Вы тут

Што робяць камунальнікі, энергетыкі і газавікі ў чаканні зімы


Прамыўка водаправодаў і каналізацыі, замена цепласетак, рамонт артэзіянскіх свідравін, помпаў і электрасетак, назапашванне паліва (у тым ліку рэзерву паліўнага мазуту ў 364 800 тон, што дазволіць 16 дзён працаваць, калі пастаўкі газу раптам будуць абмежаваны), праверка газаправодаў, расчыстка прасек, замена правадоў... Пра гэтыя і іншыя мерапрыемствы, закліканыя стварыць беларусам утульную зіму ў дамах, расказалі эксперты жыллёва-камунальнай і энергетычнай галін краіны.

 


89 паказчыкаў гатоўнасці

Падрыхтоўка да сёлетняй зімы вядзецца ў адпаведнасці з Пастановай Саўміна № 351, нагадаў Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Мінжылкамгаса. Гатоўнасць аб'ектаў ЖКГ штотыдзень кантралюецца па 13 асноўных паказчыках, такіх як замена і капрамонт катлоў, замена цепласетак, стварэнне запасаў драўнянага паліва, прафілактычны рамонт сістэм ацяплення жылля і цеплапунктаў, рамонт стыкаў і дахаў. Штомесяц правяраюцца 89 паказчыкаў, накшталт работ па выпрабаванні абсталявання кацельных і цепласетак, рамонту абсталявання кацельных, прафілактычнага агляду і рамонту водаправодных і каналізацыйных сетак і збудаванняў, рамонту электраабсталявання жылля і печаў, паверкі прыбораў уліку і іншага.

— Гэтыя мерапрыемствы гарантуюць надзейнае, бесперабойнае і безаварыйнае цепла- і водазабеспячэнне жылля і забеспячэнне функцыянавання інфраструктуры гарадскіх і сельскіх населеных пунктаў у ацяпляльны перыяд, — упэўнены спецыяліст. — За першае паўгоддзе выпрабавана абсталяванне больш як 2300 кацельных, 10 200 кіламетраў цепласетак, адрамантавана абсталяванне звыш 2120 кацельных і 1100 цэнтральных цеплапунктаў, ачышчана ўнутраная паверхня амаль 1580 катлоў і 750 бойлераў.

За гэты час перакладзены 144 кіламетры водаправодных сетак і амаль 60 кіламетраў — каналізацыйных. Прамыта каля васьмі тысяч кіламетраў сеткі водаправоду і звыш трох тысяч — каналізацыі. Адрамантавана каля чатырох тысяч калонак, больш за 350 артэзіянскіх свідравін і 350 каналізацыйных помпаў.

На сярэдзіну лета пашпарты гатоўнасці да зімы атрымалі 228 кацельных і 50 спажыўцоў цеплаэнергіі. У краіне нарыхтавана 815 тысяч шчыльных м3 драўнянага паліва, у тым ліку 604 тысячы м3 дроў і 211 м3 шчэпак. Заменена 219 кіламетраў цепласетак. Прафілактычны рамонт сістэм ацяплення выкананы ў 29,7 тысячы дамоў і 27,3 тысячы цеплапунктаў. Апрасавана каля 30 тысяч сістэм ацяплення жылля і 27,9 цеплапунктаў. Адрамантавана 203 пагонныя метры стыкаў панэляў і 505 тысяч м2 даху, удакладніў Андрэй Рамашка.

«Зімовыя» пашпарты для спажыўцоў і крыніц цяпла

На абслугоўванні жыллёвых арганізацый Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі знаходзяцца 6400 дамоў. Да зімы ў іх трэба выканаць прафрамонт сістэм ацяплення, электразабеспячэння, адладжванне сістэм ацяплення і цеплавузлоў, гідрапрамыўку сістэм ацяплення, прамыўку сістэм водазабеспячэння. Усе гэтыя мерапрыемствы амаль цалкам выкананыя, заўважыў Вячаслаў БАТУРА, намеснік гендырэктара па эксплуатацыі жылфонду і вытворчых пытаннях Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі:

— Сёлета быў запланаваны рамонт 207 воданагравальнікаў, 290 павышальных помпаў, аднаўленне цеплаізаляцыі трубаправодаў на 529 м3, рамонт 310 тыся м2 даху, 142 тысяч м2 стыкаў сценавых панэляў, больш як 15,5 тысячы пагонных метраў водаадводзячых сістэм, 1353 балконы. Запланавана замена 78 цеплаабменнікаў і 135 сістэм рэгулявання цеплавузлоў.

