Вы тут

Замест «Антонаўкі» — «Імант»? «Яблычныя» клопаты беларускіх селекцыянераў


Хочаш быць маладым — еш яблыкі, хочаш быць здаровым — еш яблыкі, хочаш быць разумным — еш яблыкі. Такое выказванне прыпісваецца Авіцэне, і калі верыць гэтаму, у нас ёсць усе шанцы быць здаровымі, разумнымі і не старэць. Як адзначаюць у Інстытуце пладаводства, беларускія глебы і клімат ідэальныя для вырошчвання яблыкаў.


— Усе глебы ў Беларусі прыдатныя для вырошчвання яблынь, — расказвае вядучы навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых культур РУП «Інстытут пладаводства», кандыдат сельскагаспадарчых навук Сяргей Ярмоліч. — Ёсць рэгіёны ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях, дзе пераважае пясок, але там усё роўна вырошчваюцца яблычныя сады — недахоп вільгаці, перагною або мінеральных рэчываў папаўняецца звычайнымі тэхналагічнымі метадамі. У любой вобласці нашай краіны яблыні і грушы даюць ураджаі.

Гадоў 50 таму беларусь асацыявалася ў замежнікаў — у першую чаргу ў жыхароў брацкіх рэспублік — з «антонаўкай» і «белым налівам», хоць абодва сарты — расійскай селекцыі. Сёння, па словах Сяргея Ярмоліча, іх месца занялі беларускія сарты «імант» і «дарунак».

Колер і форма

— У апошняе дзесяцігоддзе ў сувязі з тым, што фермеры выйшлі на высокі ўзровень вырошчвання пладовых культур, Беларусь, калі казаць пра яблыкі, асацыюецца не з «белым налівам», а з сартамі «імант» і «дарунак», што пастаўляюць у Маскву і Санкт-Пецярбург нашы вытворцы, — распавядае суразмоўнік. — Гэта яблыкі позняга тэрміну паспявання, якія доўга захоўваюцца. Сорт «імант» мае плады кругла-канічнай формы, насычанага чырвонага колеру і кіславата-салодкага смаку. Па якасці яны не адрозніваюцца ад імпартных (спажывец часам блытае іх з вядомым нямецкім сортам «гластэр»). «Дарунак» мае плады круглай формы, яны таксама насычана-чырвоныя і іх гэтак жа ахвотна купляюць. Гэтыя два сарты ведаюць усе, хто займаецца экспартам і перапродажам яблыкаў у апошнія дзесяць гадоў.

Форма яблыкаў — далёка не найменш значны крытэрый для селекцыянера. Як і афарбоўка пладоў, тлумачыць суразмоўнік. Смак, вядома, вельмі важны — але ж спажывец у крамах выбірае яблыкі па вонкавым выглядзе, а не на смак. Гэта на рынку яблыкі можна пакаштаваць.

— Зараз рынак патрабуе, каб яблыкі былі круглыя ці кругла-канічныя. Класічная плоска-акруглая форма пладоў менш запатрабаваная. Гэта звязана з тым, што марачныя сарты ўкладваюцца ў ячэйкі, у якія выдатна ўваходзяць яблыкі больш круглай і выцягнутай формы. Плоска-акруглыя плады не так кампактна змяшчаюцца ў тару для перавозкі. І з пункту гледжання лагістыкі значна больш запатрабаваныя круглыя, а ў ідэале — кругла-канічныя плады.

Што датычыцца колеру, ён павінен быць аднастайны — чырвоны бачок не вітаецца пакупніком.

— Таксама апошнім часам рынак патрабуе, каб яблыкі былі аднастайнага колеру — чыста жоўтыя, чырвоныя або зялёныя, без плям і паўтонаў. Еўропа і ЗША ўжо даўно дыктуюць гэты трэнд, які падхапілі ва ўсім свеце, — расказвае спецыяліст.

Аб смаку... спрачаюцца

Пакуль гараджане даядаюць імпартныя яблыкі ўраджаю мінулага года («У буйных гіпермаркетах пераважаюць распаўсюджаныя імпартныя сарты», — кажа Сяргей Ярмоліч), уладальнікі прысядзібных участкаў якраз цяпер набываюць і высаджваюць саджанцы яблынь.

