Вы тут

Аўтарытэт даследчыка


Доктар філалагічных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа, вядомы даследчык літаратуры і крытык, на рахунку якога больш за сто навуковых прац: манаграфій, артыкулаў у калектыўных зборніках і перыядычным друку, у жніўні гэтага года мог бы адзначыць свой дзевяностагадовы юбілей. Аднак сцяжына яго жыцця не перасекла мяжу ХХІ стагоддзя.


Павел Дзюбайла

Павел Дзюбайла нарадзіўся 5 жніўня 1931 года ў вёсцы Кукарава цяперашняга Бярэзінскага раёна. Год, калі ён нарадзіўся, у пэўным сэнсе стаў знакавым для нацыянальнага мастацтва слова. Пры Беларускай акадэміі навук у 1931 г. быў створаны Інстытут мовы і літаратуры. І, здаецца, сам лёс спрыяў таму, каб у гэты час з’явіліся на свет будучыя яго супрацоўнікі, якія праз дзесяцігоддзі высока ўздымуць прэстыж беларускага літаратуразнаўства. У гэтым годзе нарадзіліся таксама М. І. Мушынскі, Г. В. Кісялёў, І. П. Чыгрын, А. П. Парэпка, В. П. Жураўлёў. Блізкія часам нараджэння згаданым юбілярам М. М. Арочка (снежань 1930), А. В. Мальдзіс (жнівень 1932), уклад якіх у станаўленне айчыннай навукі пра літаратуру цяжка пераацаніць.

Шлях у навуку і літаратуру вясковага юнака быў традыцыйны: па ім ішлі, пачынаючы з часоў Якуба Коласа, многія здольныя маладыя людзі. Праўда, пры савецкай уладзе настаўніцкія семінарыі замянілі вучылішчы, тэхнікумы, інстытуты. Як і ў іншых яго равеснікаў, вучобу Паўла Дзюбайлы ў школе перапыніла вайна. Атэстат аб заканчэнні дзесяцігодкі атрымаў толькі ў 1949-м. Сярэдняя адукацыя па тым часе дазваляла працаваць у школе. Нядаўні выпускнік уладкаваўся настаўнікам рускай і беларускай моў і паступіў на завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ.

Чаму не на вочнае, нідзе і ніколі не тлумачыў. Увогуле быў чалавек закрыты. Мы нічога не ведаем пра яго бацькоў, сваякоў, аднавяскоўцаў, хоць пакуль жыла маці, часта наведваўся ў роднае Кукарава. Затое пра сабраныя ў час адпачынку грыбы і журавіны заўсёды стрыманы на эмоцыі мог успомніць, здаецца, без усякай нагоды і пры гэтым нібы святлеў тварам.

Дзіця вайны, ён і гэты час хаваў у сабе, быццам вырашыўшы, што пра перажытае ім ужо расказалі ў вершах і прозе іншыя. Сапраўды, у яго падлеткавым лёсе былі і арочкавы «далёкія кастры», і «рваліся “цацкі”», як у вядомым вершы Рыгора Барадуліна. След такой пасляваеннай «цацкі» каля скроні Павел Кузьміч насіў усё жыццё.

Уласныя стасункі з вайной, думаецца, абумовілі тыя крытэрыі жыццёвай праўды, якімі ён кіраваўся ў ацэнцы твораў пра Вялікую Айчынную вайну. Яшчэ малады даследчык аспрэчыў закід аўтарытэтнага ў 1950—1960-я гады літаратуразнаўцы і крытыка Нічыпара Пашкевіча наконт таго, што ў аповесцях В. Быкава («Жураўліны крык» і «Здрада») «загучалі надрыўныя ноты, якія часам ствараюць адчуванне асуджанасці герояў перад воляй лёсу», бо бачыў у гэтых ранніх творах Васіля Уладзіміравіча жорсткую праўду ваенных абставін.

Да 1957 г., калі быў залічаны ў аспірантуру, працаваў настаўнікам, потым завучам, дырэктарам, інспектарам школ Маладзечанскага аблана. Кар’ерны рост відавочны, але тое, што часта мянялася месца працы (Крэўская СШ, Вішнеўская сямігодка, Аляхновіцкая СШ...), наводзіць на думку, што не там сябе шукаў.

Іншую жыццёвую каляіну падказвалі паэтычныя радкі, якія пачалі нараджацца ў яго яшчэ ў час вучобы ў школе.

Напачатку 1950-х асобныя вершы («Роднае сяло», «Звеннявая» і інш.) нават трапілі на старонкі рэспубліканскага друку.