Пашпарты гатоўнасці да работы ў асенне-зімовы перыяд павінны атрымаць 29 109 спажыўцоў цеплаэнергіі і 10 315 цеплакрыніц краіны. Для гэтага павінны быць выкананы адпаведныя патрабаванні, аднак падчас праверак высвятляюцца недахопы, заўважыў Сяргей СТАСЕНКА, начальнік аддзела цеплатэхнічнай інспекцыі Дзяржэнерганагляда:

— Адносна цеплатэхнічнага абсталявання гэта адсутнасць цеплавой ізаляцыі, гідраўлічных выпрабаванняў і гідрапнеўматычных прамывак. Адносна газу часта адстунічаюць акты праверкі тэхнічнага стану дымавых і вентыляцыйных каналаў.

Уборка прасек і надзвычайныя сітуацыі

Энергетыкі таксама рыхтуюцца да зімы. У галіне зацверджаны арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, якія ствараюць устойлівае і надзейнае энергазабеспячэнне, вызначаюць аб'ёмы работ па замене і будаўніцтве цепласетак і ствараемых запасаў паліўнага мазуту. Створаны часовыя рабочыя групы па забеспячэнні рацыянальных рэжымаў цеплазабеспячэння спажыўцоў, эканомным выкарыстанні паліўна-энергетычных рэсурсаў, акрэсліў Яўген ПАНЦЯЛЕЙ, намеснік галоўнага інжынера аб'яднання «Белэнерга»:

— На сярэдзіну лета адрамантавана больш за 45 % ад запланаванага на год. 22 адзінкі цеплатэхнічнага абсталявання і 91 адзінка электратэхнічнага абсталявання капітальна рамантуюцца. Капітальна рамантуюцца электрасеткі ўсіх класаў напружання. Заменена звыш  60 % апор напружаннем 10 кВ і амаль 65 % проваду. Звыш 55 % неізаляванага проваду заменена засцерагальным. Расчышчаюцца прасекі ліній напружаннем 10-750 кВ на 8 тысячах гектараў, наводзіцца парадак у палосах лесу, якія прылягаюць да гэтых прасек. Заменена і зманціравана палова цепласетак, назапашана каля 330 тысяч тон мазуту.

«Белэнерга» займаецца таксама папярэджаннем пажараў, для чаго правярае працаздольнасць сістэм дымавыдалення, пажарнай аўтаматыкі і аб'ектаў супрацьпажарнага водазабеспячэння. Каля пажарных вадаёмаў і пляцовак створаны пад'езды і пляцоўкі для ўстаноўкі тэхнікі, кантралюецца пастаянная наяўнасць у іх вады. За своечасовае прыняцце неадкладных мер па ліквідацыі ўзнікаючых пажараў прадугледжана персанальная адказнасць работнікаў. Адпрацаваны парадак работы аператыўных груп у надзвычайным рэжыме ва ўмовах нізкіх тэмператур. Да асенне-зімовага перыяду ўжо скамплектаваны 1429 падраздзяленняў (больш за 7300 чалавек) для выканання аварыйна-аднаўленчых работ. Напагатове каля 200 дызельных электрастанцый.

Правярай у кватэры газ

Спецыялісты газавай галіны ў межах падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона нарыхтавалі 410 тысяч тон паліўнага брыкету. Газавікі даследавалі больш за 4,5 тысячы кіламетраў падземных газаправодаў, замянілі каля 200 адзінак абсталявання, якія працуюць больш за 20 гадоў, і больш як 82,5 тысячы адзінак маральна ўстарэлага абсталявання. Ацанілі стан каля 400 кіламетраў падземных газаправодаў з тэрмінам службы звыш 40 гадоў. Усе гэтыя мерапрыемствы скіраваны на стабільную работу газазабяспечвальнай галіны, запэўніў Дзмітрый ЛАБЫКА, начальнік упраўлення тэхнічнага прагрэсу НДР, энергаэфектыўнасці і эксплуатацыі абсталявання агульнага назначэння аб'яднання «Белпалівагаз» і дадаў, што асаблівая ўвага аддаецца пытанням бяспекі пры выкарыстанні ўнутрыдамовага і ўнутрыкватэрнага газавага абсталявання.

Сёлета правераны тэхнічны стан каля 500 тысяч адзінак газавыкарыстальнага абсталявання, ёсць выпадкі адключэння катлоў і калонак.

— Пераважна адключалі абсталяванне праз парушэнне спажыўцамі правілаў выкарыстання газу ў быце, у прыватнасці, неправядзенне своечасовага планавага тэхнічнага абслугоўвання, адсутнасць актаў праверкі тэхстану дымавых і вентыляцыйных каналаў або іх няспраўнасць, — абазначыў спецыяліст.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Рыхтуй дровы і правады летам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.