Вы тут

Сярод начных вітрын і інсталяцый


Музей захоўвае памяць пра мінулае, збірае аскепкі гісторыі асобнага месца, асобнага чалавека ці асобнай падзеі, канцэнтруе ў сабе творы мастацтва — эмацыянальныя і дакументальныя звесткі пра далёкія часы і сённяшні дзень, фіксуе важнае для аднаго чалавека або для цэлай нацыі. Музей — заўсёды нешта загадкавае, таямнічае, бо прывязаны або да гісторыі, або да мастацтва. А самае цікавае ў таямнічым — рабіць адкрыцці. Таму і існуе міжнародная акцыя «Ноч музеяў». 

Упершыню яе правялі ў Берліне ў 1997 годзе, хаця падобныя актыўнасці праводзіліся па ўсім свеце і раней. У многіх еўрапейскіх музеяў у 1970-я была традыцыя бясплатных дзён наведвання ў маі, і ўстановы часта не спраўляліся з наплывам гледачоў, таму заставаліся працаваць і пасля закрыцця, каб наведвальнікі паспелі паглядзець экспазіцыю.

Правядзенне акцыі звычайна прыпадае на выхадныя пасля 18 мая — Міжнароднага дня музеяў, што адзначаецца з 1977 года. Беларусь далучылася да гэтай акцыі ў 2005-м, ініцыятарам стаў Нацыянальны мастацкі музей. Ужо ў першы год правядзення імпрэза сабрала каля 2000 наведвальнікаў, і з кожным годам колькасць павялічваецца.


У Нацыянальным гістарычным музеі. Фота БелТА.

У мінулым годзе праз эпідэміялагічную абстаноўку большасць музеяў адмовілася ад правядзення афлайн-мерапрыемстваў, затое вынайшлі шмат альтэрнатыўных, дыстанцыйных спосабаў наладжвання кантакту з аўдыторыяй: відэаэкскурсіі па фондах, канцэрты, гульні. Сёлета імпрэзы прайшлі афлайн, хаця і з захаваннем санітарных норм і масачнага рэжыму

Адкрываць схаванае ў цемры 

«Ноч музеяў» існуе, каб нагадваць людзям пра прыгажосць мастацтва. Флагман акцыі Нацыянальны мастацкі музей сёлета прапанаваў даволі стрыманую праграму: запрашаў паслухаць скрыпічна-фартэпіянны дуэт, наведаць пастаянную экспазіцыю і выставачны праект «Чаму Ты мяне пакінуў?», што адлюстроўвае евангельскі сюжэт распяцця, з куратарскім суправаджэннем.

«Ноч музеяў» існуе, каб таемнае хаця б на некалькі гадзін станавілася яўным для ўсіх. Нацыянальны гістарычны музей зрабіў акцэнт на таямнічым, падвойным пачатку сваёй дакументальнай працы.

Тут 22 мая прайшла акцыя пад назвай «Музей, ты — космас!». Праграма сумясціла актыўнасці, якія цяжка ўявіць на адной пляцоўцы: археалагічную лекцыю Ганны Бяліцкай, паказ мод на выстаўцы беларускага нацыянальнага касцюма, квэст і адмысловую экспазіцыю артэфактаў касмічнай эры, напрыклад, скафандра Юрыя Гагарына. Дворык Нацыянальнага гістарычнага па традыцыі стаў пляцоўкай для маладых беларускіх музыкантаў.

