Вы тут

«Не цурайся роднай мовы. Адстойвай нацыянальнасць беларуса!»


Калі вядомы заходнебеларускі паэт Валянцін Таўлай вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі (было гэта пры польскім часе), аднойчы да іх у клас зайшоў элегантны настаўнік, які замест таго, каб чытаць лекцыю, пачаў дапытваць юнакоў і дзяўчат. Яго цікавіла нацыянальнасць, веравызнанне і, галоўнае, на якой мове кожны размаўляе ў сям'і. Усе семінарысты, хоць былі сярод іх і беларусы, казалі пра сваё польскае паходжанне і каталіцкае веравызнанне. Не ўзнімаючы вачэй, настаўнік пачаў задаваць шаблонныя пытанні і яму, будучаму пісьменніку. «Нацыянальнасць?» — «Беларуская», — сціпла адказвае Таўлай. Настаўнік паўтарае пытанне, атрымлівае той жа адказ. «Ёсць такая нацыянальнасць? — нервова ўдакладняе паляк. — Дзе яна жыве? У Амерыцы?» — «У Беларусі», — не перастае здзіўляць Таўлай. «Родная мова ў сям'і?» — наступае настаўнік. — «Беларуская». — «Няма такой мовы!» — не супакойваецца паляк. — «Відаць, ёсць, калі гаворым...»


Паэт падчас працы ў газеце «Звязда», 1932 год.

«Бой» скончыўся, але «цяжкая артылерыя» была наперадзе: спачатку Валянціна Таўлая пазбавілі стыпендыі і перасталі бясплатна карміць, а потым увогуле адлічылі з семінарыі. Яго лёс, як і многіх дзеячаў нацыянальнага адраджэння ў Заходняй Беларусі, быў няпросты. Каб даведацца, што давялося перажыць сапраўднаму беларусу, карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў Доме Валянціна Таўлая, які з'яўляецца аб'ектам Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Сімвалічна, што ў гэтым будынку пісьменнік жыў з 1939 да 1941 года.

Бабуля замяніла маці

Нарадзіўся Валянцін Таўлай 8 лютага 1914 года ў Баранавічах. Ён быў старэйшым за сваіх братоў. Сям'я жыла літаральна на колах: бацька-чыгуначнік часта мяняў месца працы. Дзеці былі яшчэ малыя, калі маці, Марыя Антонаўна, памерла ад халеры. Гадавала іх бацькава маці — бабуля Аўдоцця. Вось як характарызаваў яе Валянцін Таўлай: «Гэта звычайная вясковая жанчына. Даволі доўгае знаходжанне ў гарадах не адбівалася ні ў яе мове, ні на вопратцы, ні на звычаях і абыходжанні. Зусім непісьменная. Бясконца працавітая і цярплівая. Невычарпальная крыніца народных казак...»

Калі Таўлаі пераехалі ў родную вёску бацькі, што недалёка ад Зэльвы, Павел Дзям'янавіч падаўся ў Ліду шукаць працу. Валянцін, бабуля і двухгадовы брат Саша засталіся ў вёсцы. Жыццё пры паляках было нялёгкае. «Гадаваліся на крапіве, рэдкай зацірцы, — успамінае Таўлай. — Мы адраджалі гаспадарку на 3,5 дзесяціны спадчыннай зямлі. Бацька прысылаў заробленыя грошы, каб пакрысе будавацца. І гэта клалася зноў-такі на бабчыны плечы...»

Бацька-рэвалюцыянер

Неўзабаве Павел Дзям'янавіч забраў старэйшага сына ў Ліду вучыцца. Ішоў 1921 год. Валянцін Таўлай пайшоў у першы клас польскай школы. Яму было няпроста: незразумелая мова, аднакласнікі насміхаліся з яго беларускага паходжання, называлі «кацапам». Аўтарытэт падрос, калі Таўлай стаў пісаць. Свой першы верш «Wrуbelkі» («Верабейкі») ён напісаў на польскай мове ў сем гадоў. Чытаў яго перад усім класам. Настаўніца, патрапаўшы яго па шчацэ, сказала: «Добра, пішы! Можа, некалі будзеш сапраўдным паэтам».

