Вы тут

З USB для зарадкі: сучасныя электробусы хутка з’явяцца ў сталіцы і рэгіёнах


Мінскі аўтазавод выпусціў буйную партыю найноўшых электробусаў для сталіцы нашай краіны і абласных цэнтраў.


Такім чынам, будучыня наступіла. Яшчэ год таму лідар нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка даў заданне транспартнаму ведамству аб стварэнні стартавай партыі аўтобусаў на электрычнай цязе. А сёння, напярэдадні святкавання дня Перамогі, у гарады Беларусі пастаўленыя першыя электробусы МАЗ. Хутка яны выйдуць спачатку ў абласных цэнтрах, а потым і ў самых аддаленых рэгіёнах нашай краіны.

Дзесяць першых – ужо ў дарозе

А сёння МАЗ адправіў першую партыю электробусаў у Мінск і абласныя цэнтры. Іх адрознівае вялікі запас ходу — без падзарадкі можна некалькі разоў перасекчы любы горад. Бясшумныя і экалагічна чыстыя МАЗ 303Е10 з кандыцыянерамі і USB-партамі неўзабаве з’явяцца на гарадскіх маршрутах.

Першая партыя ўключае 10 электробусаў МАЗ. Чатыры з іх перададзеныя КТУП «Мінсктранс» і паступілі ў сталічны транспартны парк № 1. Астатнія будуць курсіраваць у абласных цэнтрах. Іх плануюць выкарыстоўваць на гарадскіх маршрутах.

Электробусы пафарбаваны ў фірмовыя колеры перавозчыкаў: жоўты — для Мінска, зялёны — для абласных цэнтраў. Да асаблівасцяў камплектацыі, у прыватнасці, адносяцца цёплыя кнопкі, бескантактавая сістэма супрацьзашчымлення пасажыраў і высоўная апарэль для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. З цікавага — USB-парты на кожным шэрагу сядзенняў для зарадкі смартфонаў і планшэтаў.

«Для сферы перавозак гэта важная падзея: першыя электробусы МАЗ паступаюць у беларускія аўтапаркі для сталай эксплуатацыі. МАЗ 303Е10 прыкметна адрозніваецца ад іншых: стыльны сілуэт, вялікі запас ходу, высокая манеўранасць ды камфортны салон. Пры гэтым навінка адносіцца да аўтобусаў трэцяга пакалення, якія таксама прадстаўлены турбадызельным аўтобусам МАЗ 303266. Гэтыя мадэлі будуць фарміраваць аблічча аўтобусных гарадскіх перавозак у хуткай будучыні», — адзначаюць на заводзе.

Кластару па плячы многае

«Сёння знакавая падзея не толькі для Мінскага аўтамабільнага завода, але і ў цэлым для прамысловага комплексу Беларусі. МАЗ са сваімі партнёрамі паспяхова справіўся з няпростай задачай па вытворчасці першых 10 электробусаў за такі кароткі тэрмін. Роўна год таму мы дэманстравалі першы вопытны ўзор і атрымалі задачу на працягу года вырабіць 10 такіх машын. Як бачыце, яна вырашана. Наперадзе сур’ёзныя выпрабаванні ў розных гарадах, якія павінны пацвердзіць усе тыя тэхнічныя характарыстыкі, якія былі закладзеныя канструктарамі. Шлях, які выбраў калектыў МАЗа ў галіне зялёных тэхналогій і вытворчасці электратранспарту, верны, і прадпрыемству ўдалося стварыць сучасны, высока запатрабаваны прадукт», — сказаў міністр прамысловасці Пётр Пархомчык.

У Беларусі таксама сфарміраваны кластар па распрацоўцы і зборцы электрычнага транспарту. Распрацоўку электробуса вялі канструктары Мінскага аўтазавода ў супрацоўніцтве аб’яднаным інстытутам машынабудавання. Такая кааперацыя стала вельмі паспяховай і будзе працягнутая ў будучыні. Яна дазволіла вывесці на новы ўзровень навукова-тэхнічны патэнцыял краіны ў машынабудаўнічай сферы.

А яшчэ, развіццё вытворчасці электратранспарту стане адным іх прыярытэтаў беларускай прамысловасці, лічыць Пётр Пархомчык. Па яго словах, ужо створаны адпаведны інавацыйна-прамысловы кластар.

«Адным з прыярытэтных напрамкаў у прамысловасці на найбліжэйшую перспектыву стане развіццё электратранспарту ў нашай краіне. Фарміраванне новай падгаліны машынабудавання павінна надаць імпульс развіццю як вытворцаў транспарту на электрацязе, так і камплектуючых. Сумесна з НАН Беларусі сфарміраваны інавацыйна-прамысловы кластар «Электратранспарт».

Пархомчык адзначыў, што ў 2020 годзе прамысловасць паказала сур’ёзныя дасягненні. «У прамысловасці створаны эфектыўны тандэм па ўзаемадзеянні з навуковай супольнасцю. Найважнейшым кірункам у супрацоўніцтве з’яўляецца ўкараненне распрацовак вучоных у вытворчасць. Штогод ствараюцца інавацыйныя прадукты і ўкараняюцца перадавыя тэхналогіі», — сказаў ён.

