Вы тут

Звычайныя будні старшыні. Каб усюды паспець, неабходна працаваць 24 гадзіны ў суткі


У старшынь раённых Саветаў дэпутатаў шмат клопатаў і абавязкаў. Яны займаюцца і выхаваннем сем'яў, у якіх дзеці знаходзяцца ў небяспечным становішчы, і добраўпарадкаваннем могілак, населеных пунктаў і зносам пустых і старых дамоў, і яшчэ шмат якімі пытаннямі, што датычацца жыццезабеспячэння людзей. Карэспандэнт пацікавілася ў старшыні Барысаўскага райсавета дэпутатаў Пятра Навіцкага, як праходзяць яго будні, якія праблемы хвалююць, як яны вырашаюцца.


Да месца працы не даехаў

Рашэннем раённага выканаўчага камітэта створана камісія па садзейнічанні занятасці насельніцтва, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў. Сюды ўваходзяць кіраўнікі суб'ектаў гаспадарання, прадстаўнікі ўпраўленняў унутраных спраў, а таксама па працы і сацыяльнай абароне, аддзела адукацыі, падатковай інспекцыі.

— У базе даных за 2020 год у Барысаўскім раёне знаходзяцца больш 9000 грамадзян, з якімі мы працуем. Пасля карпатлівага аналізу і вывучэння 3688 чалавек прызнаны занятымі ў эканоміцы, — кажа Пётр Навіцкі. — Камісія засядае штотыдзень па чацвяргах, выязджае ў раён. Сёлета правялі каля 10 пасяджэнняў, у тым ліку дзевяць выязных на тэрыторыі буйных сельсаветаў. Напярэдадні візіту прашу старшынь сельвыканкамаў вывучыць базу вакансій, а на камісію запрасіць кіраўнікоў сельгасарганізацый, прыватнага бізнесу.

Не занятых у эканоміцы падзялілі па рэйтынгу. Хтосьці не працуе пяць гадоў, хтосьці — дзесяць, пятнаццаць і больш за дваццаць. Усе гэтыя катэгорыі ў раёне ёсць. Зразумела, што мы іх шукаем, запрашаем на камісію. Ёсць і такія грамадзяне, якія, мякка кажучы, даволі непрыязна ставяцца да прапаноў нашай камісіі, маўляў, не працаваў і працаваць не буду.

Здараецца, што, атрымаўшы ў камісіі накіраванне на працу, чалавек нават не даязджае да адрасата, хоць ёсць дамоўленасць з кіраўніком, які чакае патэнцыйнага работніка. Сёння, як канстатуе Пётр Віктаравіч, незанятыя хочуць працаваць блізка ад дома, мець зарплату не менш за тысячу рублёў. Ёсць грамадзяне з дзвюма вышэйшымі адукацыямі, але яны ніколі не працавалі па спецыяльнасці. Дыплом, можна сказаць, з моманту заканчэння навучальнай установы праляжаў на паліцы. Таму ў такіх дыпламаваных выпускнікоў няма вопыту ў набытай прафесіі. Ім прапаноўваюць прайсці курсы па перанавучанні, на гэта па лініі ўпраўлення працы і сацыяльнай абароны выдзяляюцца сродкі. А запатрабаваны на рынку працы ў асноўным будаўнікі, зваршчыкі, цырульнікі і прадаўцы.

Абяцаюць, што выправяцца

На двары ХХІ век, і такое паняцце, як сям'я, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, павінна знікнуць наогул. Сёння ёсць магчымасць зарабіць, калі хочаш працаваць, каб забяспечыць дастойнае жыццё сваім блізкім, лічыць Пётр Навіцкі. На жаль, у Барысаўскім раёне больш як 240 неўладкаваных сем'яў.

— Мы іх выклікаем на пасяджэнні камісіі, гутарым, выхоўваем, ушчуваем, імкнёмся высветліць, што давяло бацькоў да асацыяльнага ладу жыцця, — расказвае Пётр Віктаравіч. — За кожнай такой сям'ёй замацаваны работнікі райвыканкама, дэпутаты раённага Савета, якія, так бы мовіць, шэфствуюць над імі. Зразумела, што і мы таксама з імі працуем, наведваемся, цікавімся матэрыяльным становішчам, прывозім дзецям падарункі да розных свят.

Калі шэфы задаюць пытанне гора-бацькам, як яны апынуліся ў такім становішчы, звычайна тыя абяцаюць выправіцца.

— Сапраўды, сярод маіх падапечных дзве сям'і памянялі сваё жыццё, сталі на шлях выпраўлення і зняты з уліку. Аднак, на жаль, такіх няшмат, — сцвярджае мой суразмоўнік.

Спадзявацца на дзяржаву. А на сябе?

У раёне створана 18 аглядных камісій па супрацьпажарнай бяспецы, у тым ліку 12 з іх у сельвыканкамах. Штотыдзень, у асноўным па чацвяргах, яны наведваюць адзінока пражываючых, адзінокіх, ветэранаў, шматдзетныя сем'і, сем'і, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, злоўжываюць спіртным.