І ён стаў. Толькі перш колькі ўсяго давялося перажыць! Асабліва «ўскладняла» жыццё хлопцу яго беларускае паходжанне, на якое ўвесь час указвалі палякі. Але Таўлай ніколі не здрадзіў сабе. Як і яго бацька, якога ў 1924 годзе скарацілі з працы з-за таго, што ён не паляк. Павел Дзям'янавіч і дагэтуль быў рашуча настроены супраць усяго польскага, але гэта стала апошняй кропкай. Ён пачынае гуртаваць вакол сябе сялян, якія мараць аб нацыянальным адраджэнні. У вёсцы Вялікая Кракотка, што на Слонімшчыне, старэйшы Таўлай арганізоўвае беларускую школу, дзе вучыцца і Валянцін, стварае гурток «Грамада», куды ўваходзяць беларусы, не згодныя з палітыкай паланізацыі. Збіраючыся ў хаце Таўлаяў, аднадумцы абмяркоўваюць, што ім рабіць на ніве нацыянальнага адраджэння, чытаюць беларускія газеты. Мова гучыць толькі родная.

Сярод аднадумцаў

Уся рэвалюцыйная дзейнасць перадалася Валянціну Таўлаю ад бацькі, які заўсёды казаў яму: «Сынок, не цурайся роднай мовы. Адстойвай нацыянальнасць беларуса!» Ён, дарэчы, ажаніўся другі раз. Мачаха-настаўніца, Сцепаніда Паўлаўна Дарашкевіч, рыхтавала Валянціна да паступлення ў Слонімскую настаўніцкую семінарыю. Паступіў, але правучыўся нядоўга: барацьбіты за беларускае самавызначэнне польскай уладзе былі не патрэбны.

Валянцін моцна перажываў, як можа з'явіцца дамоў пасля таго, як цэлы год адвучыўся. Але, на яго здзіўленне, бацька не сварыўся, бо разумеў, у чым справа. Зіму паэт прасядзеў дома. Мачаха з ім штодзённа займалася, таму Таўлай з лёгкасцю паступае ў Беларускую гімназію ў Вільні. Там ён хутка знаходзіць сваіх аднадумцаў. Змагары за нацыянальную і сацыяльную незалежнасць выпускаюць газету, ствараюць тэматычныя лістоўкі, наведваюць вязняў турмы ў Лукішках, вывешваюць нацыянальны сцяг на савецкія святы. Актыўна ўдзельнічае ў палітычнай барацьбе і Таўлай.

Пасля зімовых канікулаў на другім курсе пісьменніка адлічылі. Паколькі ён быў непаўналетнім, з Вільні ў родную вёску яго даставілі пад канвоем паліцыі. Вакол Валянціна гуртуецца вясковая моладзь. Яго дзейнасць не застаецца незаўважанай: за ім увесь час сочаць. Аднойчы Таўлай вырашае трапіць у Савецкі Саюз. Зімовай ноччу пераходзіць чыгунку ў раёне Маладзечна. Пісьменніка затрымліваюць на польскім баку і садзяць у турму.

«Выбіць з рук аловак і паперу...»

Пазнейшая спроба пераходу граніцы была больш удалай. У Мінску Валянцін Таўлай паступае на літфак БДУ. Паралельна супрацоўнічае з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі, з'яўляецца членам Беларускага аб'яднання пралетарскіх пісьменнікаў, працуе літаратурным рэдактарам легальнага рэвалюцыйнага органа «Беларуская газета». А ў пачатку 1930-х гадоў ён — літаратурны супрацоўнік газеты «Звязда», дзе актыўна друкуе свае вершы.

Валянцін Таўлай з жонкай Лідзіяй Казлоўскай.

