Вы тут

Драпежнік ці кветка?


Адзін з найважнейшых кірункаў навядзення парадку на зямлі — мерапрыемствы па рэгуляванні і распаўсюджванні колькасці інвазійных раслін, найперш баршчэўніку Сасноўскага і сумніку канадскага. Сачыць трэба нават за ростам дзьмухаўцоў, якія хай і не такія агрэсіўныя, але ж без належнага нагляду здольныя захапіць гарадскія газоны і паркі, таму камунальнікі і зелянбудаўцы апрацоўваюць газоны ад гэтых кветак.


Фота аўтара

Зарастае двор? Можаш атрымаць штраф

Насенне баршчэўніку валодае высокай усходжасцю на працягу доўгага часу (восем—дзесяць гадоў), што абцяжарвае барацьбу з ім. На вызваленай ад захопніка тэрыторыі баршчэўнік некаторы час можа не расці і яе нават выключаюць з плана абследавання, а праз тры гады захопнік можа вярнуцца, праросшы з насення, прыхаванага ў зямлі, сцвярджаюць эксперты.

Спецыялісты Мінпрыроды кантралююць, як выконваецца план па барацьбе з драпежнымі раслінамі. Мінскім гарадскім камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, напрыклад, складзены 31 пратакол на суму каля 11 тысяч беларускіх рублёў за парушэнні ці несвоечасовае або няпоўнае выкананне задач па абыходжанні з інвазійнымі відамі.

— Для барацьбы з імі прымяняюцца механічны, хімічны і камбінаваны спосабы. На пачатак года плошча росту баршчэўніку складала 18,21 гектара, а сумніку — 156,44 гектара, — падзялілася Таццяна ДУБІК, намеснік старшыні Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. — Цяпер якраз абследуюцца месцы росту інвазійных раслін разам з прадстаўнікамі Акадэміі навук, якія дадуць рэкамендацыі аб эфектыўнасці прынятых землекарыстальнікамі мер па рэгуляванні колькасці драпежных раслін. Ужо ёсць папярэдняя інфармацыя пра змяншэнне колькасці баршчэўніку на асобных тэрыторыях, а на днях з'явяцца новыя дакладныя лічбы, наколькі паменшала плошча, займаная агрэсарамі.

Прыгожы і небяспечны...

Калі шкоднасць баршчэўніку ўжо ні ў кога не выклікае сумневу, то сумнік дзякуючы яго жоўтым суквеццям дагэтуль лічыцца прыгожай кветкай. Яго нават называюць асенняй мімозай і часта ўпрыгожваюць ім школьныя букеты да 1 верасня, дадаючы да астраў ды гладыёлусаў, зрэзаных на падворках. Ды што там, ён нават і належыць да сямейства астравых. Нягледзячы на ўсё гэта, кветка застаецца драпежнікам. Па ступені небяспечнасці для наваколля і дабрабыту чалавека спецыялісты ставяць сумнік нароўні з баршчэўнікам і каларадскім жуком.

Закон аб раслінным свеце ў частцы барацьбы з інвазійнымі раслінамі распаўсюджваецца на тэрыторыі за выключэннем прыватных домаўладанняў, патлумачыла Таццяна Дубік:

— Даюцца папярэджанні і рэкамендацыі, праводзіцца тлумачальная работа з грамадзянамі аб недапушчальнасці вырошчвання і распаўсюджвання гэтай расліны. Сумнік насамрэч вельмі агрэсіўны. Пасадзіўшы ў кветніку тры кусты гэтай расліны, неўзабаве можна страціць усе астатнія культурныя расліны, якія проста загінуць ад агрэсара.

Кожны куст сумніку дае да 100 тысяч каліў насення, якое валодае высокай усходжасцю. Больш за тое, з часам карані жоўтага захопніка пачынаюць выдзяляць у глебу атрутныя рэчывы, якія глушаць рост іншых раслін.

Патрабаванні да рэгулявання інвазійных відаў раслін замацаваны правіламі добраўпарадкавання тэрыторый, якія зацверджаны пастановай Савета Міністраў, удакладніла Таццяна БАС, намеснік начальніка аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, нетраў, біяразнастайнасці асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— У гэтых правілах прапісана, што за парушэнне правіл добраўпарадкавання на тэрыторыі прыватных падворкаў, у тым ліку за вырошчванне інвазійных відаў раслін або неправядзенне барацьбы з імі, прыцягнуць гаспадароў да адміністрацыйнай адказнасці могуць сельсаветы. На Міншчыне, на жаль, сустракаюцца падворкі, дзе даўно няма гаспадароў, а тэрыторыя сядзіб зарастае і баршчэўнікам, і сумнікам. Сельсавет мае ўсе правы і падставы адшукаць новых уладальнікаў участка і выдаць прадпісанне, пасля чаго прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за невытрымліванне правіл добраўпарадкавання.

Смецце, вогнішча, стаянка на беразе

У рамках кантролю за выкананнем заканадаўства ў галіне аховы наваколля Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў таксама праводзіць шэраг мерапрыемстваў. Сёлета з гэтай мэтай было праведзена каля 270 кантрольных мерапрыемстваў, якія выявілі звыш дзвюх тысяч парушэнняў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты і аштрафаваны 45 вінаватых асоб, а папярэджанне атрымалі больш за 245 асоб.

Раённыя інспекцыі Мінпрыроды ў рамках навядзення парадку на зямлі (у тым ліку абследаванняў тэрыторыі) сёлета правялі звыш 4300 кантрольных мерапрыемстваў. Было выяўлена 8250 парушэнняў, для ўстаранення якіх выдадзена 1489 прадпісанняў і рэкамендацый, накіравана 2529 інфармацыйных лістоў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 400 асоб на суму 548 тысяч рублёў, папярэджанне вынесена 928 асобам.

Сярод найбольш распаўсюджаных парушэнняў: стаянка транспартных сродкаў бліжэй за 30 метраў да берагавой лініі, распальванне вогнішчаў на забароненых тэрыторыях, пакіданне смецця ў несанкцыянаваных месцах.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.