Вы тут

З якімі пытаннямі звярталіся да сенатара Сяргея Рачкова?


Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей РАЧКОЎ правёў прыём грамадзян.


Да сенатара запісаліся чатыры чалавекі, кожнага з якіх прывяла свая жыццёвая праблема.

Як падкрэсліў у размове з журналістамі старшыня профільнай камісіі, акрамя асабістых прыёмаў грамадзян сенатары актыўна праводзяць прамыя тэлефонныя лініі, не змяншаецца і колькасць пісьмовых зваротаў.

— У камісію па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы апошнім часам прыходзяць звароты, якія звязаны з новымі законапраектамі, што разглядаюцца ў Нацыянальным сходзе, — расказаў Сяргей Рачкоў. — Шэраг з іх мы ўхвалілі на мінулым тыдні, і звязаны яны з узмацненнем нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

У прыватнасці, людзей хвалюе законапраект аб недапушчальнасці рэабілітацыі нацызму, закон аб супрацьдзеянні эсктрэмізму, патлумачыў сенатар. Члены Савета Рэспублікі, са свайго боку, актыўна тлумачаць навэлы, якія з’яўляюцца ў законах. Але, з яго пункту гледжання, новы законапраект аб недапушчальнасці рэабілітацыі нацызму патрабуе больш сур’ёзнай інфармацыйнай работы.

— Вельмі шмат людзей падтрымліваюць тыя дзеянні, якія мы зараз рэалізуем, тыя даручэнні, якія дае кіраўнік дзяржавы, — акцэнтаваў увагу старшыня профільнай камісіі. — Але ёсць і тыя, хто ставяць пад сумнеў некаторыя палажэнні законапраекта. Паступаюць звароты юрыстаў, што мы не ў поўнай меры выконваем міжнародныя абавязальніцтвы Рэспублікі Беларусь.

Сяргей Рачкоў нагадаў, што ўсе законапраекты перад тым, як яны будуць разгледжаны парламентарыямі праходзяць абавязковую шматступенную экспертызу:

— Я хачу сказаць, што гэта дзесьці тры этапы юрыдычнай экспертызы, у тым ліку на адпаведнасць міжнародным абавязальніцтвам нашай краіны. Таму такія сцвярджэнні, як правіла, беспадстаўныя, — падкрэсліў ён.

Што тычыцца прыёмаў па асабістых пытаннях, тут пераважае праблематыка, звязаная з жыццёвымі праблемамі грамадзян.

— Мы вельмі ўважліва разглядаем усе звароты. У цэлым, павышэнне якасці работы са зваротамі грамадзян — гэта павышэнне даверу да ўлады і, адпаведна, гэта нас аб’ядноўвае ў Год народнага адзінства, — перакананы сенатар. — Мы імкнемся дапамагаць там, дзе гэта магчыма і ў межах закона.

Напрыклад, у Савет Рэспублікі звярнуўся Раман Алегавіч, які з’яўляецца сіратой і інвалідам трэцяй групы, адносна ўчынення ў адносінах да яго супрацьпраўных дзеянняў і непрыняцця па дадзеным факце мер рэагавання з боку дзяржорганаў. Пасля ўмяшання ў высвятленне ўсіх абставін справы старшыні профільнай камісіі, былі накіраваны адпаведныя лісты ГУУС Мінгарвыканкама ў Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама і пракуратуру Фрунзенскага раёна Мінска. Пытанне знаходзіцца на кантролі ў Савеце Рэспублікі.

І гэта не адзінкавы выпадак. Так, напрыклад, да сенатара звярнуліся жыхары вёскі Сялец, што ў Лідскім раёне, якія былі незадаволеныя якасцю праведзенага ў іх капітальнага рамонту. Пасля ўмяшання ў гэтую справу сенатара, у тым ліку дзякуючы агучанай праблеме ў сродках масавай інфармацыі, усе недапрацоўкі былі выпраўленыя.

Дарэчы, як падкрэсліў у гутарцы з журналістамі Сяргей Рачкоў, большай часткай людзей хвалююць пытанні добраўпарадкавання, рамонту дарог, жылога фонду.

— На вялікі жаль, па гэтай тэматыцы колькасць зваротаў не змяншаецца, што сведчыць аб тым, што мясцовыя органы ўлады не заўсёды дакладна разбіраюцца ў сітуацыях, што недапушчальна, — падкрэсліў ён. — Паколькі неабходна праяўляць самыя ўважлівыя адносіны да кожнага звароту.

Бягучы прыём таксама быў разнастайным па тэматыцы. Аляксандр Мікалаевіч прыехаў з Магілёва з просьбай пасадзейнічаць у аднаўленні на службе ў органах унутраных спраў. У свой час памыліўся, аб чым вельмі шкадуе. Ірына Уладзіміраўна з Бабруйска незадаволена вынесеным рашэннем суда ў дачыненні да яе сужэнца і прасіла старшыню звярнуць увагу на ход разгляду гэтай справы. Фёдар Іванавіч з Пухавіцкага раёна яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя страціў права ўласнасці на сталічную нерухомасць, а зараз імкнецца аднавіць справядлівасць. Былая мінчанка Таццяна Уладзіміраўна цікавілася працэсуальнымі момантамі праваабарончых арганізацый у адносінах свайго статусу. Усе пытанні будуць дасканала вывучаны, заяўнікі атрымаюць вычарпальныя адказы на ўзнятыя пытанні.

Даведка «МС»

Летась члены Савета Рэспублікі правялі 868 асабістых прыёмаў грамадзян, у тым ліку 415 выязных, 398 «прамых ліній», падчас якіх звярнуліся 2983 чалавекі. Усяго разгладжана 3967 пісьмовых зваротаў, у там ліку членамі Прэзідыума Савета Рэспублікі — 2559.

Як паведамілі ў профільнай камісіі, членамі Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы разгледжана 784 звароты, праведзена 169 асабістых прыёмаў (у тым ліку 93 выязныя) і 81 прамая лінія.

Ужо сёлета ў першым квартале сенатары правялі 216 асабістых прыёмаў грамадзян, 97 «прамых ліній», на якія звярнуліся 747 чалавек. Усяго разгледжана 1197 пісьмовых зваротаў, сярод якіх 779 — членамі прэзідыума.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.