«Ноч музеяў» існуе, каб рабіць адкрыцці. Галерэя «Арт-Беларусь» у Палацы мастацтваў працавала да другой гадзіны ночы. Імпрэза з назвай «Што адбылося гэтай ноччу?» аб’яднала адкрыццё трох выставак — персанальнага арт-праекта Канстанціна Селіханава, які правёў аўтарскую экскурсію па экспазіцыі «Унутраны накапляльнік», зборнай выстаўкі беларускіх мастакоў з назвай «Пакуль ніхто не бачыць» і невялікай персанальнай выстаўкі мастачкі Анастасіі Рыдлеўскай «Галасы». Выстаўка-продаж дызайнерскай мэблі «Арт Маркет», дзе маладыя мастакі прадстаўлялі свае работы, графіці-перфоманс і электронная музыка, — імпрэза заўважна адрознівалася ад падзей у класічных музеях. Такія мерапрыемствы — спосаб скарыстаць вядомую пляцоўку для знаёмства публікі з маладым беларускім мастацтвам. 

Нараджаецца папараць-кветка... Фота даслана музеем Янкі Купалы.

Сустрэчы ў цёмных залах

Літаратурныя музеі заўжды адзначаюць «Ноч» па-свойму. Экспанаты ў іх каштоўныя не знешняй эстэтычнасцю, не ўзростам і агульнагістарычнай значнасцю, а асабістай гісторыяй. Кожны прадмет на вітрыне такога музея — сведчанне, што аўтар твораў, якія суправаджаюць нас усё жыццё, сапраўды існаваў. Ён — не прыдуманая міфалагічная фігура, не сімвал. «Ноч» у літаратурным музеі — амаль спірытычны сеанс.

Літаратурны музей Янкі Купалы сёлета вызначыўся — стаў адным з нешматлікіх, якія адважыліся праводзіць «Ноч музеяў» насамрэч ноччу. Імпрэза «МАСКУ!» (Мастацтва і Купала) доўжылася з сямі вечара да пяці гадзін раніцы. У гэты час наведвальнікі мелі магчымасць не толькі глядзець экспанаты і слухаць экскурсавода. Два майстар-класы, майстэрня скульптара, інтэрактыўнае Віленскае фотаатэлье, шахматны турнір і магчымасць праверыць свае паэтычныя здольнасці... Роўна апоўначы пачаўся квэст па музеі — усё па-сапраўднаму: трэба было разгадваць загадкі ў начным Купалавым доме, які не звык, каб па ім блукалі так позна. Таксама ноччу можна было паглядзець запісы спектакляў «Адвечная песня» і «Паўлінка».

Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа выбраў іншую стратэгію — больш распавесці, бліжэй пазнаёміць наведвальніка не з экспазіцыяй і фондам, а з пісьменнікам, якому яны прысвечаны. Імпрэза атрымала назву «Адзін на адзін з паэтам». Супрацоўнікі прапаноўвалі пагаварыць з Коласам пра творчасць, жыццё, гісторыю, сучаснасць і патаемнае. Кожная тэма для размовы адпавядала шэрагу актыўнасцяў. Гучала шмат разнастайнай музыкі — фольку, гітарных бардаўскіх песень, рок-н-ролу, ажывалі персанажы твораў песняра, нават было прадстаўленне гістарычнай рэканструкцыі.

Выступае гурт «The Apples». Фота з сайта музея Якуба Коласа.

Падчас імпрэзы супрацоўнікі прадставілі першую музейную настольную гульню «Жыццё па Коласу», паказалі некалькі арыгінальных экспанатаў з фондаў, якія звычайныя наведвальнікі яшчэ не бачылі. У праграму нават уваходзіў магічны рытуал. Госці змаглі сапраўды дакрануцца да арыгінальных рэчаў-экспанатаў, што звычайна забаронена, нават сесці за стол Якуба Коласа.

Філіялы Музея гісторыі беларускай літаратуры таксама скарысталіся шансам сустрэцца з аўдыторыяй у незвычайных абставінах і звычайнай абстаноўцы. Для Літаратурнага музея Максіма Багдановіча гэты год юбілейны. Самой установе спаўняецца 40 гадоў, а паэту — 130. Імпрэза з назвай «Кропка адліку» мела мэтай разам з наведвальнікамі прасачыць, з чаго пачынаецца гісторыя музея. Гасцям былі прапанаваны квэсты, адмыслова сабраны музейны квіз «Загадка Багдановіча», прагляд рэтра-лекцыі з дыяфільмамі, экскурсія па юбілейнай выстаўцы, музычна-візуальнае шоу. Унікальным элементам свята стала аб’яднанне з Тэатрам юнага гледача: акцёры паказалі фрагмент са спектакля «Палёты ўдваіх», пастаўленага па вершах Максіма Багдановіча і Алаізы Пашкевіч.

