Вы тут

Як у Мастоўскім раёне будзе працаваць абсталяванне, набытае падчас пандэміі?


Цяпер Мастоўская раённая бальніца працуе ў звычайным рэжыме, хоць некалькі месяцаў таму некаторыя аддзяленні былі перапрафіляваны для лячэння хворых на каранавірус. Для таго каб справіцца з пад'ёмам захворвання, было набыта ў тым ліку дадатковае абсталяванне. Толькі за квартал 2021 года на медыцыну было выдаткавана з раённага бюджэту звыш мільёна рублёў. Гэта амаль трэцяя частка таго, што затрачана на гэтую сферу за ўвесь мінулы год. Такія ўкладанні апраўданы і будуць запатрабаваны, лічыць намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама Марына Давыдзік.


Пачатак работы па пандэміі быў складаны, успамінае той час Марына Осіпаўна. У першую чаргу былі перапрафіляваны аддзяленні райбальніцы, каб прыняць усіх хворых. Дадаткова было разгорнута звыш 120 ложкаў. Акрамя гэтага, зроблены запас сродкаў для дэзынфекцыі, індывідуальнай абароны.

— Калі планаваўся бюджэт на 2020 год, мы не ведалі, што нам прыйдзецца з гэтым сутыкнуцца. Але мы аператыўна перанакіравалі сродкі. На шчасце, праблем асаблівых удалося пазбегнуць: быў створаны месячны запас усіх неабходных прэпаратаў і іншых медыцынскіх сродкаў, — расказвае прадстаўнік улады.

Таксама былі выдзелены сродкі на даплаты медыкам згодна з нарматыўнымі актамі. Гэта дапамога працягваецца, хоць колькасць хворых знізілася, а бальніца вярнулася да свайго звычайнага рэжыму. Только за першы квартал 2021 года дадаткова накіравана на барацьбу з каранавірусам звыш аднаго мільёна рублёў.

— Нам прыйшлося зрабіць дадатковыя пункты для падключэння кіслароду. Апратаў ШВЛ у нас было дастаткова, і яны спраўляліся. Мы абсталявалі дадатковыя пункты і ў рэанімацыйным аддзяленні, і у пульманалогіі. Такія ўкладанні патрэбны, і яны апраўданы. Гэта ўсё спатрэбіцца і ў далейшым, бо не толькі хворым з каранавіруснай інфекцыяй патрэбны кісларод — бывае, гэта неабходна пасля аперацыі і пры іншых хваробах, — зазначыла суразмоўніца.

На медыкаў прыпала нагрузка і ў плане перабудовы свайго жыцця: многім даводзілася быць на рабоце звыш нормы, ніхто не лічыўся з гэтым, бо аказвалі дапамогу людзям. Зараз у Мастах чакаюць маладое папўненне. Сёлета па размеркаванні з Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта сюды маюць прыбыць хірург, педыятр, урач агульнай практыкі і акушэр-гінеколаг. Мяркуецца прыезд сям'і з двух медыкаў. Малады спецыяліст замацоўваецца за вопытным урачом.

— Мы забяспечваем маладых спецыялістаў жыллём — гэта інтэрнат з усімі бытавымі выгодамі. Некаторыя здымаюць кватэры. Ёсць медыкі, якія атрымалі арэнднае жыллё. Тым не менш замацаванасць маладымі спецыялістамі жадае лепшага, — зазначыла ў размове Марына Осіпаўна. — І тут справа не ў бытавых умовах. Мы вывучаем гэтае пытанне і бачым, што моладзь «заточана» на паспяховасці. Маленькія гарады і раёны — гэта для іх старт, магчымасць атрымаць практычны навык, каб далей працягваць работу ў буйных цэнтрах. Для нас важны фактар — калі прыязджаюць сем'ямі, бо сямейныя застаюцца часцей.

Умовы для работы медыкаў нядрэнныя. Раён сур'ёзна ўклаўся ў аснашчэнне медыцынскай установы. Адрамантавана бальніца і паліклініка, на чарзе — харчовы блок. Летась купілі два аўтамабілі «хуткай дапамогі».

Цяпер у грамадстве важна даводзіць да людзей і такія думкі, як клопат аб уласным здароўі, лічыць прадстаўнік раённай улады. Спадзяванні на чароўныя таблеткі варта забыць і больш увагі ўдзяляць правільнаму ладу жыцця, харчаванню, фізічнай нагрузцы, псіхалагічнаму стану.

Маргарыта Ушкевіч

Фота Яна Хведчына

Загаловак у газеце: Выдаткі на медыцыну апраўданы

Выбар рэдакцыі