Вы тут

Калінкавіцкая раённая бальніца атрымала мабільны медыцынскі комплекс


Атрыманне спецыяльнага аўтамабіля для медабслугоўвання ў Калінкавіцкім раёне Гомельшчыны — чаканая падзея. Раён — у шасцёрцы самых працяглых і ў дзясятцы найбуйнейшых у Беларусі. Многія з мясцовых населеных пунктаў даволі аддаленыя адзін ад аднаго. І вось ужо два тыдні як туды выязджае ў рэйсы перасоўны медыцынскі комплекс.


Звонку — звычайны белы аўтобус з мінімумам вокнаў, унутры — мініамбулаторыя. Адзін з выездаў мабільнага комплексу — у аграгарадок Насавічы, што за 30 кіламетраў ад райцэнтра. Прыезду медыкаў мясцовыя чакалі ў памяшканні ФАПа. Некалькі хвілін патрабуецца кіроўцу, каб разгарнуць і падключыць генератар, ад якога запрацуюць разеткі электрапрыбораў, святло і ацяпленне, нават рукамыйнік з падагрэвам вады.

У спецыялізаваным аўто прадугледжаны некалькі функцыянальных зон. У першай — шафа для верхняга адзення і крэслы для перавозкі медперсаналу ў дарозе, якімі могуць скарыстацца пацыенты, пакуль чакаюць прыёму. Цэнтральная частка памяшкання — для медагляду і ўсіх неабходных даследаванняў. Тут жа ўладкавана і аптэка, паслугі якой вельмі папулярны ў вяскоўцаў. У трэцім адсеку — сумешчаныя гінекалагічная і працэдурная зона з маніпуляцыйным сталом для забору аналізаў. Прадугледжаны і халадзільнік для захоўвання і транспарціроўкі біяматэрыялу і вакцын.

— У 10 раніцы — ужо на месцы. За дзень у медыцынскі комплекс цяпер у сярэднім звяртаецца ад 10 да 15 чалавек, — адзначае памочнік урача агульнай практыкі Станіслаў Дулуб. — Праводжу дыспансерызацыю, вымяраю артэрыяльны, унутрывочны ціск, раблю агульны агляд і прызначаю абследаванне або лячэнне. У нас можна здаць агульны аналіз крыві і мачы, біяхімію. Калі будуць выяўлены адхіленні ад паказчыкаў нормы, то пацыенту абавязкова пра гэта паведамяць, патлумачаць, куды звярнуцца для прызначэння дадатковага абследавання. У любым выпадку дадзеныя аглядаў пацыентаў і вынікі аналізаў перадаю ўчастковаму ўрачу ва ўрачэбную амбулаторыю ці ў раённую паліклініку.

Памочнік урача агульнай практыкі Станіслаў Дулуб

Мабільны комплекс, перакананыя медыкі, вельмі вялікая дапамога для правядзення вакцынацыі на вёсцы.

— Мясцовыя жыхары вельмі рады нашаму прыезду, гэта таксама падтрымлівае нас у працы, — дадае памочнік урача агульнай практыкі.

Выязджае мабільны комплекс у раён штодня ў будні. Такім чынам, медыкі пабывалі ўжо ў дзевяці населеных пунктах. У прыярытэце вёскі, дзе няма фельчарска-акушэрскіх пунктаў ці часова адсутнічае медработнік.

Між тым з пачатку года на Гомельшчыне не даюць расслабляцца маразы. Не кожны вясковец зможа дабрацца да ўрача ў Калінкавічы.

«Улетку і ўвосень на паездкі ў паліклініку няма часу з-за агародаў, а ўзімку не хочацца выбірацца ў паездку з-за холаду, і вірусаў баімся. Таму мы, вядома, вельмі рады перасоўнаму ФАПу... І апошнія сельскія навіны даведацца, і важныя медыцынскія пытанні вырашыць, тую ж кардыяграму зрабіць, унутрывочны ціск памераць, здаць аналізы... Дзякуй за гэта нашым медыкам!» — дзеляцца вяскоўцы. Кажуць, мабільны комплекс — меддапамога з дастаўкай да парога дома.

— Перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт стаў вельмі важнай пакупкай для нашага раёна, — дзякуе ад свайго імя і ад імя сваіх калег намеснік галоўнага ўрача Калінкавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Анастасія Змушка.

Мабільны медыцынскі комплекс, набыты за сродкі абласнога бюджэту, дапаможа зрабіць аказанне меддапамогі на вёсцы больш даступным. Асабліва гэта важна для аддаленых ад райцэнтра населеных пунктаў.

— Калінкавіцкі раён наш уваходзіць у дзясятку самых буйных па плошчы ў краіне. Працягласць раёна — каля 90 кіламетраў. У нас 129 населеных пунктаў, многія з якіх знаходзяцца на значнай адлегласці адзін ад аднаго. На тэрыторыі абслугоўвання — 39 ФАПаў, дзве амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, тры ўчастковыя бальніцы, дзе прадугледжаны месцы з сястрынскім доглядам і асобная бальніца сястрынскага догляду. У цэлым у нашым раёне абслугоўваюцца каля 17 тысяч сельскіх жыхароў, — расказвае аб зоне адказнасці медыцынскага звяна раёна Анастасія Мікалаеўна.

У гэтай мясцовасці ўжо была наладжана практыка выязных прыёмаў на базе ФАПаў урачоў агульнай практыкі, за якімі замацаваныя пэўныя сельскія ўчасткі. Цяпер, дзякуючы мабільнаму медыцынскаму комплексу, ёсць магчымасць пашырыць аб’ём дапамогі і яе якасць.

— Акрамя забору біяматэрыялу для аналізаў, агульнага агляду, вымярэння артэрыяльнага ціску, продажу лекаў, у комплексе, пры неабходнасці змогуць весці прыём урачы агульнай практыкі і гінеколаг, — звярнула ўвагу Анастасія Змушка. — Мы імкнёмся вызначыць і выпрацаваць аптымальны графік работы мабільнага комплексу для кожнай вёскі. Перыядычнасць выездаў устанаўліваем у залежнасці ад аддаленасці вёскі ад устаноў аховы здароўя. Першапачаткова мабільнаы комплекс выязджаў у вёскі, дзе няма фельчарска-акушэрскіх пунктаў, ці ў іх часова адсутнічае медработнік альбо адзін спецыяліст сумяшчае працу ў некалькіх населеных пунктах. Калі ў вёсцы ёсць ФАП, але, напрыклад, маецца таксама значная колькасць насельніцтва і ахвотных атрымаць меддапамогу, то зноў жа будзе задзейнічаны мабільны комплекс. Калі з-за праблем са здароўем хтосьці з пацыентаў не зможа самастойна дабрацца да таго месца ў вёсцы, дзе размясціўся мабільны комплекс, да гэтага чалавека змогуць пад’ехаць асобна.

Дарэчы, медыкам з райцэнтра падчас выездаў на вёску ў плане інфармавання людзей актыўна дапамагаюць як медыцынскія работнікі, якія абслугоўваюць сельскія населеныя пункты, так і старшыні сельсаветаў і памочнікі старшынь па тых ці іншых населеных пунктах. Сельсаветы дапамагаюць у тым ліку з расчысткай дарогі і пляцоўкі, дзе на вёсцы размяшчаецца мабільны комплекс.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Калінкавіцкай ЦРБ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.