— На жаль, у 2020 годзе ў Барысаўскім раёне адбылося 134 пажары, у якіх загінуў 21 жыхар. У асноўным гінуць людзі, якія сябруюць з «зялёным змеем». З гэтай катэгорыяй грамадзян мы шчыльна працуем, вывучаем бытавыя ўмовы. Калі ёсць магчымасць, аказваем матэрыяльную дапамогу з раённага бюджэту на рамонт пячнога ацяплення, электраправодкі, устаноўку супрацьпажарнага апавяшчальніка. Зразумела, што адначасова ўсім не дапаможаш. Лічу, што людзі самі павінны паклапаціцца аб сваёй бяспецы. Але многія спадзяюцца толькі на дзяржаву. Аднойчы наведаўся ў сям'ю, дзе дзеці ў небяспечным становішчы. За кошт тэрытарыяльнага цэнтра ім атынкавалі печку. А маладыя, дужыя бацькі задаюць пытанне: «А чаму не пабялілі?» — дзеліцца суразмоўнік.

На думку Пятра Навіцкага, заслонай для такога ўтрыманства можа стаць больш жорсткае заканадаўства па некаторых пытаннях.

«Мёртвыя» вёскі і знос дамоў

На тэрыторыі раёна налічваецца 299 населеных пунктаў, восем з іх наогул «мёртвыя», тут няма ніводнага жыхара. У 12 пражывае па адным чалавеку, у 94 — ад двух да 10. Атрымліваецца, што 114 паселішчаў неперспектыўныя. Раней гаспадары мелі пры доме як мінімум па 25—30 сотак, якія цяпер зарастаюць.

— Мы шчыльна працуем са спадчыннікамі па Указе Прэзідэнта № 357 ад 4 верасня 2018 года «Аб пустых і старых дамах». Канешне, ён нам дапамог у тым плане, што даў больш працяглы перыяд на працэдуру зносу ў параўнанні з Указам № 100. Мы павінны апытаць суседзяў: з'яўляецца тут спадчыннік або не, падрыхтаваць пэўны пакет дакументаў. Затым сельсаветы падаюць іх у аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а райвыканкам прымае адпаведнае рашэнне. І тады мы вызначаем, што рабіць: звяртацца ў суд, зносіць пабудову ці прадаваць. У асноўным я настройваю старшынь сельвыканкамаў вырашаць пытанне праз суд. У нас быў выпадак. Знеслі дом, а літаральна праз месяц аб'явіўся спадчынннік і падаў судовы іск. Давялося яму заплаціць.

Дадам, што пры зносе дамоў і гаспадарчых пабудоў часам узнікае праблема з прысядзібнымі ўчасткамі. Магутная калгасная тэхніка не можа праехаць, каб іх заараць. Там, дзе надзел прымыкае да палёў севазвароту, перадаюць яго сельгасарганізацыі. Калі зямля знаходзіцца каля лесу, аддаюць лясгасу. Але ёсць участкі пасярэдзіне вёскі, якія нікому не патрэбныя. Іх стараюцца абкошваць, каб не ствараць пажаранебяспечную сітуацыю.

На могілках павінен быць наглядчык

У Барысаўскім раёне налічваецца шмат грамадзянскіх могілак. Па законе два месцы для пахавання грамадзянам даюцца бясплатна. За трэцяе ці чацвёртае месца чалавек павінен заплаціць у тым выпадку, калі могілкі аформлены, ёсць акт на зямлю і інвентарызацыя магіл. Грошы за дадатковыя пахаванні можна накіроўваць на добраўпарадкаванне. Знаходзяцца добраахвотнікі, якія прапаноўваюць адкрыць разліковы рахунак, куды пералічваць грошы на навядзенне парадку на могілках. Быў выпадак, калі такім чынам людзі падсыпалі дарогу да пагоста, каб без праблем наведваць магілы сваякоў і продкаў.

Як лічыць Пётр Віктаравіч, на аформленых могілках павінен быць наглядчык. Бывае, прыехалі сваякі, пахавалі родзіча без узгаднення з мясцовымі ўладамі. Як кажуць, да кожнага кантралёра не прыставіш. Разам з тым яны павінны звярнуцца ў сельсавет, дзе ім пакажуць месца для магілы. Навядзенне парадку на могілках — справа не аднаго дня. Трэба доўга і карпатліва працаваць з насельніцтвам, каб не было стыхійных пахаванняў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Птушка шчасця. Курыца: «фабрычная» або вясковая?

Птушка шчасця. Курыца: «фабрычная» або вясковая?

Курыца — самая папулярная і даступная сёння па цане мясная страва.

Грамадства

У тыле ворага. Да гадавіны выхаду першага падпольнага нумара «Звязды»

У тыле ворага. Да гадавіны выхаду першага падпольнага нумара «Звязды»

Гэта быў беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі беларускага друку!