Вы тут

Патрыятычны марафон, флэшмобы, велапрабегі. Якія мерапрыемствы запланаваны ў рэгіёнах у гонар Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга?


Усе гэтыя колеры і сімвалы размешчаны на гербе і сцягу Рэспублікі Беларусь — абавязковых дзяржаўных атрыбутах, якія сімвалізуюць яе суверэнітэт. Гэтымі днямі ім асаблівая ўвага. Адпаведнае свята было ўстаноўлена яшчэ ў 1995 годзе, у той жа год па выніках рэферэндуму быў зацверджаны эталон герба і Палажэнне аб сцягу. З таго часу пад знакамі незалежнай Беларусі нарадзілася і вырасла цэлае пакаленне, яно ўжо ўступіла ў дарослае жыццё, працягвае справу сваіх бацькоў, якія будавалі новую Беларусь — тую, якой мы ганарымся, дзядоў, якія яе аднаўлялі пасля вайны, і прадзедаў, якія за яе ваявалі. Дарэчы, сімвалы гэтыя захавалі пераемнасць з тымі, пад якімі жылі і за якія паміралі папярэднія пакаленні. Важна, каб гонар за іх і за сваю краіну адчувалі і маладыя беларусы, і зусім юныя, і тыя, што будуць жыць пасля нас. Гэтаму прысвечаны многія дзеі Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Пра тое, чым напоўненыя дні, якія сёлета аб'ядноўваюць некалькі дзяржаўных свят, у паведамленнях нашых карэспандэнтаў.


Дзяржаўныя сцяг, герб і гімн адлюстроўваюць гістарычныя, духоўныя і маральныя якасці нацыі, асаблівасці культуры і светапогляду народа, яго самавызначэнне і самастойнае развіццё. Штогод у другую нядзелю мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга.

Рыхтуюцца да гэтага ўрачыстага дня і ў Мінскай вобласці. На Кургане Славы 9 мая адбудзецца мерапрыемства, прысвечанае 76-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, Дню Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь з удзелам старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, моладзі, ветэранаў.

У Бярэзінскім раёне запланаваны ўрачысты прыём у члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «У сімвалах гісторыя краіны», аўтапрабег «Сімвалы доблесці і народнага гонару», конкурс малюнкаў «Якога колеру Радзіма?»

На Барысаўшчыне пройдзе флэшмоб «Ганаруся маёй краінай», будзе працаваць пляцоўка, прысвечаная ўрачыстаму дню, дзе жыхары змогуць паслухаць канцэрт з песнямі пра Беларусь. Усім прысутным раздадуць сцяжкі з дзяржаўнай сімволікай, запусцяць паветраныя шары. Усе ахвотныя змогуць паўдзельнічаць у спаборніцтвах па маўтынбайку, у патрыятычным флэшмобе «Падымем сцяг разам», у акцыі «Гэта мой сцяг, гэта мая Беларусь».

У Валожынскім раёне збярэцца каардынацыйны савет грамадскіх арганізацый і палітычных партый. А ў кінатэатрах перад пачаткам сеансаў пакажуць хроніка-дакументальны фільм «Герб і сцяг маёй краіны». У Клецку арганізуюць круглы стол у фармаце «сустрэчы пакаленняў» на тэму «У сімвалах — гісторыя краіны». 9 мая тут стартуе акцыя-эстафета «Беларусь пачынаецца з мяне». Яна працягнецца да Дня Незалежнасці Беларусі 3 ліпеня.

Супрацоўнікі Лагойскага гісторыка-краязнаўчага музея імя Тышкевічаў правядуць урок грамадзянскасці «З гісторыі дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ


Цыкл святочных падзей пачаўся 5 мая з 75-й лёгкаатлетычнай эстафеты, прысвечанай 76-й гадавіне Перамогі і Дню дзяржаўных сімвалаў. Традыцыйна эстафета праводзіцца на прызы газеты «Гродзенская праўда». Месцам правядзення сталі гарадскія вуліцы.

А вось для маладзёжнага флэшмобу ў Навагрудскім раёне, які таксама адбыўся ў гэты дзень, месца не мела значэння. Галоўнае, каб задумка акцыі адпавядала вызначанай тэме. Трэба сказаць, што школьнікі і моладзь праявілі фантазію. Кожная група стварыла свой арыгінальны сюжэт з выкарыстаннем дзяржаўнай сімволікі.