— Нашы садаводы вельмі пільна сочаць за дзейнасцю інстытута, і як толькі з'яўляюцца новыя сарты, яны набываюць атожылкі, нават не чакаючы з'яўлення ў продажы саджанцаў, прышчапляюць іх і да моманту афіцыйнага прызнання сорту ўжо каштуюць плады, вырашчаныя сваімі рукамі, — распавядае суразмоўнік.

Калі новы сорт набывае фермер да ўключэння першага ў Дзяржрэестр, з ім заключаецца дамова аб нераспаўсюджванні. Калі сорт будзе ўключаны ў Дзяржаўны рэестр сартоў, фермер зможа прадаваць плады, а пакуль — проста пакаштаваць іх і паглядзець, як будзе адчуваць сябе культура на яго зямлі. Інстытут пладаводства ж, са свайго боку, забяспечвае навуковую падтрымку: спецыялісты выязджаюць да фермера, праводзяць кансультацыі і назіраюць за ростам дрэўцаў.

— У сувязі з тым, што рынак перанасычаны сартамі яблыкаў позніх тэрмінаў паспявання, у апошнія пяць гадоў селекцыянеры працавалі над сартамі, што даюць ранні ўраджай, — адзначае суразмоўнік. — Яны запатрабаваныя таму, што фактычна ўжо ў пачатку лета можна есці яблыкі ўраджаю не мінулага, а гэтага года. Вельмі ранняга тэрміну паспявання — наш новы сорт «ранак». Ён дае плады раней, чым нават даволі вядомая «папіраўка» — ужо ў сярэдзіне ліпеня можна збіраць ураджай: яблыкі ярка-жоўтага колеру, круглай формы і кісла-салодкага смаку. Стварэнне ранніх сартоў дазваляе пашырыць тэрміны спажывання яблыкаў: свежыя яблыкі цяпер могуць быць на стале з ліпеня і аж да наступнага мая. Такім чынам, «выпадае» толькі чэрвень. Садоўніку застаецца правільна падабраць сарты яблынь, якія ён высадзіць у сваім садзе.

Раней з ранніх сартоў айчыннай селекцыі ў арсенале дачнікаў быў у асноўным толькі народны «белы наліў», далей распаўсюдзіліся сарты «алена» і «каваленкаўскае».

— З сартоў сярэдняга тэрміну паспявання ў апошнія гады з'явіліся «аксаміт» і «паланэз», — расказаў спецыяліст. — Плады ярка-чырвонага колеру, спеюць у жніўні.

Яблыкі гэтых двух сартоў салодкія. Уласна, слодыч пладоў і была адным з ключавых крытэрыяў, якія закладваліся падчас работы над іх вывядзеннем.

Цяпер пагаворым пра смак яблыкаў. Вось вы якія любіце яблыкі? Калі кісла-салодкія, вы не ў трэндзе. Справа ў тым, што Еўропа, як расказалі спецыялісты, дыктуе моду на салодкія яблыкі.

— Кісла-салодкі — гэта класічны яблычны смак. Сярод імпартных сартоў яблыкаў таксама ёсць кісла-салодкія або кіслыя (у асноўным зялёнай афарбоўкі), але іх няшмат. Як правіла, імпартныя, звыклыя ў тым ліку і нашаму гараджаніну яблыкі — выразнага салодкага смаку.

Смак яблыкаў «з кіслінкай» больш гарманічны, кажа суразмоўнік, і пакаленне сярэдняга і старэйшага ўзростаў аддае перавагу менавіта такім яблыкам. Але падраслі дзеці, што выхоўваліся на салодкіх сартах, пакаленні дачнікаў паступова змяняюцца, і менавіта на больш маладых садаводаў і былі арыентаваныя айчынныя сарты «аксаміт» і «паланэз», працягвае спецыяліст.

Тэрмін захоўвання яблыкаў залежыць ад сорту. Ранняспелыя яблыкі збіраюць у ліпені, сярэдняспелыя — у жніўні, познія — у кастрычніку (сярод іх таксама запатрабаваныя ўжо ўпадабаныя айчыннымі дачнікамі новыя сарты «белана» і «дыямент»). Але калі раннія яблыкі захоўваюцца максімум два месяцы, познія будуць мець таварны выгляд і смакавыя якасці да наступнага мая. Асабліва калі гэта сорт не толькі позняга тэрміну паспявання, але і позняга тэрміну спажывання — такім пладам трэба паляжаць некалькі тыдняў, каб яны максімальна праявілі свой смак. Зрэшты, большасць сартоў яблыкаў можна есці адразу з дрэва.