У гэты час ён зарэкамендаваў сябе і як настаўнік-метадыст, але настойліва заяўляла аб сабе і жаданне выказацца пра літаратурныя творы. Сярод яго першых публікацый — рэцэнзіі на раман Віліса Лаціса «Да новага берага» і аповесць

Янкі Брыля «Пачатак сталасці». З сярэдзіны 1950-х гадоў Павел Дзюбайла ўжо сістэматычна выступае ў перыядычным друку з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі на мастацкія творы, на кнігі даследчыкаў літаратуры (Юліі Канэ, Янкі Казекі, Фёдара Куляшова). Паступленне ў аспірантуру Інстытута літаратуры АН БССР праз тры гады пасля заканчэння вучобы ў БДУ стала яго лагічным жыццёва падрыхтаваным крокам.

Тэму кандыдацкай дысертацыі падказала пасляваенная рэчаіснасць. Савецкая літаратура актыўна асэнсоўвала лёсаносныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, а ў беларускай прозе раманны жанр станавіўся паўнапраўным складнікам літаратурнага працэсу, перажываў сваё адраджэнне, на новым гістарычным этапе аднаўляючы перарваную ў 1930-я гады эпічную традыцыю.

У беларускай ваеннай прозе асобнае месца займаюць сацыяльна-філасофскія раманы Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні», «Вялікі дзень», «Млечны шлях». Яны не ўпісваліся ва ўжо абазначанае ў 1950-я гады рэчышча панарамнага рамана з яго шырокім ахопам прывязаных да розных этапаў ваеннага ліхалецця падзей і вялікай колькасцю персанажаў. Пра месца чорнаўскіх твораў у літаратурным працэсе і іх жанравую адметнасць прароча пісаў у канцы 1960-х А. Адамовіч: «Чым далей наша беларуская проза, сённяшняя проза аб Айчыннай вайне рухаецца наперад у сваім развіцці, тым бліжэй яна падыходзіць да гэтых раманаў Кузьмы Чорнага, у якіх вайна, фашызм паказаны і асэнсаваны з вышыні філасофска-гістарычнага і мастацкага вопыту чалавецтва».

Павел Дзюбайла з увагай паставіўся да чорнаўскага прачытання падзей вайны. Сярод яго назіранняў нямала слушных і для сённяшняга часу, напрыклад, выснова, што «“Пошукі будучыні”, “Вялікі дзень” маюць рэзка выражаны як сацыяльна-гістарычны, так і філасофска-псіхалагічны характар». Па знешніх фармальных прыкметах (аб’ём, час дзеяння, ахоп падзей, колькасць герояў) «Млечны шлях», адзначаў аспірант, сапраўды цяжка аднесці да раманнага жанру. Тагачасная літаратура шырока дэманстравала іншы, эпапейны яго тып. Аднак, даказваў ён далей, гэты невялікі твор нясе ў сабе значны змест дзякуючы «багаццю маральна-філасофскіх думак і абагульненняў, глыбіні псіхалагічнага аналізу стану герояў».

Аналізуючы раманы Міхася Лынькова, Івана Мележа, Аляксея Кулакоўскага, Уладзіміра Карпава, Ільі Гурскага, паслядоўна адстойваў арганічнае спалучэнне ў мастацкім творы «лёсу чалавека» і «лёсу народнага», асабістага, індывідуальнага і агульнанароднага, гістарычнага. Істотна важным для літаратуры лічыў заглыбленне ў свет адчуванняў і перажыванняў асобы, шматграннасць паказу чалавечага характару. Гэтыя крытэрыі ў ацэнцы пісьменніцкага майстэрства і літаратурных персанажаў застануцца галоўнымі для Дзюбайлы-даследчыка і крытыка і ў наступныя дзесяцігоддзі.

На матэрыяле дысертацыйнай працы ў 1964 г. з’явілася яго першая манаграфія «Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне». Наступная, у многім наватарская для айчыннага літаратуразнаўства, кніга «Праблемы стылю ў сучаснай беларускай прозе» пабачыла свет у 1973-м. Павел Кузьміч вылучыў тры асноўныя стылявыя напрамкі, якія, на яго погляд, сфарміраваліся ў нацыянальнай прозе. Уласныя высновы ён падмацаваў грунтоўным аналізам твораў Івана Мележа, Івана Шамякіна, Івана Чыгрынава, Міхася Лынькова, Янкі Брыля, Міхася Стральцова, Івана Навуменкі, Уладзіміра Караткевіча.

У 1978 г. выйшла даследаванне «Вобраз нашага сучасніка ў беларускай прозе». Да гэтай тэмы, якая лічылася актуальнай для свайго часу, вярнуўся і ў манаграфіі «Наш сучаснік у жыцці і літаратуры» (1984). Яго турбавала «шырокая арыентацыя нашай прозы на чалавечую пасрэднасць, якая як бы ўжо прызнаецца жыццёвай нормай», бянтэжыла, што «ў многіх творах вельмі ўжо ардынарная асоба». У сваіх разважаннях даследчык слушна зыходзіў з таго, што не пасада, не род заняткаў ці прафесія, не становішча ў грамадстве робяць асобу ардынарнай ці неардынарнай, а звязваў гэта з такой маральна-этычнай катэгорыяй як духоўнасць. Гэта стала прадметам праблемнай гаворкі ў кнізе 1987 г. «У пошуках духоўных каштоўнасцей: Беларуская проза сёння».

