка-філалагічным факультэце. У экспазіцыі размешчаны сшытак лекцый — канспект па еўрапейскай літаратуры студэнта 3 курса Аляксея Сапунова. Тыя ж бездакорныя літары… Па вяртанні малады спецыяліст павінен быў выкладаць у сваёй жа гімназіі старажытныя мовы. Пачаў працаваць у 1873 годзе. Праз год зацвердзілі настаўнікам з правам выкладаць гісторыю. Пазней зацікавіўся мясцовай гісторыяй.

— Своеасаблівым штуршком для гэтага стаў выпадак: калегі прынеслі дакумент, напісаны мясцовым скорапісам, і ніхто не змог яго расчытаць. З’явілася пэўная злосць: чаму, маўляў, ведаем гісторыю Генрыхаў і Карлаў, а ў сваёй не можам даць рады! — распавядала падчас экскурсіі куратар выстаўкі Таццяна Захарава.

Аляксей Сапуноў стаў першым летапісцам гімназіі: «падняў» і апублікаваў дакументы па гісторыі ўстановы, спісы, у якіх сярод імёнаў выкладчыкаў ёсць і яго імя.

Тут жа прадстаўлены і асабістыя дакументы даследчыка, напрыклад, фармулярны спіс аб службе ганаровага міравога суддзі па Віцебскім павеце А. П. Сапунова, дзе ёсць звесткі і аб атрыманых узнагародах (быў уганараваны ордэнам Святой Ганны 2-й ступені і ордэнам Святога Станіслава 3-й ступені). Пазнейшы дакумент — аб уганараванні «Памочніка інспектара Маскоўскага ўніверсітэта ордэнам Святога Уладзіміра 4-й ступені».

Асобны раздзел выстаўкі прысвечаны віцебскай даўніне. Сярод іншых тут знаходзіцца грунтоўны зборнік дакументаў па гісторыі Віцебшчыны XI—XIX стагоддзяў. Запланавана было шэсць тамоў, але выйшла толькі тры. Першы з іх пабачыў свет у 1883 годзе, змест яго тычыцца выключна горада Віцебска, у выданні прыведзены віцебскі летапіс і мноства іншых дакументаў эпохі: інвентары горада, граматы, статыстычныя звесткі. У скураной вокладцы экзэмпляр аформлены адмыслова, з адбіткам Сапунова на 3-й старонцы. Выданне багата ілюстравана. Аўтар падарыў яго мясцоваму бібліяфілу, пасля чаго кніга трапіла ў фонд бібліятэкі.

Наступным выйшаў 4-ы том, пад вокладкай якога змешчана гісторыя Полацка часоў Лівонскай вайны. Пасля выхаду праца была заўважана і высока ацэнена: Міністэрства адукацыі рэкамендавала яе ў школьныя фундаментальныя бібліятэкі для абавязковага вывучэння.

Даследчыца творчасці Сапунова Людміла Хмяльніцкая мяркуе, што ідэю выдання «Віцебскай даўніны» Аляксею Сапунову падказаў мясцовы доктар і калекцыянер Карл Бергнер. Дарэчы, яго сын Карл Карлавіч таксама быў вядомым бібліяфілам-калекцыянерам. Частку сваёй калекцыі ён потым перадаў у Віцебскае царкоўнае старажытнае сховішча — першы царкоўна-археалагічны музей на тэрыторыі Віцебшчыны, папярэднік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Такім чынам там і апынуліся некаторыя кнігі Сапунова. Менавіта Аляксей Сапуноў разам з Карлам Бергнерам былі аднымі з ініцыятараў арганізацыі гэтага музейнага сховішча.

— Як навуковец Аляксей Сапуноў тварыў у рэчышчы тагачаснай ідэалогіі, на пачатку сваёй дзейнасці належаў да кірунку заходніх русістаў, якія не адрывалі мясцовую гісторыю ад агульнарасійскай, але паступова яго погляды эвалюцыянавалі, — расказвае Таццяна Захарава. — Сваімі росшукамі ён даказаў, што гісторыя беларусаў адрозная. Так, у прадстаўленым дакуменце — канспекце лекцый «Курс беларусазнаўства», якія ён чытаў у Віцебску ў настаўніцкім інстытуце, яскравым таму пацвярджэннем сталі загалоўкі раздзелаў.

Дарэчы, гісторыяй набыцця кніг для бібліятэкі (на той час — універсітэцкай) займаўся яе тагачасны дырэктар Іосіф Сіманоўскі. Ён быў адным з першых, каму ў 1923 годзе А. Сапуноў прапанаваў выданні… Пабачыць іх, а таксама даведацца цікавосткі пра жыццё і даследчыцкую дзейнасць вядомага краязнаўцы можна ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі да пачатку мая. Арганізатары выстаўкі — Віцебскі абласны краязнаўчы музей і Нацыянальная бібліятэка Беларусі пры падтрымцы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, які падаў дакументы, што асвятляюць перыяд паступлення кніг А. Сапунова ў фонд бібліятэкі.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.