6 мая каля Кургана Славы ў Гродне адбылося адкрыццё двухдзённай патрыятычнай гульні «Зарніца». Як расказаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Каваленка, школьнікі прадэманстравалі страявую падрыхтоўку, выканалі ваенізаваныя элементы і паказалі ўменне маршыраваць з песняй.

Свой цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга, праходзіць і ва ўсіх гродзенскіх універсітэтах. Напрыклад, у ГрГУ імя Я. Купалы адбудзецца фінал патрыятычнага марафону, у якім прымуць удзел 13 універсітэтаў краіны.

Школы горада Гродна праводзяць конкурс малюнкаў «Сімвалы маёй краіны», вынікі якога будуць падведзены непасрэдна ў дзень свята — 9 мая. Многія мерапрыемствы ладзяцца менавіта ў гэты дзень, бо сёлета Дзень герба і сцяга, які адзначаецца ў другую нядзелю мая, супаў з Днём Перамогі. Непасрэдна ў нядзелю адбудзецца абласная акцыя «Сімвал адзінства і славы», у рамках якой а 9 гадзіне раніцы Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь адначасова падымуць на ўсіх флагштоках вобласці. У Гродне такіх пунктаў больш за дваццаць.

Тэма сімвалаў краіны была ўзнята падчас маладзёжнай дыялогавай пляцоўкі ў аграгарадку Алекшыцы Бераставіцкага раёна.

У Ваўкавыску рыхтуюцца да святочнага шэсця 9 мая. Яго ўдзельнікі будуць несці ў руках двухметровы герб і 12-метровы сцяг.

У Мастах дэпутаты Маладзёжнага парламента арганізуюць інтэлект-батл на тэму дзяржаўнай сімволікі.

У многіх раёнах вобласці адбудуцца тэматычныя вела- і аўтапрабегі.

Маргарыта УШКЕВІЧ


У Магілёве 9 Мая адзначаць адкрыццём крамы дзяржаўнай сімволікі і прэм'ерай твора магілёўскага пісьменніка Алеся Казекі на тэму спаленых вёсак.

Наогул, святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 76-й гадавіне Перамогі, распачаліся тут 1 мая. Сёння ў вобласці пражывае 286 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Адмысловыя рабочыя групы аказваюць комплексную дапамогу ім і асобам, пацярпелым ад наступстваў вайны. Герояў Вялікай Айчыннай наведвае кіраўніцтва горада і вобласці, моладзь, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Пра падзеі тых гадоў нагадваюць выстаўленыя ў вокнах бібліятэк і ўстаноў адукацыі малюнкі і фотаздымкі. Кожны дзень у абласным цэнтры праходзяць спартыўныя і інтэлектуальныя спаборніцтвы, прысвечаныя Перамозе. Музеі праводзяць арт-заняткі на ваенную і патрыятычную тэматыку. А бібліятэкі Магілёва аб'явілі агульнасістэмны гісторыка-патрыятычны марафон «Я размаўляю з табой з 41-га...»

Дзень Перамогі ў Магілёве пачнецца са святочнага мерапрыемства «Адна на ўсіх Вялікая Перамога». На плошчы Славы адбудзецца маладзёжная патрыятычная акцыя «Ганарымся Радзімай сваёй», прысвечаная Дню Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. У гэты ж дзень у Магілёве ўрачыста расчыніць свае дзверы крама дзяржаўнай сімволікі. Пра тое, чым будзе адрознівацца гэты гандлёвы аб'ект, «Звязда» ўжо паведамляла.

Свята Перамогі ў Магілёве будуць святкаваць адначасова на некалькіх буйных пляцоўках: на плошчы Славы, у Пячэрскім лесапарку, каля гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Атрыум» і іншых. А на сцэне старадаўняга Магілёўскага абласнога драмтэатра адбудзецца прэм'ера літаратурнай музычна-пластычнай кампазіцыі паводле паэмы магілёўскага пісьменніка Алеся Казекі «Марыйка». Гэта кранальная гісторыя пра дзяўчыну, якой цудам атрымалася пазбегнуць смерці. Падзеі адбываюцца 15 чэрвеня 1942 года, калі ў вёску Боркі Кіраўскага раёна ўварваліся карнікі і жыўцом спалілі 2000 жыхароў гэтай і найбліжэйшых вёсак.

Нэлі ЗІГУЛЯ


У Віцебскай вобласці многія ўспрымаюць мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне Перамогі, Дню Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, як адно цэлае. І гэта лагічна. Без Перамогі не было б незалежнай, прыгожай, спакойнай, мілай сэрцу краіны, сімваламі якой з'яўляюцца дзяржаўныя атрыбуты.