Даследаванні Паўла Дзюбайлы вызначаліся шырокім ахопам фактычнага матэрыялу: амаль усё, што з’яўлялася ў друку, ім прачытвалася і асэнсоўвалася, упісвалася ў карціну літаратурнага працэсу. Назвы асобных кніг падкрэсліваюць іх абагульняючы аглядавы характар: «Беларускі раман. Гады 70-я» (1982), «Панарама сучаснай беларускай прозы» (1986), «У пошуках духоўных каштоўнасцей: Беларуская проза сёння», «Вялікі Кастрычнік і сучасная беларуская літаратура» (1988). Гаворачы пра вартасці твораў, крытык адзначаў і недахопы, мастацкія пралікі аўтараў, пры гэтым не асабліва зважаючы на іх «вядомасць» і «заслужанасць». Зразумела, такі падыход прымаўся далёка не ўсімі. Аднак сярод яго публікацый няма так званых разгромных рэцэнзій, адсутнічае непавага да асобы пісьменніка. У іх пануе аб’ектыўнасць, аргументаванасць, заглыбленасць у тэкст.

1980-я гады самыя плённыя ў творчым жыцці Паўла Кузьміча. Для паўнаты карціны назаву яшчэ зборнік «У вялікай дарозе» (1981). Аднак, калі перачытваем змястоўныя, прафесійна напісаныя артыкулы і раздзелы вопытнага даследчыка, з'яўляецца ўражанне, што ў іх амаль не адчуваецца пульс імклівага абнаўлення грамадскай свядомасці і, адпаведна, літаратуры. Здзіўляе маўчанне ў бурнай палеміцы вакол новых твораў Віктара Астаф’ева, Валянціна Распуціна, Чынгіза Айтматава, Пімена Панчанкі і іншых пісьменнікаў. Прынамсі, водгукаў на яе няма ў апошняй яго кнізе «Час, літаратура, крытыка» (1992). Хаця ён чытаў усё, што з’яўлялася ў друку ў пераломныя 1980-я гады, чытаў неяк вельмі спакойна. Здавалася, новыя і вернутыя з небыцця творы ў яго свядомасці, у адносінах да рэчаіснасці нічога не мянялі. Знешне гэта быў усё той жа Павел Кузьміч: спакойны, ураўнаважаны, засяроджаны на штодзённых інстытуцкіх справах. Але нейкі пацішэлы, яшчэ менш кантактны.

Для мяне Павел Кузьміч не толькі старэйшы, больш вопытны калега, а і навуковы кіраўнік кандыдацкай дысертацыі, чалавек, які ў далёкім 1976 годзе паверыў у мае магчымасці. Дванаццаць гадоў ён быў патрабавальным, строгім, але заўсёды аб’ектыўным і справядлівым начальнікам. Так ставіўся і да іншых супрацоўнікаў аддзела. Любіў ва ўсім парадак, дысцыпліну, але мог адступіць ад сваіх прынцыпаў, калі чалавек трапляў у бяду.

Не магу адназначна пагадзіцца з нібыта відавочным, што ён у свае апошнія гады прыпадобніўся вядомай птушцы, якая, ратуючыся ад небяспекі, апускае галаву ў пясок. Ці не хавалася пад маскай абыякавасці вялікая і балючая драма расчаравання ў ідэалах, з якімі сумленна і годна ішоў па жыцці? Але нават калі гэта і так, калі застаўся ў звыклым, зразумелым, камфортным для сябе часе? Ён урэшце вельмі шмат зрабіў для гэтага часу, як на сённяшняе разуменне, не такога ўжо і дрэннага ў жыцці народа.

Нельга не згадаць яшчэ адну сферу яго дзейнасці — удзел у шматфункцыянальнай працы Інстытута літаратуры. З 1968 г. і да самай смерці (памёр 24 студзеня 1995-а) займаў адказную пасаду загадчыка аддзела сучаснай беларускай літаратуры і крытыкі. Быў нязменным неафіцыйным і афіцыйным рэдактарам усіх планавых тэм, якія выконваліся супрацоўнікамі. Яго прозвішча як навуковага рэдактара ці члена рэдакцыйнай калегіі пазначана на многіх апублікаваных у 1980-я гады працах работнікаў гэтай установы. Чвэрць стагоддзя Павел Кузьміч выконваў абавязкі намесніка старшыні Спецыялізаванага савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам падрыхтавана і паспяхова абаронена больш за дзесяць кандыдацкіх прац.

Таіса ГРАМАДЧАНКА, кандыдат філалагічных навук

Фота прадстаўлена Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.