Вы тут

Манумэтры і мануметафары


17 чэрвеня, праз паўтара тыдня пасля афіцыйнага адкрыцця, фестываль «Манумент» прадставіў свой цэнтральны праект, які размясціўся ў залах Палаца мастацтваў. Мэты фестывалю — бліжэй пазнаёміць звычайных гледачоў з манументальным мастацтвам. Але цэнтральная выстаўка акцэнтуе ўвагу крыху на іншым — на мастаках. Можна бясконца тлумачыць, што манументалісты робяць і рэстаўрыруюць мазаікі, вітражы, фрэскі, роспісы. Але выстаўка пабудавана так, што яна не тлумачыць — наглядна дэманструе, як манументальнае мастацтва ўплывае на погляд і ўспрыманне таго, хто яго стварае, на почырк мастака.


Валянцін Нудноў «Працэс», 2019 г.

Персанальныя адлюстраванні

Першая частка вялікай экспазіцыі складаецца з дзвюх персанальных выставак. 

Валянцін Нудноў шмат працуе з геаметрыяй. У пабудове некаторых яго твораў адчуваецца ўздзеянне супрэматычных традыцый. У некаторых работах хочацца разгледзець накід кампазіцыі для вітража. Буйны выразны мазок дазваляе адчуць фактуру ўсіх элементаў экспазіцыі і аб’ядноўвае іх у адзіны вобразны сусвет. Як часта бывае на абстрактных палотнах з выразнай геаметрыяй, асноўную эмацыянальную дамінанту карціны захоўвае колер. Творы Валянціна Нуднова аб’ядноўваюць два-тры колеры, прычым усе яны раўнапраўныя. Нават калі асноўным выбраны чорны або шэры, яркія элементы — чырвоныя ці жоўтыя — не выглядаюць акцэнтнымі.

Уладзімір Клімушка. Фрагмент выстаўкі «Мяжа адсутнасці».

Таксама раўнапраўная і кампазіцыя. Сілуэты перацякаюць у геаметрычныя фігуры, быццам цені, фігуры ўбудоўваюцца ў сілуэты. Гэта абстракцыі, якія не даюць канкрэтных пачуццёвых канатацый выяўленаму. Але эмоцыі — галоўны рухавік творчасці Валянціна Нуднова. Пра гэта ён сам разважае ў апісанні да выстаўкі: «Для мяне працэс творчасці — гэта ў першую чаргу эмоцыя. Форма выяўлення — складаныя прасторава-сэнсавыя структуры. Я лічу, што выяўленне думкі і пачуцця не павінна быць прымітыўна простым. Але, разам з тым, пры складанасці формы і структуры самога твора вельмі важнымі для мяне з’яўляюцца адназначна сфармуляваныя прастата і чысціня прачытання… Абстрактны па форме жывапіс мае ў мяне ў аснове эмоцыю, толькі не ад убачанага, а ад пражытага часавага адрэзка. Любы часавы адрэзак можна прадставіць у выглядзе “раскадроўкі”, як ланцужок міні-фрагментаў. У ідэале, мне хацелася б звесці гэтыя фрагменты ў адзін “кадр”, які на эмацыянальным узроўні змог бы перадаць маё ўспрыманне дадзенага часавага адрэзка… У многіх маіх работах магчымы літаратурны падтэкст. Але гэты падтэкст прадугледжвае, калі можна так выказацца, “развіццё мноства літаратурных сюжэтаў” адначасова ў адной рабоце. Я падаю кампаненты, з якіх, як у канструктары, можна скласці розныя гісторыі». Гэтая выстаўка ўспрымаецца як адно суцэльнае пытанне — што бачаць мастакі-манументалісты, калі моцна заплюшчваюць вочы?

