Гістарычныя звесткі пра касцёл святой Барбары ў вёсцы Замосце Слуцкага раёна вельмі скупыя. Вядома, што будынак быў фундзіраваны ў 1620 годзе (па іншых звестках — у 1649-м ) мясцовым шляхцічам Андрэем Самуілам Вінкам-Ратамскім, а пазней, у тым жа XVІІ стагоддзі, пры ім была місія езуітаў.
Даследчыкі лічаць, што будынак мог быць узведзены мясцовымі непрафесійнымі дойлідамі: на гэта ўказваюць адыход ад восевай сіметрыі, некананічная аб'ёмна-прасторавая пабудова, увядзенне ў муроўку буйных валуноў, адсутнасць выразных стылёвых рыс. Будынак складаецца з квадратнага ў плане асноўнага аб'ёму, асіметрычна ссунутай адносна падоўжнай восі храма пяціграннай апсіды і высокага першага яруса вежы-званіцы, якая не захавалася. Незвычайна, пад вуглом, да апсіды далучаны нізкія сакрыстыі. Высока ўзнятыя арачныя аконныя праёмы, магутнае канструкцыйнае рашэнне, простыя двухсхільныя дахі надаюць храму абарончы характар.
Гісторыка-стылістычны аналіз дазваляе меркаваць, што першапачаткова гэта быў, верагодна, кальвінісцкі збор. У гэтым пераконвае яшчэ і тое, што ў першай палове XVІІ стагоддзя (да 1669 года) удзельным Слуцкім княствам валодаў князь Багуслаў Радзівіл, кіраўнік евангелісцкай абшчыны ў Вялікім Княстве Літоўскім, таму з'яўленне місіі езуітаў пад Слуцкам раней за другую палову XVІІ стагоддзя малаверагоднае, адзначаюць гісторыкі.
Асаблівасцю храма з'яўляецца незвычайнае вырашэнне алтарнай часткі ў выглядзе гранёнай апсіды з моцна скошанымі бакавымі гранямі, у выніку гэтага ўнутры яна прасторава зліваецца з кафаліконам — малітоўнай залай храма. У апсідзе фрагментарна ўцалела цыліндрычнае скляпенне, дэкарыраванае ромбападобным сеткавым арнаментам з нізкім рэльефам лепкі. У галоўным алтары
знаходзілася карціна мастака Сымона Чаховіча «Укрыжаванне». Інтэр'ер храма захаваў архаічна суровую архітэктурную трактоўку, адзначаюць даследчыкі культавай архітэктуры.
Ёсць сведчанні, што некаторы час у канцы XVІІІ стагоддзя ў будынку касцёла быў уніяцкі храм у гонар Прасвятой Багародзіцы. 1 чэрвеня 1795 года каменная царква ў Замосці была далучана да праваслаўя і разам з ёю прыходскія вёскі. Праваслаўным храм заставаўся на працягу васьмі наступных гадоў, да 1802 года ўключна. Пасля будынак быў перададзены католікам і зноў стаў касцёлам.
У 1865 годзе ён быў пераасвячоны ў праваслаўную царкву. Пасля 1920 года выкарыстоўваўся як культурная і гаспадарчая ўстанова. 3 1993 года касцёл пасля рэстаўрацыі паводле праекта архітэктара В. Кондраля дзейнічае зноў.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Фота Анатоля КЛЯШЧУКА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?