— У снежні 1933 года ў Вільні Валянцін Таўлай арганізаваў і правёў першую канферэнцыю рэвалюцыйных пісьменнікаў Заходняй Беларусі, а таксама падрыхтаваў да друку першы рэвалюцыйны часопіс «Літаратурная старонка», — расказвае навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь ХІТРУН. — Падчас спробы  вяртання ў Беларусь каля Радашковічаў яго разам з сябрам Якубам Міско арыштавалі. У студзені 1934 года пасадзілі ў турму ў Лукішках. Там ён знаёміцца з Максімам Танкам, разам выпускаюць рукапісны часопіс «Краты». Пракурор казаў у судзе пра Таўлая як пра самага таленавітага і небяспечнага крамольніка: «Мы павінны выбіць з рук гэтых людзей аловак і паперу, пазбавіць іх магчымасці пісаць і бунтаваць...» Далі яму 8 гадоў турмы, але пачалася Другая сусветная вайна.

Таўлай вяртаецца ў Мінск. Неўзабаве яго зноў накіроўваюць у Заходнюю Беларусь для падпольнай работы. Паэта павінны былі сустрэць у Гродне, але той спазніўся на цягнік. Калі ж прыехаў пазней, адчуў, што за ім сочаць. Тады Валянцін вырашае адправіцца назад у Мінск. У вагоне з ім едуць і гэтыя людзі. Таўлай разумеў, што яго арыштуюць, таму, пад'язджаючы да Зэльвы, выскачыў праз маленькае акенца (цягнік ехаў на поўным ходзе!). Дахаты яму ісці было нельга: дзе, як ні тут, яго будуць шукаць. Тую зімовую ноч ён пераначаваў на магіле ў маці.

Аднак праз некаторы час Таўлая зноў арыштавалі. Яго кінулі ў Гродзенскую турму. Падчас прагулак паэт незаўважна падымаў каменьчыкі, якімі на падлозе ў камеры пісаў вершы. Зняволеныя, якія выходзілі на свабоду, ведаючы іх на памяць, расказвалі сваім знаёмым — вершы распаўсюджваліся імгненна, таму выйшаў на волю Таўлай ужо вядомым паэтам.

Калі пачалося вызваленне Заходняй Беларусі, Таўлай яшчэ адбываў зняволенне. Як расказваюць сведкі, Гродна чырвонаармейцы бралі вельмі цяжка. Калі вызвалілі вязняў, Валянцін разам з некаторымі аднадумцамі дамоў не пабег. Знайшлі прафсаюзны камітэт, атрымалі там абмундзіраванне і зброю, пачалі выступаць супраць палякаў. Калі да апошніх падышло падмацаванне, учарашніх вязняў зноў пасадзілі ў турму. Па ўспамінах пісьменніка, у тую ноч ніхто не спаў. Усе чакалі, што вось-вось расчыняцца дзверы і іх выведуць на расстрэл. Але своечасова вярнуліся савецкія войскі...

Бацька паэта загінуў у «Асвенціме»

Пасля аб'яднання Заходняй Беларусі з БССР Валянцін вярнуўся ў Ліду, дзе жыла яго сям'я. За гэты час у старэйшага Таўлая нарадзілася дачка — Ніна, сястра пісьменніка, сёння жыве ў Вільнюсе. У верасні 1939 года ў Лідзе ствараецца раённая газета «Уперад» (цяпер «Лідская газета»), і Валянцін Таўлай з'яўляецца адным з яе першых супрацоўнікаў. У ім працягвае жыць рэвалюцыянер: ходзіць па прадпрыемствах, прапагандуе савецкія лозунгі, вядзе актыўную палітычную работу. Са сваёй першай жонкай Кірай Брант яны пасяляюцца ў гэтым доме, дзе цяпер знаходзіцца дом-музей. Але шчасце доўжыцца нядоўга — пачынаецца Вялікая Айчынная вайна.

З пачаткам нямецкай акупацыі Валянцін Таўлай пераязджае ў Навагрудак, дзе ўладкоўваецца памочнікам пісара ў гміну. Ён працуе на немцаў. Але гэта толькі прыкрыццё: выкарыстоўваючы сваю пасаду, паэт дапамагае беларусам.