У навучальных установах арганізоўваюць тэматычныя ўрокі, падводзяць вынікі патрыятычных праектаў, школьнікі робяць сваімі рукамі сувеніры для тых, каму мы абавязаны чыстым небам. Праводзяць і крэатыўныя акцыі.

У прыватнасці, да Дня Перамогі віцебскія ратавальнікі 5 мая правялі анлайн-парад у рэжыме відэасувязі з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, былымі работнікамі пажарнай аховы.

На Віцебшчыне трое ветэранаў — калегі тых, хто заўсёды ў выпадку надзвычайнага здарэння прыйдзе па дапамогу: Фёдар Піліпавіч Конаў, Іван Іванавіч Церахаў і Павел Фёдаравіч Гнеўка. У самым сэрцы плошчы Перамогі абласнога цэнтра на экране манітора ўдзельнікі мерапрыемства ў рэжыме рэальнага часу змаглі ўбачыць ветэранаў і паразмаўляць з імі.

У сваю чаргу ветэраны ў рэжыме відэасувязі назіралі, як перад мемарыяльным комплексам работнікі МНС і юныя ратавальнікі з ліку навучэнцаў сярэдняй школы № 46 Віцебска стаялі з фотаздымкамі сваіх дзядоў — удзельнікаў вайны і загінулых салдат.

Ветэранам кожны змог сказаць «дзякуй» за вызваленне Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.

Потым прагучала песня «Дзякуй дзеду за Перамогу» ў выкананні ратавальнікаў і вакальнай групы «Гукі ветру». Парадны пажарны разлік з ліку афіцэраў Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС прайшоў урачыстым маршам.

У завяршэнні ўдзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да вечнага агню.

У інтэрнэце можна ўбачыць нямала відэавіншаванняў з такімі важнымі для нас святамі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС


Педагогі-арганізатары, класныя кіраўнікі, намеснікі дырэктараў устаноў адукацыі па выхаваўчай рабоце Ленінскага раёна Брэста сабраліся на круглы стол па дзяржаўнай сімволіцы ў актавай зале сярэдняй школы № 8 імя Героя Беларусі Уладзіміра Карвата. Месца для мерапрыемства было выбрана невыпадкова. Школьны музей у гонар выпускніка школы, першага Героя Беларусі, стаў своеасаблівым цэнтрам патрыятычнага выхавання.

Гэтым разам абмяркоўвалі работу школьных калектываў па папулярызацыі дзяржаўнай сімволікі, месца і ролю такой работы ва ўсім выхаваўчым працэсе. Навуковымі і практычнымі распрацоўкамі падзяліліся намеснік дэкана юрыдычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Эдуард СЕВЯРЫН і метадыст аддзела адукацыі Ленінскага раёна Брэста Алена КУШЧЫНСКАЯ.

Калегі абменьваліся вопытам, расказвалі аб сваіх цікавых мерапрыемствах, творчых знаходках. Паводле слоў педагога-арганізатара школы № 8 Аляксандры БЫЦКО, пра дзяржаўныя сімвалы, што нераздзельна звязаны з гісторыяй народа, расказваюць найперш на інфармацыйных гадзінах. Пры гэтым для розных узроставых катэгорый выбіраюцца найбольш прымальныя формы работы.

У восьмай школе памятныя мерапрыемствы, урокі мужнасці традыцыйна праводзяцца ў музеі Уладзіміра Карвата. Школьнікі праводзяць тут экскурсіі для гасцей, разважаюць пра гонар і мужнасць. Дарэчы, план мерапрыемстваў на гэты месяц у школе называецца «Героі нашага часу». Справа ў тым, што 23 мая спаўняецца 25 гадоў з дня гібелі Героя Беларусі Уладзіміра Карвата і дня яго подзвігу. У той дзень 1996 года падпалкоўнік адвёў ад населенага пункта самалёт, што страціў кіраванне. Сам лётчык катапультавацца не паспеў... Зноў ва ўсіх класах згадаюць былога выпускніка. Зноў ускладуць кветкі да яго памятных месцаў, і крыху прыспусцяць Дзяржаўны сцяг, каб аддаць даніну памяці і пашаны.

Абласное свята, прысвечанае Дню Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга краіны пройдзе ў Цэнтры маладзёжнай творчасці 7 мая.

