Вы тут

Жыхар вёскі Балоты зарэгістраваўся як рамеснік і выконвае заказы з драўніны


Праблема занятасці сельскіх жыхароў застаецца надзвычай актуальнай. З цяперашнім узроўнем тэхнічнага аснашчэння і механізацыі сельгаспрадпрыемствам патрабуецца ў разы менш працаўнікоў, чым было яшчэ нават дзесяцігоддзе таму. Да таго ж у выніку працэсаў аптымізацыі скарачаюцца невялікія ўстановы і арганізацыі, якія давалі работу людзям. Знайсці работу жыхару вёскі часам бывае вельмі няпроста. Але ж ёсць у сельскай мясцовасці асобы прадпрымальныя, якія шмат чаго ўмеюць рабіць рукамі. Яны заўсёды знаходзяць магчымасць зарабляць, каб належна ўтрымліваць сям'ю. З такім актывістам наш карэспандэнт пазнаёмілася ў вёсцы Балоты Кобрынскага раёна.


На падворку ў Сяргея Курышкі размясціліся цэлыя экспазіцыі дэкаратыўных млыноў, казачных домікаў, цацачных вазкоў — трапляеш нібы ў музей ці этнаграфічны куток. Гаспадар працуе толькі з натуральным дрэвам. З-пад яго інструментаў выходзяць як звычайныя альтанкі і арэлі эканом-класа, так і вырабы, што нагадваюць творы мастацтва. Гэта ўжо ў залежнасці ад пажаданняў і бюджэту заказчыка. Сяргей Ігнатавіч робіць прадукцыю толькі пад заказ. Яно і зразумела: драўніна — асноўная сыравіна — зараз моцна падаражала. І рабіць нешта ў якасці выставачнага варыянта, па прынцыпе «можа, хто купіць», не выпадае.

Сяргей Курышка зарэгістраваўся як рамеснік і знаходзіцца ў гэтым статусе больш за дзесяцігоддзе. Гаворыць, што з дрэвам любіў працаваць заўсёды, з маладых гадоў гэта было яго хобі, якое потым паступова ператварылася ў справу жыцця.

— Нават і не ведаю, ад каго такое захапленне, — задумаўся майстар. — Не сказаць, каб дзяды былі сталярамі на ўсю акругу, але ж, безумоўна, умелі зрабіць асноўныя гаспадарчыя рэчы і прылады. Бацька заўсёды больш цікавіўся тэхнікай, працаваў у калгасе інжынерам. Ну а я… Трэба ж некаму быць першым!

Рамеснік паказвае сваю майстэрню, дзе размяшчаюцца станкі і абсталяванне. Сёлета тут узведзена печка, каб зручна было працаваць зімой. Гэта асноўнае рабочае месца. А ў садзе стаяць альтанка і арэлі, якія могуць служыць узорамі для зацікаўленых, патэнцыяльных заказчыкаў. Арэлі ў выглядзе лаўкі, якая прымацавана ланцугамі-тросамі, здольны змясціць адразу дваіх дарослых

альбо траіх-чатырох дзяцей, — мара любога дачніка. Зроблены яны з дахам, таму нагадваюць альтанку. На гэтай рухомай лаўцы можна, злёгку пагойдваючыся, адпачываць з кнігай альбо планшэтам у любое надвор'е. Ну а вялікая альтанка са сталом і лаўкамі будзе дарэчы на падворку любога дома. Сяргей Курышка робіць усё пад ключ з устаноўкай. Гэта адразу паведамляецца патэнцыйнаму заказчыку.

Зараз у яго ахвотна заказваюць невялікія архітэктурныя формы для дзіцячых пляцовак. А найбольшым попытам карыстаюцца драўляныя прыбіральні.

— Людзі пачалі больш цікавіцца дамамі ў вёсцы, набываць іх, таксама прыводзіць у парадак старыя бацькоўскія альбо дзедаўскія сядзібы, — разважае рамеснік. — Купіў гэткую хаціну, а што ў першую чаргу патрэбна? Вядома, туалет. Гэтыя вырабы, што да апошняга часу каштавалі 300 рублёў, ідуць, можна сказаць, «на ўра». Ну і яшчэ дэкаратыўныя млыны з задавальненнем набываюць гаспадары прыватных сядзіб, — паказвае гаспадар.

І не толькі на продаж вырабляе розныя рэчы Сяргей Курышка. У яго роднай вёсцы шмат чаго зроблена яго рукамі. Ну, напрыклад, крыжы ўстанавіў на ўездзе з розных канцоў.

Гэта справа святая, паводле слоў майстра. Уязная група, дзе побач з жалезнай шыльдай устаноўлены драўляныя дэкаратыўныя элементы, — таксама справа яго рук. Як свядомы жыхар сваёй малой радзімы, ён падыходзіць да ўсяго па-гаспадарску. Даўно ўжо ў цэнтры населенага пункта стаяў стэнд для аб'яў. Курышка рашыў яго аздобіць, зрабіць адметным. Дзень работы патраціў. А потым логіка падказала, што абапал гэтай шыльды-шчыта добра было б лаўкі зрабіць, каб людзі маглі не толькі прачытаць аб'яву, але і пасядзець, пагутарыць. Лаўкі таксама неўзабаве з'явіліся. Майстру цяпер прыемна бачыць аднавяскоўцаў, якія там адпачываюць.

Старшыня Кісялевіцкага сельскага Савета дэпутатаў Іван БУДЗЬКО адзначае:

— Сяргей Курышка ўжо чацвёртае скліканне абіраецца дэпутатам сельскага Савета, што з'яўляецца сведчаннем яго актыўнай грамадзянскай пазіцыі. На сесіях мясцовага органа ўлады дэпутат не мае звычкі адседжвацца — заўсёды прымае ўдзел у абмеркаванні, выказвае сваё бачанне той ці іншай праблемы. Ну і калі датычыцца канкрэтнай справы, скажам, па добраўпарадкаванні тэрыторыі, паляпшэнні знешняга выгляду вёскі, ён у першых радах. Яго вырабы ўпрыгожваюць многія мясціны населенага пункта.

Сяргей Ігнатавіч у Балотах нарадзіўся і вырас, скончыў школу, тут стварыў добрую сям'ю, знайшоў сваё месца ў жыцці. Можна сказаць, што на такіх людзях нашая сельская мясцовасць і трымаецца, — падсумаваў кіраўнік мясцовай улады.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Кобрынскі раён

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Ад хобі да справы жыцця

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.