Грушы: з'ядаем хутка?

Калі з саджанцамі яблынь у айчынных садаводаў усё ў парадку — існуе шырокі спектр сартоў розных тэрмінаў паспявання, — то беларускія грушы пакуль у асноўным можна набыць толькі восенню і толькі на рынках.

— У прыватным сектары грушы вырошчваюць, але буйныя гаспадаркі ў вялікіх аб'ёмах саджаць гэтую культуру пакуль не рашаюцца, — гаворыць суразмоўнік. — Да нядаўняга часу існавала праблема: у беларускай селекцыі практычна не было сартоў, якія доўга захоўваюцца. Пераважалі сарты ранняга і сярэдняга тэрміну паспявання. А расійскія і іншыя імпартныя сарты груш у нашых кліматычных умовах не набіралі патрэбных памераў і смаку. Быў адзіны сорт — «беларуская позняя», — які запатрабаваны дагэтуль, таму што плады захоўваюцца аж да лютага. Па колеры гэтыя грушы падобныя на шырока вядомую «канферэнцыю», але адрозніваюцца ад яе па форме і смаку. А ў асноўным садаводам прапаноўваліся сарты груш, якія захоўваліся месяц-два, і рэалізаваць якія трэба было да Новага года. І гаспадаркі, вырасціўшы такія грушы, сутыкаліся з праблемай, як хутка іх прадаць.

Новы сорт грушы названы «завея», і галоўная яго каштоўнасць у тым, што плады ў звычайным склепе, без спецыяльных умоў, могуць захоўвацца аж да сакавіка.

— Гэта сорт позняга тэрміну паспявання, плады здымаюць у канцы кастрычніка, — расказаў спецыяліст. — Грушы «завея» — насычанага жоўтага колеру і класічнай формы, з хрумсткай мякаццю.

Будзем вырошчваць персікі

Сёння, кажа селекцыянер, саджанцы і чаранкі яблынь не так запатрабаваныя ў дачнікаў і ўладальнікаў прысядзібных участкаў, як костачкавыя — вішня і чарэшня, сліва, а таксама персікі і абрыкосы.

— Апошнім часам больш купляюць костачкавыя. І ў гэтым кірунку таксама вядзецца асноўная селекцыйная работа. Створаны новы сорт слівы, які цяпер перададзены на дзяржаўныя выпрабаванні. Гэта сорт «панна», вельмі буйнаплодны — плод насычанага сіняга колеру, вагой каля 50 грамаў, з маленькай костачкай, што аддзяляецца. На мой погляд, ён перасягае многія імпартныя сарты. Таксама перададзены на выпрабаванне першы беларускі сорт персіка «лойка», з'явіліся айчынныя сарты абрыкоса — буйнаплодны салодкі «дэбют», «камея» і «лявон».

Як расказаў Сяргей Ярмоліч, персікі і абрыкосы беларускія садаводы спрабуюць вырошчваць ужо не першы год. Зімы перасталі быць суровымі, клімат стаў мякчэйшы, і ў людзей з'явіўся інтарэс да такіх культур. Персікавыя і абрыкосавыя дрэвы цалкам нармальна адчуваюць сябе ў нашым клімаце, але ўраджай замежных сартоў атрымаць можна далёка не кожны год, да таго ж плады не паспяваюць добра выспець.

— Лепш за ўсё гэтыя культуры развіваюцца на поўдні Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Але прыватнікі спрабуюць вырошчваць іх і ў Віцебскай вобласці. На жаль, замежныя сарты гэтых культур пакутуюць нават ад нашых цёплых зім. Сама расліна не загіне: абрыкосавае дрэва, напрыклад, можа вытрымліваць маразы да -30°. Больш шкоды будучаму ўраджаю наносіць звычайнае ў нашых шыротах пахаладанне падчас цвіцення гэтых культур: калі надвор'е ў дадзены перыяд будзе сапраўды халоднае, ураджаю можна не дачакацца.

Беларускія сарты персіка і абрыкоса створаныя з улікам асаблівасцяў нашага клімату. Некаторыя садаводы ўжо прышчапілі іх чаранкі на сваіх «сотках». А саджанцы беларускага персіка з'явяцца ў продажы на працягу найбліжэйшых некалькіх гадоў, калі сорт пройдзе ўсе неабходныя выпрабаванні і будзе ўключаны ў Дзяржаўны рэестр сартоў.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.