Вы тут

Праблемы школьнікаў са спінай — занадта цяжкі заплечнік. Як «скінуць вагу»


Навучальны год пачынаецца і школьнікі, падобныя на юных альпіністаў, адправяцца штурмаваць вяршыні ведаў. Адкуль такое параўнанне? З-за заплечнікаў, якія часам здаюцца большымі за свайго гаспадара. Узваліць на плечы партфель вучня пачатковай і сярэдняй школы (4-6 падручнікаў, сшыткі, пенал, тэлефон або планшэт) і не сагнуцца пад гэтым цяжарам пад сілу далёка не кожнай маме.


Фота: pixabay.com

Тата, вядома, здужае. Але, калі, дапусцім, у заплечнік трэба ўціснуць яшчэ і фізкультурную форму... Плюс зменны абутак (а нярэдка яшчэ і абутак для фізкультуры), атласы і контурныя карты (ці, дапусцім, кнігу для пазакласнага чытання), плюс сёе-тое на перакус... Напэўна, і тату школьны партфель дзіцяці не падасца лёгкім.

Якая вага школьнага заплечніка бяспечная для дзіцяці? Маса штодзённага камплекта падручнікаў з пісьмовымі прыладамі (без масы ранца ці заплечніка) павінна складаць не больш за 1,5 кг для навучэнцаў 1-2 класаў, 2 кг для навучэнцаў 3-4 класаў, 2,5 кг для навучэнцаў 5-6 класаў, 3 кг для навучэнцаў 7-8 класаў і 3,5 кг для навучэнцаў 9-11 класаў, распавялі ў аддзяленні гігіены дзяцей і падлеткаў ДУ «Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Фрунзенскага раёна г. Мінска». Нарміруецца таксама вага ранцаў, заплечнікаў і вучнёўскіх партфеляў. Яна павінна быць: для вучняў пачатковых класаў — не большая за 600-700 грамаў, для навучэнцаў сярэдніх і старэйшых класаў — не большая за кілаграм.

Марына, мама чацвёртакласніка і сямікласніцы:

— На жаль, нормы вагі школьнага партфеля наўрад ці ўдасцца вытрымліваць. Сын пайшоў у чацвёрты клас, і ў нас адна англійская мова «цягне» кілаграма на паўтара! Перад гэтым навучальным годам прыйшлося доўга думаць, які аб'ём заплечніка купляць, каб усё ў яго змясцілася. Лічыцца, што чацвёртакласнікі ўжо вялікія — ні падручнікі, ні альбом і фарбы, ні фізкультурную форму ў школе пакідаць не дазваляецца. Вось уявіце: у дзіцяці 6 урокаў, адзін з якіх — фізкультура. Значыць, 5 падручнікаў, сшыткі, пенал, фізкультурная форма, зменны абутак... Ды яшчэ сам па сабе заплечнік нешта важыць. А сын важыць 34 кілаграмы! У сёмым класе партфель яшчэ цяжэйшы.

— Цяжкі школьны ранец можа стаць прычынай пастаяннай стомленасці, боляў у мышцах і пазваночніку, скаліёзу і сутуласці, — адзначае валеолаг 27-й гарадской паліклінікі Лілія Кацэр. — Таму перш за ўсё трэба паклапаціцца аб добрым артапедычным заплечніку для школьніка, які правільна і бяспечна размяркоўвае нагрузку на апорна-рухальны апарат дзіцяці. Дзіця, надзяваючы ранец, не павінна нахіляцца наперад або назад.

Таццяна, маці другакласніка:

— Пытанне са школьным заплечнікам — вельмі няпростае. Бо гэта дадатковая вага. Медыкі раяць артапедычны, каб спіна была роўная. Але калі звычайны заплечнік важыць 450-500 г, то з артапедычнымі ўстаўкамі — каля 800. Вось і атрымліваецца: або роўная спіна, або дадатковая вага на спіне дзіцяці...

Калі вельмі цяжка...