А яшчэ міністр адзначыў, што да 2025 года асноўныя камплектуючыя айчынных электробусаў будуць вырабляцца на прадпрыемствах Беларусі.

Запас ходу – да 300 кіламетраў

Генеральны дырэктар ААТ "МАЗ" – кіруючая кампанія холдынгу «БелаўтаМАЗ» Валерый Іванковіч адзначыў, што ў мінулым годзе было прынята рашэнне, якое паслужыла пэўным этапам развіцця завода — пераход да вытворчасці электрычнага транспарту.

«Мы атрымалі заказ у 10 адзінак тэхнікі і абавязацельствы зрабіць гэты праект за год. І мы ўсё выканалі. Для нас гэта вялікая навука, школа. Гэта сур’ёзны выклік, калі прымаць пад увагу пытанні, звязаныя з пандэміяй, пастаўшчыкамі. Але разам з тым зроблены вялікі крок — атрыманы новы прадукт, які вызначае развіццё цэлага кірунку», — падкрэсліў дырэктар.

А крыніцай энергіі на МАЗ 303Е10 служаць акумулятарныя батарэі, якія адрознівае працяглы тэрмін службы і павышаная ёмістасць — 412 ампер у гадзіну. Запас ходу таксама ўражвае — да 300 км, што дазваляе здзяйсняць дзясяткі рэйсаў на адной зарадцы і забяспечвае бесперабойную працу на маршруце на працягу змены.

У дызайне электробуса прадугледзелі каларытную «гарбінку» на даху, якая паўтарае сілуэт зубра. Кідаецца ў вочы і панарамнае шкленне — яго амаль на трэць больш у параўнанні са звычайнымі аўтобусамі. Каркас зроблены з труб стойкай да карозіі сталі з адмысловым профілем для большай апорнай здольнасці. Панэлі з алюмінію і пластыку не баяцца нагрузак і забяспечваюць высокую рамонтапрыдатнасць. Над імі размешчана сілавая ўстаноўка, што дазволіла звесці да мінімуму шумы і вібрацыі.

У якасці рухавіка выкарыстоўваецца нямецкая ўстаноўка ZF CeTrax магутнасцю 300 кВт. У электрычнага «зубра» праўзыходныя многія аналагі дынаміка разгону, запас ходу і сярэдні расход электраэнергіі. Батарэі-назапашвальнікі можна зараджаць ад аўтаномнага трансфарматара ў 380 вольт або на спецыяльных станцыях з раздымам CCS2 Combo. Поўная зарадка пры максімальным току займае менш чатырох гадзін. На заводзе адзначаюць, што займацца зарадкай аўтобуса рэкамендуецца ў начны час, калі транспарт у горадзе практычна «спіць».

Памеры электробуса адаптаваныя пад гарадскія ўмовы: даўжыня — 12,43 метра, шырыня — 2,55 м, вышыня — 3,3 м. У салоне свабодна месціцца больш за 70 пасажыраў, з іх 30 — на сядзеннях. Яшчэ 14 месцаў ўключае безбар’ернае зона. Ацяпленне ў салоне электрычнае, а, значыць, экалагічнае. Кандыцыянер працуе ў двух рэжымах: абагравае зімой і астуджае летам.

Новую тэхніку перадалі транспартным арганізацыям ва ўрачыстай абстаноўцы з удзелам высокапастаўленых гасцей. На пляцоўцы ля Мінскага аўтазавода была арганізавана маштабная прэзентацыя электробусаў.

***

Некалькі слоў аб атрыманні прыбытку ад рэалізацыі дадзенага праекта. Электробус з начной зарадкай МАЗ-303Е10, створаны на базе гарадскога аўтобуса трэцяга пакалення, быў упершыню прадстаўлены журналістам у маі мінулага года. З тых часоў электробус прайшоў усе неабходныя выпрабаванні і ў студзені паспеў атрымаць «Адабрэнне тыпу транспартнага сродку» (АТТС), што адкрыла яму дарогу на рынак.

Па словах дырэктара завода, сукупнасць тэхналагічных пераваг і добрая цана дазволяць ужо ў хуткім часе беларускім электробусам канкурыраваць на рынках Расіі і Украіны, дзе зараз прыглядаюцца да новага беларускага праекту.

Мінскі аўтамабільны завод — адно з найбуйнейшых беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, якое спецыялізуецца на выпуску вялікагрузных аўтамабіляў, спецтэхнікі, аўтобусаў, тралейбусаў і прычапной тэхнікі. Гандлёвая марка МАЗ шырока вядомая ў СНД і далёкім замежжы. Тэхніка адпавядае экалагічным стандартам Еўра-5, 6. З канвеера завода сходзяць седлавыя цягачы, бартавыя аўтамабілі, шасі пад устаноўку рознага спецабсталявання — усяго больш за 500 мадэляў і мадыфікацый.

Сяргей КУРКАЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.