Другая персанальная выстаўка — Уладзіміра Клімушкі. Яго творы адначасова і вельмі падобныя паміж сабой, і абсалютна адрозныя па ўсіх фактарах: колеры, форме, значэнні. Гэтыя карціны падобныя настолькі ж, наколькі падобныя літары ў алфавіце. Некаторыя з іх хочацца асацыіраваць з нейкімі рунамі і знакамі, некаторыя больш нагадваюць лабірынты. У іншых бачацца мікрасхемы, аб’яднаныя клемы з запаленымі лямпачкамі. Ёсць і такія, што нагадваюць жалезныя будаўнічыя перакрыцці. Пэўнае сімвалічнае значэнне маюць нават маштабы выканання палатна. Але галоўную ролю на сябе, як і ў мінулым выпадку, бярэ колер. Ёсць пэўны сэнс і ў яркіх кантрастах, і ў тым, калі фігура адрозніваецца ад фону толькі адценнем. На некаторых палотнах яскрава заўважная розніца ў тэкстуры фігуры і фону, на некаторых яна аднародная. У пакручастых лабірынтавых формах элементаў адчуваецца своеасаблівы рытм. Праект мае назву «мяжа адсутнасці» і прысвечаны міфалагічнай тэматыцы. «Экспазіцыя выстаўкі ў асноўным пабудавана на творах, крыніцай інспірацыі для якіх стаў эпас пра Гільгамеша. Міфалагічны вобраз гэтага бога-героя і сёння выглядае надзвычай актуальным: няўрымслівы, смелы і бясстрашны, “той, хто бачыў усё”. Асэнсаванне канчатковасці жыцця і пошук несмяротнасці — упершыню гэтая тэма паўстала ў старажытных дабіблейскіх пісьмовых крыніцах, але і сёння яна вымагае ад нас па-новаму бачыць і адчуваць жыццё, не перайсці мяжу да канчатковай страты гуманізму», — раскрывае кантэкст куратар выстаўкі Марыя Карпянкова.

Аляксандр Некрашэвіч «Дыялог», 2010 г.

Карціна ўплыву

Асноўная экспазіцыя праекта заняла другі паверх Палаца мастацтваў. Тут сабраны карціны розных мастакоў-манументалістаў. Яшчэ падымаючыся па лесвіцы, заўважаеш працу куратара і афарміцеля выстаўкі. Здалёк адзінай кампазіцыяй выглядаюць цэнтральная інсталяцыя за аўтарствам Васіля Зянько і габелен «Мора. Хваля» Аляксандра Кішчанкі. 

Выстаўка натуральна падзяляецца на творы мэтраў і сучасных мастакоў. Так, тут ёсць палотны Гаўрыіла Вашчанкі, габелены Аляксандра Кішчанкі, карціны Зоі Літвінавай. Своеасаблівы цэнтр у гэтай частцы залы займае інсталяцыя, па якой, як у любым анекдоце пра сучаснае мастацтва, не зразумееш: гэта арт-аб’ект або нехта проста забыў прыбраць фрагмент будаўнічых лясоў. Другая частка інсталяцыі — архіўныя фотаздымкі з работы на розных аб’ектах. Гэты твор акумулюе асноўную задумку не толькі самой выстаўкі, але і ўсяго фестывалю «Манумент» — паказаць гэты кірунак выяўленчага мастацтва ў максімальна шырокай форме, растлумачыць звычайным наведвальнікам, як яно адчуваецца, як уздзейнічае на творчасць, як мастакі бачаць сваю працу кожны дзень. 

У другой частцы асноўнай экспазіцыі можна назіраць мноства падобных праяў.

У асноўнай працы мастакі-манументалісты атрымліваюць шырокую прастору, але нярэдка бываюць абмежаваны канцэптуальна. Таму ў жывапіснай творчасці яны могуць найбольш шырока раскрыць назапашаныя тэмы і ідэі.

Андрэй Пяткевіч «Троіца», 2021 г.

К. Андруковіч пераносіць рэалістычны гладкі нацюрморт у касмічна-тэхналагічную рамку. Андрэй Пяткевіч выяўляе антычную статую Геракла з татуіроўкамі, сярод якіх — надпіс «только бог мне судья» і выява галавы Зеўса таксама з антычнай статуі. Назва твора — «Бацькі і дзеці». Творцы па-рознаму выпрабоўваюць межы свайго мастацтва, даследуюць хрэстаматыйныя тэмы праз новую оптыку, эксперыментуюць з матэрыяламі. 