Існуюць рэальныя рызыкі для здароўя школьніка, звязаныя з занадта цяжкім ранцам, кажуць спецыялісты.

— Кароткатэрміновыя пабочныя эфекты рэгулярнага нашэння занадта цяжкага заплечніка дзецьмі і падлеткамі ўключаюць боль у спіне, шыі, плячах, здранцвенне і слабасць у руках, — адзначае валеолаг Лілія Кацэр. — Але ёсць і доўгатэрміновыя пабочныя эфекты. Нагрузка на шыю і плечы прыводзіць да галаўных боляў, пашкоджанне пазваночніка — да такіх праблем, як сутуласць і скаліёз. Цяжкія заплечнікі школьнікаў правакуюць недастатковы прыток крыві да канечнасцяў, яны — віноўнікі боляў у шыі і паясніцы, а скажоная асанка зніжае дыхальную здольнасць з-за ціску на лёгкія. Залішняя вага заплечніка становіцца прычынай анамальнага росту костак у дзіцяці. Менавіта таму бацькам і настаўнікам вельмі важна кантраляваць вагу заплечнікаў школьнікаў.

— Нашэнне партфеля, які перавышае дапушчальныя нормы па масе, уплывае на пазваночнік і ўнутраныя органы, — падкрэслівае в. а. загадчыка аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Фрунзенскага раёна г. Мінска Паліна Раманава. — Гэта можа прывесці да ўзнікнення боляў у спіне, парушэнняў паставы і хады. Цяжкі заплечнік павышае небяспеку траўмаў. Акрамя таго, дзіця фізічна стамляецца, а стомленасць дрэнна адбіваецца на працаздольнасці.

Гэй, лягчэй!

Кантраляваць вагу школьнага партфеля павінны бацькі і настаўнікі, падкрэсліваюць спецыялісты. Але што можна зрабіць?

— Дзецям сапраўды даводзіцца насіць вельмі цяжкія ранцы, — кажа настаўнік ліцэя Галіна Грынчук. — Як зрабіць іх лягчэйшым? Напрыклад, у класах можа быць другі камплект падручнікаў — іх купляюць бацькі, і дзеці могуць не насіць кнігі ў школу. У нас у пачатковай школе гэта так. Але падобная сістэма цалкам прымальная і для старэйшых класаў, дзе дзеці ходзяць з кабінета ў кабінет. Чаму б, дапусцім, у кабінеце фізікі не мець камплект з трыццаці падручнікаў для 7,8, 9 класаў і г. д., якія можна раздаваць у пачатку ўрока? І гэтак жа — у іншых кабінетах. Усё гэта вырашальна — на ўзроўні бацькоў, класнага кіраўніка, адміністрацыі школы. Настаўнік, вядома, павінен сачыць, каб гэтыя падручнікі дзеці выпадкова не заносілі дадому, каб ставіліся да іх акуратна. Але ўсё гэта цалкам рэальна. У нас дзеці пакідаюць у школе фізкультурную форму — гэта таксама вырашаецца на ўзроўні школы.

Са свайго боку медыкі прапануюць вылучыць у школах дадатковыя месцы (шафкі, паліцы), каб дзіця магло пакідаць там набор фарбаў, альбом, фізкультурную форму і г. д., адзначае Лілія Кацэр.

Акрамя таго, кажучы аб «пераважцы», медыкі і настаўнікі маюць на ўвазе школьныя прылады і рэчы, неабходныя для вучобы. Між тым, у агульнай вазе варта ўлічыць таксама неабавязковыя для навучання прадметы. У малодшых класах і ў пачатку сярэдняй школы гэта могуць быць цацкі, у 8-9 класе — гаджэты, а ў дзяўчынак — яшчэ і касметыка.