— З малых гадоў да яго, як да магніту, цягнуліся людзі, — расказвае навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Настасся КАЛАДЗЯЖНАЯ. — Ён не быў ганарлівым, мог знайсці агульную мову з любым, людзі ішлі да яго па параду, бо Валянцін мог дапамагчы, падтрымаць у цяжкую хвіліну. Нават падчас адбору людзей на прымусовыя работы ў Германію папярэджваў сем'і, каб яны маглі ўцячы. Калі ж мясцовым жыхарам патрэбна было вырашыць канкрэтнае пытанне, без боязі звяртаўся да немцаў. А калі актыўна пачаў распаўсюджвацца партызанскі рух, падпольна дапамагаў народным мсціўцам: ён са сваёй другой жонкай Лідзіяй Казлоўскай былі сувязнымі двух партызанскіх атрадаў — імя Катоўскага і «Буравеснік».

Яны пажаніліся ў снежні 1942 года. Лідзія была руская, перад вайной, будучы студэнткай Ленінградскага кінематаграфічнага інстытута, аказалася ў Беларусі. Акурат пачалася вайна. У Ленінград дарогі няма, добра, што перад паездкай адвезла дзяцей да сваіх бацькоў. Паколькі вярнуцца дахаты Лідзія не змагла, нанялася працаваць да сялян. Было гэта акурат на Навагрудчыне, дзе працаваў Таўлай.

Даследчык творчасці паэта Алесь ХІТРУН у мемарыяльным пакоі Дома Таўлая ў Лідзе.

Людзі бачылі, што Валянцін часта ходзіць у лес, але яго настолькі паважалі, што ніхто не выдаў. Гітлераўцы так ніколі і не даведаліся, што чалавек, якому яны давяралі, таемна выносіў дакументы, забяспечваў важнай інфармацыяй партызан і нават друкаваўся ў агітплакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну».

Валянціна Таўлая схапілі, калі ён пасля вяртання з Вільні спыніўся ў Лідзе ў родных. Нехта выдаў, што бацька Таўлая таксама супрацоўнічае з партызанамі, нават забяспечвае іх падробнымі пашпартамі. Усіх траіх — бацьку, мачыху і Валянціна — арыштавалі і кінулі ў фашысцкую турму. Бацьку з жонкай адправілі ў Мінск. Мяркуецца, што яны загінулі ў лагеры смерці «Асвенцім». Малодшаму Таўлаю пашчасціла больш: дзякуючы жонцы, якая звярнулася па дапамогу да кіраўніка Навагрудскай самадапамогі, яго адпусцілі.

Сувязь з Купалам

Пасля вызвалення Валянцін Таўлай працаваў у навагрудскай газеце «Звязда». Пасля смерці Янкі Купалы пераехаў у Мінск, уладкаваўся ў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, быў першым памагатым у цёткі Уладзі. З песняром маладога пісьменніка звязвала многае.

— У сакавіку 1940 года Янку Купалу абралі кандыдатам у дэпутаты па Лідска-Слабадской акрузе, — расказвае даследчык творчасці Таўлая Алесь Хітрун. — Каб падзякаваць мясцовым жыхарам, класік беларускай літаратуры прыехаў у наш горад, дзе гасцяваў тры дні. Да яго прыезду ў Ліду меў дачыненне і Таўлай. Гэта было сапраўднае свята паэзіі на нашай зямлі! Сустрэліся сябры-паэты. Дагэтуль ва ўспамінах некаторых пісьменнікаў захавалася, як шчодра частаваў іх пясняр.

Цікавы факт. У Лідскай бібліятэцы, куды падчас свайго візіту ў горад завітаў Янка Купала, увогуле не было беларускіх кніг. Толькі на рускай і на яўрэйскай мовах. Пісьменнік паглядзеў, што бібліятэка ў бедным стане і падарыў сваю кнігу «Над ракой Арэсай». Так тут з'явілася першая кніга на роднай мове. Купала абяцаў даслаць яшчэ і стрымаў сваё слова.

Пасля вайны ў Валянціна Таўлая нарадзілася доўгачаканая дачушка Галінка — менавіта так ён яе называў. Але нацешыцца малой не паспеў. У яго былі праблемы з сэрцам. Сапраўдны беларус, яркі дзеяч нацыянальнага вызваленчага руху пайшоў з жыцця вельмі рана. Яму было ўсяго 33 гады...

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва Лідскага гісторыка-мастацкага музея

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.