Беларусь з'яўляецца падпісантам Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату, а ў 2016 годзе прыняла Парыжскае пагадненне, якое рэгулюе меры па зніжэнні ўтрымання вуглякіслага газу ў атмасферы. Наша краіна ўзяла на сябе пэўныя абавязацельствы, у тым ліку — скараціць да 2030 года выкіды парніковых газаў на 28 % адносна ўзроўню 1990 года.
Каардынатар Парыжскага пагаднення — Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Яно рэгулярна прадстаўляе ў Сакратарыят Рамачнай канвенцыі ААН Нацыянальны кадастр антрапагенных выкідаў, паведамленне пра адаптацыю да змянення клімату, даклады аб дасягненнях у скарачэнні шкодных выкідаў і іншыя дакументы.
Зацверджаны шэраг стратэгій і нацыянальных адаптацыйных планаў, у прыватнасці, для лясной і сельскай гаспадаркі.
— Нашы міжнародныя абавязацельствы адлюстраваны таксама пры падрыхтоўцы другога Нацыянальна вызначаемага ўкладу Рэспублікі Беларусь у зніжэнне выкідаў парніковых газаў, які цяпер праходзіць працэдуру ўнутрыдзяржаўнага ўзгаднення. Згодна з данымі кадастра выкідаў парніковых газаў у 2019 годзе, працэнт іх скарачэння адносна ўзроўню 1990 года ў Беларусі ўжо дасягнуў 35 %, — расказала начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра, змяненне клімату і экспертызы Мінпрыроды Наталля Інчына.
Рэгіянальны праект «ЕС для клімату»
Згодна з планам мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Парыжскага пагаднення, ажыццяўляецца шэраг праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Адзін з іх — «ЕС для клімату». Гэта частка рэгіянальнага праекта, які распрацаваны і выконваецца ў краінах Усходняга партнёрства. Еўрасаюз — донар праекта, бюджэт якога ў нацыянальнай частцы складае 1 299 515 долараў. Ён быў зарэгістраваны 27 ліпеня 2020 года і павінен рэалізавацца за два гады. Выканаўчы партнёр праекта — ПРААН, ключавая роля ў яго рэалізацыі адводзіцца Мінпрыроды.
«Мэты праекта — інтэграцыя рашэнняў па пытаннях змянення клімату ў палітыку і планы развіцця нашай краіны, укараненне задач па забеспячэнні кліматычнай устойлівасці, садзейнічанне «зялёнаму» росту эканомікі, узгадненне заканадаўства з праблемамі змянення клімату», — растлумачыла кіраўнік праекта «ЕС для клімату» Ірына Сакалоўская.
Для рэалізацыі праекта сфарміравана каманда нацыянальных экспертаў па энергетыцы, прамысловых працэсах, выкарыстанні прадуктаў сельскай гаспадаркі, адходах. Далучаны міжнародныя кансультанты. Важнейшыя кампаненты праекта — распрацоўка Нацыянальнага плана адаптацыі да змянення клімату, стварэнне Стратэгіі доўгатэрміновага развіцця Беларусі з нізкім узроўнем выкідаў парніковых газаў для асобных сектараў эканомікі, павышэнне міжведамаснай інфармаванасці і каардынацыя органаў дзяржкіравання.
Вугляродны падатак вымагае новай стратэгіі
Еўрапейскі парламент 10 сакавіка 2021 года прыняў рэзалюцыю аб узгодненым з правіламі Сусветнай гандлёвай арганізацыі механізме трансгранічнага вугляроднага ўрэгулявання ў Еўрасаюзе. Ён з'яўляецца часткай «Зялёнага пагаднення» ЕС, якое стымулюе дэкарбанізацыю галін прамысловасці і садзейнічае дасягненню вугляроднай нейтральнасці.
Еўрапарламент прагаласаваў за ўвядзенне вугляроднага падатку на выкіды вуглякіслага газу. Гэтым падаткам будуць абкладацца ўсе тавары, якія імпартуюцца ў Еўрасаюз, найперш тыя, што ўваходзяць у сектар энергетыкі, у такія энергаёмістыя сектары прамысловасці, як нафтаперапрацоўка, вытворчасць цэменту, сталі, паперы, кардону, алюмінію і іншыя.
У найбліжэйшы час Еўракамісія распрацуе прапановы па механізмах вугляроднага рэгулявання. У Расіі папярэдне падлічаны страты, якія пацерпіць эканоміка краіны пры ўвядзенні гэтага падатку: каля сямі мільярдаў еўра ў год. У нашай дзяржаве створана міжведамасная група па распрацоўцы стратэгіі і плана работы для зніжэння вугляродаёмкасці сектараў эканомікі. Яе каардынатар — Мінпрыроды. У дадзеную рабочую групу ўвайшлі міністэрствы прамысловасці, лясной гаспадаркі, сельскай гаспадаркі і харчавання, антыманапольнага рэгулявання і гандлю; аблвыканкамы, канцэрны «Беллегпрам», «Беллеспаперпрам», «Белнафтахім» і іншыя.
Практычна ўзгоднены з усімі зацікаўленымі план мерапрыемстваў па мінімізацыі рызык для эканомікі Беларусі пасля ўвядзення ЕС пагранічнага вугляроднага падатку. Хутка ён будзе пададзены на зацвярджэнне ўрада.
Святлана ІШЧАНКА
Фота з архіва праекта «ЕС для клімату»
Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.