Вы тут

Студэнцкае жыццё — праз прызму гісторыі


У інтэрнаце № 11 Студгарадка БДУ, што размяшчаецца на тэрыторыі Студэнцкай вёскі, адкрыўся Музей гісторыі студэнцкіх інтэрнатаў. Падзея была прымеркавана да стагадовага юбілею, які Белдзяржуніверсітэт адзначыць восенню бягучага года.


— У аснову нашай ідэі была закладзена гістарычная рэтраспектыва самых значных падзей студэнцкага жыцця, пачынаючы з 1926 года, — расказвае начальнік Студгарадка Ала МЕЛЕХ. — Кожная тэматычная зона змяшчае адпаведныя экспанаты: тут і цалкам адноўлены пакой часоў СССР, архіўныя фотаздымкі, кнігі, макеты інтэрнатаў, падарункі ад гасцей, прадметы быту, узнагароды студэнтаў і супрацоўнікаў Студгарадка, атрыманыя ў розныя гады за ўдзел у арганізацыі рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў, нават маецца газета «Студэнцкі гарадок», якая, на жаль, ужо не выпускаецца. Музей дазваляе студэнтам супаставіць той час і наш, чым яны адрозніваюцца і чым падобныя.

Дарэчы, месцам размяшчэння экспазіцыі інтэрнат № 11 быў абраны невыпадкова: на тэрыторыі сучаснай Студэнцкай вёскі ў сталіцы ён з'явіўся першым — яго адкрылі ў 2008 го-
дзе. Таму было прынята рашэнне захаваць гісторыю менавіта тут. А першым экспанатам стаў чамадан студэнткі геафака БДУ.

— У яго, дарэчы, цікавая гісторыя, — кажа Ала Мелех. — Калісьці ў родным горадзе была ў мяне суседка — Вольга Канстанцінаўна. Аднойчы сустрэла яе ў двары, аказалася, што разам з сям'ёй яна вырашыла пераехаць у іншае месца, таму пазбаўлялася ад непатрэбных рэчаў. У руках у яе быў вялікі карычневы чамадан. Жанчына з цеплынёй расказала, што з ім звязана ўсё яе студэнцкае жыццё: разам з ім штогод заязджала ў інтэрнат, і таму ёй вельмі шкада яго выкідваць. Але магчымасці ўзяць з сабою таксама не было. Я і прапанавала, каб яна аддала мне сваю сямейную рэліквію. З яго і пачалася гісторыя нашага музея.

Што было далей? Ала Мелех разам са спецыялістам па рабоце з моладдзю Цэнтра метадычнага забеспячэння рэалізацыі маладзёжнай палітыкі Студгарадка БДУ Ягорам БАГДАШОВЫМ звярнуліся да работнікаў універсітэта, бо многія з іх у свой час таксама жылі ў інтэрнаце і ў іх магло застацца нешта каштоўнае. «Так сабралі добрую базу. Усяго ў нас налічваецца больш за 300 экспанатаў. Музей пабудаваны на ўзор бесперапыннай лініі, якая ніколі не заканчваецца. Гэта як метафара жыцця маладых людзей: час ідзе, а студэнты заўсёды былі, ёсць і будуць», — дадала Ала Уладзіміраўна.

На адным са стэндаў з чорна-белымі фотаздымкамі — картка са студэнцкім вяселлем 1979 года, на іншай — будаўніцтва інтэрната ў 1981-м. Побач з імі цікавы экспанат — правілы пражывання ў інтэрнаце за 1926 год. Ягор удакладніў: у той час, напрыклад, абавязковай умовай для жыхароў інтэрната было наведванне лазні не менш за два разы на месяц, а тушыць святло на паверсе рубільнікам, дарэчы, трэба было пасля гадзіны ночы...

— Мы неяк знайшлі ў архіве дакумент, у якім сказана, што кожны студэнт павінен адпрацаваць на будоўлі (тады будавалася якраз такі «пяцёрка») чатыры гадзіны ў месяц. Цяпер хлопцы і дзяўчаты таксама працуюць на карысць інтэрната тыя ж чатыры гадзіны, — адзначыла Ала Мелех.

Асаблівую ўвагу ў музеі прыцягвае экспазіцыя пакоя савецкага студэнта, аформленая ў стылі 1980-х. Бачым ужо знаёмы нам чамадан, а ў ім — музычныя пласцінкі, розныя саленні, вязаныя шкарпэткі. Атмасферу таго часу перадаюць шторы, унікальныя значкі, пінжак 1970-х гадоў і іншыя прадметы.

— Раней маладыя людзі заязджалі ў пакоі, дзе былі толькі ложак, стол і тумбачка. Усё астатняе везлі з сабой, каб стварыць утульнасць у інтэрнаце. На сцяну вешалі саматканыя дываны, а ложак засцілалі яркім пакрывалам. Вось гэты чырвоны дыван (яго Ала Уладзіміраўна нечакана дастала з-пад ложка. — Аўт.) застаўся яшчэ з летніх Алімпійскіх гульняў 1980 года. На ім ёсць і алімпійскія кольцы. Тады госці і спартсмены пражывалі на тэрыторыі нашага Студгарадка...

Дарэчы, Студэнцкі гарадок БДУ — самы старэйшы ў краіне. Датай яго стварэння лічыцца 6 верасня 1974 года. «Студэнт большую частку часу праводзіць у інтэрнаце. Гэта магчымасць для яго адчуць сябе самастойным. Нам хочацца, каб моладзь, якая будзе пражываць у нас, адчувала сябе як дома. І гэта нам удаецца: часта студэнты кажуць: «Інтэрнат — наш другі дом».

Да нас прыязджаюць былыя студэнты і часта прывозяць нешта цікавае. Напрыклад, загадчык інтэрната № 6 неяк прыгадаў, што ў яго ёсць журнал уліку насельнікаў 1999—2000 гадоў. Ён чымсьці падобны на цяперашні, але заўсёды цікава паглядзець арыгінальныя фатаграфіі студэнтаў, можна па прозвішчы знайсці старых сяброў, знаёмых», — падзялілася Ала Мелех.

— Амаль усе, хто завітвае да нас у музей, кажуць, што студэнцтва і жыццё ў інтэрнаце — самы лепшы час. Яно і зразумела: у інтэрнатах заўсёды праводзіцца вялікая колькасць мерапрыемстваў, і дыпломы, прадстаўленыя тут, — паказчык вельмі высокага іх узроўню. Нашы інтэрнаты не раз станавіліся найлепшымі як у раёне, так і ў горадзе. Таксама тут знаходзіцца сцяна падзяк, нават ад нашага прарэктара па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Івана Янушэвіча ёсць падзяка. Дарэчы, у свой час ён скончыў гістарычны факультэт і жыў у інтэрнаце Студгарадка, а калі быў аспірантам, стварыў сям'ю, — дадаў Ягор.

Суразмоўнікі падзяліліся, што ў далейшым у музеі плануецца пашырэнне калекцыі экспанатаў, напрыклад, будзе створаны інфармацыйны стэнд аб кіраўніках Студгарадка. Бясплатна наведаць музей могуць усе ахвотныя, для гэтага дастаткова толькі загадзя запісацца на экскурсію.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.