Музей Багдановіча часта праводзіць разнастайныя паэтычныя імпрэзы і ўжо займеў рэпутацыю цэнтра прыцягнення сучаснага літпрацэсу. Гэтая «Ноч музеяў» не стала выключэннем: некалькі сучасных аўтараў прэзентавалі свае паэтычныя кнігі. Можна было паслухаць Георгія Барташа, Таццяну Светашову, Паўла Дарохіна, Маргарыту Аляшкевіч і Кацярыну Ваданосаву.

Літаратурны музей Петруся Броўкі выбраў самы нечаканы вектар для правядзення музейнай «Ночы». Тут упершыню адкрыта выстаўка, прысвечаная гісторыку акадэміку Мікалаю Нікольскаму, суседу Петруся Броўкі. Таму імпрэза называецца «Гістарычны калапс». «Здаецца, што прадчуванні нечага нявытлумачана жахлівага і назаўсёднага лётаюць у паветры… Згодныя з гэтым? А акадэмік Мікалай Нікольскі, пэўна, не пагадзіўся б. Бо гісторыя, якой ён прысвяціў сваё жыццё, сцвярджае, што ад часоў старажытнага Вавілона і да сучаснасці свет няспынна, няўрымсліва змяняўся. І, як паказвае практыка, развіццё, рух і нават разбурэнне звычайна з’яўляюцца пачаткам для лепшага», — сведчыць анатацыя. Насычаная праграма «Ночы музеяў» адкрывала для гледачоў таямніцы містычных антычных культаў, разгадвала шыфры беларускіх народных песень, знаёміла са спосабамі варажбы старажытнага Вавілона і гучаннем шумерскай мовы. Сур’ёзныя фарматы лекцый і дыскусій суседнічалі з гульнямі і прыкладнымі майстаркласамі. Канешне ж, быў падрыхтаваны вялікі 30-хвілінны квэст «Пасланні продкаў».

У Нацыянальным мастацкім музеі. Фота БелТА

Што ў правядзенні «Ночы музеяў» не змяняецца год за годам? Тое, што музеі паказваюць свой твар, свой унікальны стыль. І калі ў мінулым годзе праз паўсюдны анлайн на гэта можна было не звярнуць увагі, то сёлета адметныя рысы зноў відавочныя.

Нацыянальны мастацкі — сур’ёзны прыхільнік чыстага мастацтва, Нацыянальны гістарычны сумяшчае несумяшчальнае, ставіць космас побач з вітрынамі старажытных экспанатаў-выкапняў. Палац мастацтваў праяўляецца як пляцоўка для дыялогу сучаснага мастацтва з аўдыторыяй. Купалаў дом раскрывае свае шырокія, гасцінныя, насычаныя інтэрактыўнымі элементамі абдымкі. Дом Коласа — як сам паэт — больш строгі, акадэмічны, засяроджаны на галоўным прадмеце сваіх даследаванняў, але і крэатыўны, разнастайны.

Музей Багдановіча прыцягвае тых, хто любіць не толькі класіку, але і цікавіцца сучасным літаратурным і мастацкім працэсам. Музей Броўкі бярэ таямнічасцю і нечаканасцю тэм. І гэта толькі самыя буйныя прадстаўнікі, а «Ноч музеяў» адзначаюць розныя ўстановы і ў Мінску, і ў рэгіёнах. Адзіная магія, якой гэтым майскім вечарам не хапае, — магчымасць знаходзіцца ў некалькіх месцах адначасова.

Ганна ІВАНОВА  

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.