Вы тут

Як загарэць, каб не абгарэць. Міфы і праўда пра загар


Загарэлая скура — важная і неад’емная рыса летняга вобразу кожнай жанчыны, якая надае абліччу большай прыгажосці і прываблівасці.

Складана сабе ўявіць, але яшчэ зусім нядаўна ў пачатку ХХ стагоддзя залацістая ці смуглая скура была адметнай рысай сялян, якія шмат працавалі на зямлі. Сярод арыстакратаў, наадварот, высока цанілася бледнасць. Заможныя жанчыны рознымі спосабамі хаваліся ад сонейка. Капелюшы, пальчаткі, парасоны, шпацыры ў цені алей... Рабілася ўсё, каб захаваць арыстакратычную бледнасць скуры.

Загар увайшоў у моду ў першай палове ХХ стагоддзя, дзякуючы Како Шанэль. Вядомая заканадаўца мод сваім асабістым прыкладам дэкларавала: залацістае адценне скуры — неад’емная частка не толькі новага тыпу прыгажосці, але і актыўнага ладу жыцця. Як бачым, і праз 100 гадоў гэтыя трэнды не губляюць сваю актуальнасць. Спецыяльна для чытачоў сеткавага выдання ZVIAZDA.BY мы сабралі самыя папулярныя пытанні пра загар і з задавальненнем адказваем на іх.


1. Ці праўда, што загар у салярыі больш бяспечны, чым загар на сонцы?

Міф. Клеткі меланацыты пачынаюць выпрацоўваць меланін пад уздзеяннем ульрафіялетавых прамянёў. Гэтыя прамяні мы атрымліваем, знаходзячыся як на сонцы, так і ў салярыі. Такім чынам, не мае розніцы, дзе вы загараеце. Небяспека аднолькавая. Гэта датычыцца і рызыкі ўзнікнення рака скуры.


2. Ці праўда, што крэмы з СПФ-фактарам абараняюць скуру ад сонечных апёкаў?

Праўда. Каб мінімізаваць уздзеянне сонечных прамянёў на скуру твару і цела, неабходна карыстацца спецыяльнымі крэмамі з spf-фільтрамі (spf — фактар аховы ад сонца). Гэта датычыцца і адпачынка на курорце, і жыцця ў горадзе. Для гарачага летняга перыяду пажадана выкарыстоўваць крэм мінімум з spf-фільтрам 20. Памятайце: чым большы фактар, тым больш часу вы можаце правесці на сонцы без дадатковага нанясення крэма.


3. Ці праўда, што самы аптымальны час для загара — гэта раніца і вечар?

— Праўда. Самы бяспечны інтэрвал знаходжання на сонцы — гэта раніца да 11-ці гадзін і другая палова дня — пасля 16-ці гадзін. У гэты час сонца не настолькі актыўнае, як апоўдні. Выбірайце бяспечныя гадзіны для сонечных працэдур, каб захаваць прыгажосць і здароўе надоўга!


4. Ці праўда, што, ўжыванне ў ежу морквы спрыяе больш інтэнсіўнаму загару, дзякуючы бэта-караціну, які ў ёй ўтрымліваецца?

— Міф. Морква не дапаможа вам атрымаць больш інтэнсіўны загар. Ужыванне вялікай колькасці морквы можа спрыяць з’яўленню на вашай скуры жоўтай пігментацыі. Для дасягнення такога эфекта ў дзень трэба з’ядаць 8-10 моркваў ці выпіваць 1-2 шклянкі маркоўнага фрэша. Хочацца думаць, што ў комплексе з сонечнымі ваннамі спажыванне морквы кожны дзень дапаможа атрымаць пажаданы эфект. Што ж, гэта бяскрыўдны эксперымент. Можна паспрабаваць!


5. Ці праўда, што аўтазагар абараняе скуру ад абгарання?

— Міф. Аўтазагар — гэта хуткая альтэрнатыва традыцыйным відам загара. Асноўная мэта гэтага крэму — зрабіць ваша цела прыгожым. Наносіць аўтазагар трэба раўнамерна на сухую падрыхтаваную скуру. Праз некаторы час пачынаецца ўзаемадзеянне кампанентаў крэму з эпідэрмісам. У выніку гэтага хімічнага працэса скура набывае залацістае ці смуглае адценне. Ні ад сонечных прамянёў, ні ад раку скуры гэты крэм не абараняе.


6. Ці праўда, што падчас воблачнага надвор’я нельга абгарэць?

— Міф. Ультрафіялетавае выпраменьванне прыходзіць да нас не толькі з прамымі сонечнымі прамянямі ў гарачыя летнія дні, яно трапляе на зямлю і ўзімку, можа адлюстроўвацца ад розных паверхняў, праходзіць скрозь ваду, лёгкае аддзенне, аблокі і хмары. Параўнайце: белыя аблокі прапускаюць да 90 % сонечных прамянёў, праз серыя аблокі праходзіць каля 30-35 % сонечных прамянёў. Не губляйце пільнасць і падчас пахмурнага надвор’я!


7. Ці праўда, што чалавеку з цёмным колерам скуры не трэба карыстацца крэмам з СПФ-фактарам?

— Праўда. Цёмны колер скуры сам па сабе абараняе чалавека ад сонечных апёкаў, дзякуючы вялікай колькасці меланіну. Іншымі словамі, чым больш меланіна выпрацоўваюць клеткі скуры, тым менш шкоды ёй могуць нанесці сонечныя прамяні. Такім чынам, крэм з СПФ-фактарам чалавеку са смуглай скурай не патрэбны. Але ж, на жаль, гэта не датычыцца рызыкі ўтварэння рака. У сувязі з гэтым трэба абавязкова карыстацца крэмам з кампанентам PPD, які абараняе ад анкалогіі.


8. Ці праўда, што крэм з СПФ-фактарам пачынае працаваць адразу пасля нанясення?

— Міф. Наносіць такі крэм трэба загаддзя не пазней, чым за 20-30 хвілін да выхада на вуліцу ці плавання ў моры, так як ён пачынае працаваць не адразу.


9. Ці праўда, што «галівудскі загар» — бяспечная альтэрнатыва загару ў салярыі і на сонцы?

— Праўда. «Галівудскі загар» = маментальны загар. Лічыцца добрай альтэрнатывай традыцыйным відам загара. Пры дарамозе спецыяльнага распыляльніка на скуру чалавека наносіцца ласьён, кампаненты якога ўступаць у рэакцыю з верхнім пластам скуры і выклікаюць яе пацямненне. Не мае супрацьпаказанняў і вырашае пытанне роўнага загара мінімум на 10-14 дзён!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота: paxabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.