У некаторых аўтараў праяўляецца імкненне да абсалютна традыцыйнага жывапісу. На выстаўцы можна знайсці зусім супрацьлеглыя работы Ёсць некалькі выключна рэалістычных твораў, як, напрыклад, «Зіма над Нёманам» А. Дулуба. А праз некалькі секцый вісіць твор А. Некрашэвіча, які, здаецца, выкарыстоўвае ў якасці эстэтычнага кірунку максімальна яўны постмадэрнізм. Пры гэтым тэхніка выканання, работа з алюмініем і нітраэмаллю вельмі складаныя і вымагаюць карпатлівай працы. 

Яскрава праяўляецца прыналежнасць да манументальнага мастацтва ў канцэптуальных рашэннях, якія выбірае Глеб Отчык. Яго інсталяцыі «Зямля» і «Паветра» прадстаўлены падабранай па колеры пліткай. У суседстве з ракой простыя назвы стыхій набываюць пэўную пачуццёвую афарбоўку. 

Увогуле, цікава, як праяўляюцца адчуванні ў розных аўтараў. Маштабныя палотны Сяргея Грыневіча здзіўляюць дынамікай, моцнай эмацыянальнай пластыкай, тут колер дапаўняе і ўзмацняе ўздзеянне асноўнага аб’екта на гледача.

Твор А. Стальмашонка «Групавы партрэт герояў сацыялістычнай працы калгаса імя Дзяржынскага» дэманструе работу манументаліста навыварат. Карціна паказвае пачуццёвыя, выразныя твары з вялікімі вачыма, але не абязлічаных герояў мазаікі.

Ахапіць увагай кожны твор на выстаўцы цяжка. Яны ўсе вельмі розныя і па форме, і па тэматыцы, і па стыляі. Але ёсць некаторыя агульныя рысы, якія ўдаецца прасачыць, — той самы ўплыў манументальнага мастацтва на творчы почырк. 

Па-першае, гэта дакладная яркая каларыстыка. Колер выконвае функцыю стварэння агульнага настрою, эмацыянальнага фону на палатне. У большасці выпадкаў можна счытаць гэты фон вельмі адназначна. Выявы людзей, твараў і сілуэтаў сустракаюцца не так часта, але амаль кожны раз маюць строгую скульптурную прапрацоўку дэталяў.

Сяргей Грыневіч «П'ета», 2021 г.

Па-другое, тут цяжка знайсці твор без моцнага сімвалізму, такі, што складаецца проста з адназначна чытэльных вобразаў. Выстаўка — суцэльны зборнік візуальных метафар, прыхаваных і шматслойных, лёгкіх для счытвання, але шматнюансных, з мноствам дробных дэталяў, выяўленых у розных тэхніках. 

Па-трэцяе, большасць карцін не проста канцэпуальныя і дасканалыя па тэхніцы. Яны насычаны сэнсава, пачуццёва, пластычна, кампазіцыйна і колерава.

Ну і найгалоўнейшае, што кідаецца ў вочы, — гэта многачастковасць, многасастаўнасць твораў. Прытым як канцэптуальная, так і прасторавая. Аўтары, звыклыя да літаральна шырокага поля творчасці, вельмі рэдка пераносяць уласныя візуальныя тэксты на маленькія формы. 

Пластычнасць, сэнсавая насычанасць колераў, моцнае канцэптуальнае начынне і вельмі разнастайныя тэхнікі жывапісу і стварэння арт-аб’ектаў — на выстаўцы «Манумент» можна прасачыць разнастайнасць праяў творчай думкі ў тых, хто звык працаваць не «ў сабе», а ператвараючы гатовы аб’ект у твор мастацтва. І ў «сольнай» творчасці мастакі-манументалісты імкнуцца выйсці за межы паняцця «твор мастацтва», зрабіць яго як мага больш комплексным і насычаным вобразамі, эстэтычнымі і канцэптуальнымі сэнсамі. 

Дар’я СМІРНОВА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.