Юлія, мама двух старшакласнікаў (сын — 10 клас, дачка —11 клас):

— Класа з дзявятага пытанне цяжкага школьнага ранца становіцца не такое актуальнае. Частку падручнікаў можна адкрываць на планшэце — у нашай школе, напрыклад, гэта дазваляюць. Да дзясятага класа дзеці становяцца дарослымі і самі выкладваюць з заплечнікаў лішняе. Але раней даводзілася сачыць за тым, што і ў якой колькасці сын і дачка кладуць у школьны заплечнік, каб у партфелях не было лішняга. Да таго ж, часам дзеці забываюць вылажыць падручнік ці спартыўную форму, якія на наступны дзень непатрэбныя. Так што мая парада бацькам малодшых школьнікаў: праводзьце раз на некалькі дзён «рэвізію» змесціва партфеля вашага дзіцяці — так вы зможаце рэгулярна вызваляць яго ад непатрэбных у школе рэчаў.

  • І яшчэ некалькі парад ад бацькоў школьнікаў:
  • Сёння магчыма спампаваць падручнікі ў электронным выглядзе на планшэт. Гэты варыянт непрымальны для малодшай школы, але падыдзе падлеткам. Калі ў вашай школе гэта дазволена школьнай адміністрацыяй і ў вас ёсць планшэт — такі спосаб карыстання падручнікамі дазволіць партфелю вельмі сур'ёзна «скінуць вагу».
  • Можна проста дамовіцца з суседам па парце аб тым, каб насіць падручнікі напалам — партфель, адпаведна, таксама «схуднее» напалову.
  • Калі насіць падручнікі ўсё ж прыйдзецца, трохі зменшыць вагу партфеля можна за кошт пенала. Гэты прадмет здольны сур'ёзна дадаць вагі заплечніку. Хай у пенале будзе толькі тое, што сапраўды неабходна. І сам пенал лепш выбраць лёгкі па вазе.
  • Тое ж самае датычыцца ланч-бокса (ён павінен быць з лёгкага матэрыялу) і парасоніка або дажджавіка: выбіраем максімальна лёгкія па вазе варыянты. Для зменнага абутку гэта таксама актуальна.

Збіраем ранец правільна

Значэнне мае не толькі вага школьнага ранца, але і тое, як у яго пакладзены школьныя прылады як яго носіць дзіця.

— Дзеці і падлеткі, якія носяць заплечнікі, спусціўшы шлейкі, так, каб ён дакранаўся да ніжняй часткі спіны, або вешаюць заплечнік толькі на адно плячо, падвяргаюць сваю спіну больш моцным і нераўнамерным нагрузкам, чым тыя, хто носяць заплечнік правільна. Аптымальнае нашэнне заплечніка ў верхняй частцы спіны, з фіксацыяй шырокімі шлейкамі на абодвух плячах, — падкрэслівае Паліна Раманава.

Акрамя таго, адзначаюць медыкі, бацькі павінны навучыць дзяцей правільна сабіраць школьны заплечнік, партфель ці ранец.

  • Найбольш цяжкія прадметы (падручнікі і кнігі) павінны змяшчацца бліжэй да спіны. Калі яны далёка ад спінкі заплечніка, то іх вага адцягвае пазваночнік, што негатыўна ўплывае на постаць і можа стаць прычынай траўмаў пазваночніка.
  • Важна, каб усе аддзяленні і кішэні заплечніка выкарыстоўваліся — так вага будзе размяркоўвацца раўнамерна і заплечнік па адчуваннях стане не такім цяжкі.
  • Для напаўнення бакавых кішэняў лепш выкарыстоўваць больш лёгкія рэчы. Цяжкія прадметы ў бакавых кішэнях заплечніка будуць «перацягваць» вагу, і гэта можа дэфармаваць або траўміраваць пазваночнік дзіцяці.
  • І не забываемся пра святлоадбівальныя элементы на школьнай сумцы, партфелі або заплечніку — на пярэдніх, бакавых паверхнях і верхнім клапане. Гэта, вядома, ніяк не звязана з вагой школьнай сумкі, але таксама надзвычай важна!

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Як заплечніку «скінуць вагу»?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.