Вы тут

Качанава сустрэлася са студэнтамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта


Сёння, 20 мая, у Савеце Рэспублікі прайшла сустрэча з актыўнай і ініцыятыўнай моладдзю — студэнтамі розных курсаў Полацкага дзяржуніверсітэта.


Трэба сказаць, што такія стасункі ў фармаце жывога і адкрытага дыялогу сталі свайго роду традыцыйнымі ў сценах верхняй палаты парламента. Такія сустрэчы дазваляюць моладзі лепш дазнацца аб сутнасці дзейнасці сенатараў, структуры беларускага парламенту і актуальных пытаннях з жыцця грамадства, якія трансфармуюцца ў заканадаўчых актах.

Сённяшнюю сустрэчу ініцыявалі самі студэнты, якія з гонарам адзначалі, што іх рэктар — Алег Раманаў —  таксама з’яўляецца членам Савета Рэспублікі. Для маладых людзей правялі пазнавальную экскурсію, падчас якой яны дазналіся аб тым, як дзейнічае заканадаўчы механізм, над чым зараз працуюць законатворцы і як функцыянуе палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва.   

Асабліва цёплай сустрэча выдалася і таму, што студэнты прыехалі з роднага горада старшыні Савета Рэспублікі, дзе яна нарадзілася, вырасла і правяла большую частку свайго жыцця. Спікер верхняй палаты парламента шчыра павітала сваіх землякоў і прыгадала той перыяд, калі яна была студэнткай гэтай навучальнай установы (на той час політэхнічнага інстытута).

Аліна Паненка задала актуальнае пытанне наконт статусу маладога спецыяліста і размеркавання выпускніка пазабюджэтнай формы адукацыі. Дзяўчына падкрэсліла, маўляў, вучымся аднолькава, грамадскай дзейнасцю займаемся, але пры размеркаванні бюджэтніка ён атрымлівае пэўныя ільготы: кампенсацыю па найме жылля, штомесячныя даплаты і гэтак далей. А такі ж выпускнік-платнік, які знайшоў сабе першае месца працы, такіх прэферэнцый не атрымлівае.

Наталля Качанава пагадзілася, што пытанне зараз актуальнае: размеркаванне выпускнікоў павінна заставацца ў тым ліку для платнікаў, якія жадаюць працаўладкавацца. Яна расказала, што днямі гэтае пытанне ўзнімалася на вышэйшым узроўні і разглядаецца змена суадносінаў набору з памяншеннем набору на пазабюджэтную форму навучання ў бок павелічэння колькасці бюджэтнікаў і студэнтаў з мэтавым накіраваннем. Гаворка аб тым, каб абітурыенты не толькі з невялікіх гарадоў (дзе колькасць насельніцтва не перавышае 20 тысяч чалавек), але і большых гарадоў мелі магчымасць атрымаць мэтавае накіраванне і трапіць на бюджэтнае месца. Наталля Качанава падкрэсліла, прапорцыя будзе змяняцца нейкі час. І гэтае актуальнае пытанне неабходна прапрацаваць у самы бліжэйшы з зацікаўленымі міністэрствамі: адукацыі і фінансаў.    

Тэму адукацыі працягнуў адзін са студэнтаў юрыдычнага факультэта, які пацікавіўся лёсам зменаў у Кодэкс аб адукацыі і, у прыватнасці, наданні заканадаўчага статусу такой форме навучання як дыстанцыйнае. Існуе вялікая катэгорыя людзей, якія маюць патрэбу ў атрыманні адукацыі на аддаленні.

Наталля Качанава цалкам пагадзілася з неабходнасцю ўнясення змен, якія прадыктаваныя самім жыццём. Дакумент ужо прыняты ў першым чытанні ў Палаце прадстаўнікоў. Спікер верхняй палаты парламента падкрэсліла важнасць унясення гэтай навацыі ў заканадаўчыя акты.  

Яўген Моніч, таксама студэнт юрыдычнага факультэта пацікавіўся перспектывамі новага інстытута, які з’явіўся ў крымінальным працэсе — медыяцыі (днямі сенатары ўхвалілі змены ў Крымінальны кодэкс — заўв. аўт.) Хлопец выказаў сумніў, што ў крымінальным працэсе гэта не самы дзейсны механізм.

Спікер верхняй палаты парламента адзначыла, што інстытут медыяцыі — не новае ў заканадаўстве, у грамадзянскім праве ўжо эфектыўна дзейнічае. Як прыжывецца ў Крымінальным працэсе гэтая навацыя, пакажа час, пераканана спікер верхняй палаты парламента.

У той жа час, Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што юрыдычна падкаваным неабходна быць не толькі спецыялістам у гэтай галіне, але і ўсім прадстаўнікам грамадства, каб разумець, да чаго могуць прыводзіць розныя дзеянні, якія не стасуюцца з дзеючым заканадаўствам.

Падчас адкрытай гутаркі студэнцкі актыў задаваў таксама пытанні адносна стасункаў удзельнікаў Саюзнай дзяржавы і перспектыў гэтага палітычнага саюза, пераразмеркавання сродкаў дарожнага збору паміж рэгіёнамі, неабходнасцю стварэння адмысловага заканадаўства аб хатнім гвалце, аплаце за студэнцкі інтэрнат, ільгот на праезд для студэнцкай моладзі і гэтак далей.

Па многіх пытаннях, якія прагучалі падчас двухгадзіннай сустрэчы з моладдзю, Наталля Качанава падкрэсліла — актуальныя і злабадзённыя, некаторыя з іх патрабуюць большай прапрацоўкі на заканадаўчым узроўні. Адпаведныя даручэнні будуць дадзены профільным міністэрствам і пастаянным камісіям Савета Рэспублікі для больш грунтоўнага вывучэння.

Вольга АНУФРЫЕВА, фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.