Вы тут

Чаго чакаць ад гарачага сезона далей? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава


Сапраўднае лета, нарэшце, за акном. Наперадзе больш за два месяцы цёплага сонца, яркіх колераў навокал і пачуцця бязмежнага шчасця. Не сакрэт, што беларускае лета — асаблівае. Як правіла, яно не прыходзіць дакладна па календары. Нашаму лету патрэбны час, каб разагнацца, што яно з поспехам дэманструе ў апошнія дні. Чэрвеньскую спякоту да нас прынёс заходнееўрапейскі антыцыклон ЗОЕ. І пакуль адны атрымліваюць асалоду ад сонейка, а іншыя не выходзяць з цені, усіх нас, канешне, хвалюе пытанне, якім будзе гэта лета далей? Спецыяльна для чытачоў сеткавага выдання zviazda.by прагноз ад Дзмітрыя Рабава.


«Персікавае лета» у самым разгары.

Адпаведна з прагнозам сусветных прагнастычных цэнтраў, гэтае лета чакаецца даволі камфортным, у асобныя перыяды нават гарачым і душным. Як кажуць спецыялісты, нас чакае «персікавае лета». На мове сіноптыкаў гэта значыць, што карта тэмпературы паветра будзе афарбавана ў колер гэтай садавіны. У лічбах гэта азначае наступнае. Сярэдняя тэмпература паветра на пряцягу лета на 1 градус перавысіць шматгадовыя паказальнікі. Норма 16,8 градусаў цяпла. У чэрвені сярэдняя месячная тэмпература паветра чакаецца каля кліматычнай нормы: +15..+17. У ліпені яна будзе вышэй за норму на паўградуса. У жніўні істотных ваганняў сярэднямесячнай тэмпературы пакуль не прагназуецца.

Не абыдзецца падчас наступных летніх месяцаў і без спякоты. Яе будуць забяспечваць блакіруючыя антыцыклоны, такія як у чэрвені. Менавіта гэтыя гарачыя атмасферныя монстры будуць фарміраваць сухое і спякотнае надвор’е. Чакаецца некалькі хваляў спякоты працягласцю больш за адзін тыдзень. Не выключаны і новыя тэмпературныя рэкорды!

Колькасць ападкаў на большай частцы Беларусі чакаецца каля нормы — 244 міліметры. Але ж на працягу сезона яны будуць размяркоўвацца нераўнамерна. Ліўневыя дажджы нярэдка будуць суправаджацца навальніцамі, часам з градам і шквалістым ветрам. У ліпені колькасць ападкаў з-за перыяду актыўных навальніц і кароткіх ліўняў можа перавысіць норму на 10%, але гэта не значыць, што месяц будзе дажджлівым.

Лета — рэкардсмен па колькасці небяспечных прыродных з’яў.

 

Прыблізна 80 працэнтаў усіх выпадкаў небяспечных прыродных з’яў адбываецца летам: навальніцы, шквалы, моцныя ліўні, пажары, засуха. За апошнія гады ўзрасла колькасць гарачых перыядаў з тэмпературай паветра +25 і вышэй. За час глабальнага пацяплення, якое пачалося ў 1989 годзе, павялічылася колькасць сухіх дзён у спалучэнні з высокай тэмпературай паветра. Такое становішча можа нанесці значны ўрон сельскай гаспадарцы і гідралагічнаму становішчу нашай краіны. Асабліва часта гэтая з’ява назіраецца ў ліпені-жніўні. Гэты год выключэннем не стане.

Пражывіце гэтае лета камфортна!

Спякота наносіць урон не толькі зямлі, але і чалавеку. Антыцыклоны, якія прыносяць да нас гарачае надвор’е, моцна ўплываюць на наша самаадчуванне. З надыходам лета над Беларуссю пачынае фарміравацца вобласць павышанага атмасфернага ціску, якая абумоўлівае ўстойлівае малавоблачнае гарачае надвор’е са слабым ветрам і высокай вільгаццю. Такія ўмовы многім не даспадобы. Асабліва пакутуюць ад спякоты жыхары мегаполісаў. Уявіце сабе, асфальт пры тэмпературы вышэй за +25, награваецца больш чым +50 градусаў. Акрамя гэтага, пры высоких тэмпературах з паверхні тэрыторыі Беларусі за суткі выпараецца аб’ём вады, які адпавядае велічыні возера Нарач. Такое спалучэнне высокай тэмпературы і вільгаці не лепшым чынам адбіваецца на здароўі людзей. Ведаючы гэты нюанс, вы можаце дапамагчы свайму арганізму пражыць лета камфортна. Выконвайце рэжым дня, збалансуйце рацыён, адмоўцеся ад адзення з сінтэтычнай тканіны, абмяжуйце фізічную працу. Усё гэта разам з заняткамі спортам і воднымі працэдурамі дапаможа вам лепш сябе адчуваць. 

І... некалькі летніх метэарэкордаў.

 

На гэтым тыдні адноўлены абсалютны тэмпературны рэкорд чэрвеня. +37,1 градуса зафіксавана на метэастанцыі Акцябр Гомельскай вобласці. Папярэдні рэкорд 35,6 цяпла быў адзначаны ў Беразіно ў 1964 годзе.

Самы доўгі перыяд кліматычнага лета быў у 2018 годзе. Яно пачалося ў другой палове мая і доўжылася да сярэдзіны верасня. Такога не было ў гісторыі метэаназіранняў з 1881 года.

Самае спякотнае лета было ў 2010 годзе. Сярэдняя тэмпература паветра склала плюс 20,6 градусаў, што вышэй за норму на 3,2 градуса. Норма — 17,4. А самым халодным лічыцца лета 1928 года. Сярэднямесячная тэмпература была +14,6 градуса, што на 2,7 градуса ніжэй за кліматычную норму.

Абсалютны тэмпературны максімум быў зафіксаваны 8 жніўня 2010 года ў Гомелі — 38,9 градуса цяпла. У Мінску абсалютны максімум устаноўлены 8 жніўня 2015 года — гэта плюс 35,8 градуса. Што датычыцца абсалютнага мінімуму, то ён быў зафіксаваны 12 чэрвеня 1899 года. Тэмпература паветра ў той дзень была нуль градусаў.

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА, pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.