Святлана ЯСКЕВІЧ


Расквечаныя ў колеры нацыянальнай сімволікі фасады будынкаў, кветнікі як прыродныя акварэлі дзяржсімвалаў, займальныя квэсты, акцыі, чэленджы... Да святкавання Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга нестандартна падышла Гомельшчына.

Майстар-класы па вырабе сувенірнай прадукцыі з атрыбутамі дзяржаўнай сімволікі для ўсіх жадаючых правялі ў Акцябрскім, Рэчыцкім, Светлагорскім, Чачэрскім, Буда-Кашалёўскім і Брагінскім раёнах вобласці. У рэгіёне абвешчаны акцыі: «Ганарымся Радзімай сваёй» — прыём у шэрагі БРСМ і БРПА з уручэннем сцяжкоў Рэспублікі Беларусь, «Сімвал гонару і славы» — размяшчэнне Дзяржаўнага сцяга на балконах і флагштоках домаўладанняў. На Жлобіншчыне арганізаваны раённы конкурс «Сцяг-шоу», які прадстаўляе паказальныя выступленні гуртоў сцяганосцаў. У Гомелі дзяржаўны педагагічны каледж імя Выгоцкага рэалізоўвае свой новы праект — інтэрактыўную інсталяцыю «Гісторыя і цікавыя факты Герба Гомельскай вобласці».

Між тым непасрэдна ў дзень свята — 9 мая — у абласным цэнтры на пляцоўцы каля Дошкі Пашаны Гомельскай вобласці пройдзе ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга. Адзначаць свята і ў раёнах. Тэматычны мітынг пройдзе на цэнтральнай плошчы Рэчыцы. Запусцяць паветраныя шары ў колерах нацыянальнай сімволікі жыхары Добруша, Жлобіна і Акцябрскага. Сцяг-шоу «Сімвал гонару і славы» збярэ ўдзельнікаў на цэнтральнай плошчы Рагачова.

Дарэчы, моладзь Гомельшчыны актыўна бярэ ўдзел у святочных мерапрыемствах праз мэсэнджары і сацыяльныя сеткі. Так, запушчаны анлайн-флэшмоб «Беларусь — краіна маёй будучыні», чэлендж #Сімвалымаёйкраіны, рыхтуюцца відэавіншаванні са святамі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА


Небанальна і захапляльна

Вы кажаце, вясна марудзіць? А вось у Наваградку гарадская плошча днямі расквітнела зялёным і чырвоным: тут навучэнцы Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа правялі флэш-моб «Я люблю Беларусь», прысвечаны Дню Дзяржаўнага герба і сцяга Беларусі. І гэтае шоу стала часткай агульнараённага мерапрыемства — подобныя акцыі прайшлі і ў іншых навучальных установах рэгіёна.

«Такое мерапрыемства дапаможа сфарміраваць у маладых людзей сацыяльна-каштоўнаснае стаўленне да Радзімы, свайго народу, яго культуры, мовы, традыцый», — лічыць кіраўнік акцыі Наталля Еўдакімава, намеснік дырэктара па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце каледжа.

Прыгожыя мелодыі разлівалася па горадзе, сінхронныя руху дзяўчат і хлопцаў з чырвонымі палотнішчамі ў руках зачароўвалі, а іх усмешкі ператваралі пахмурных дзень у цёплае свята.

Па задуме праз небанальны падыход моладзь выказала свае патрыятычныя пачуцці, адчула дачыненне да агульнай справы, прыналежнасць да краіны і дзяржавы.

У Навагрудскім аграрным каледжы масавыя акцыі прымеркаваны да шмат якіх дзяржаўных святаў. Напярэдадні ў конкурсе на лепшае выкананне гімна прынялі ўдзел абсалютна ўсе групы навучальнай установы. 7 мая навучэнцы і адміністрацыя каледжа правялі ўрачысты мітынг, прысвечаны 76-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і ўсклалі кветкі да магілы Невядомага салдата і памятных абеліскаў.

А 8 мая — удзел ва ўсебеларускім лёгкаатлетычным забегу ў гонар Дня Перамогі.

Паліна ДЗІСКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Сацыяльнае дыстанцыраванне і напаўняльнасць да 50 чалавек — такія патрабаванні да аўдыторый ЦТ.

Культура

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

Яны яшчэ не ведалі, што наперадзе — доўгія тры гады жыцця пад акупацыяй. 

Грамадства

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Выпадак захворвання тулярэміяй зарэгістраваны ў чэрвені.