Вы тут

Як сталіца сустрэне свой 954-ы дзень нараджэння


Адным з самых любімых і папулярных свят у нашай краіне па праве лічыцца дзень горада. Любы горад індывідуальны па-свойму — гісторыяй і культурай, падзеямі, працоўнымі, творчымі, спартыўнымі і іншымі дасягненнямі. У дзень правядзення свята Дня горада сёлета можна будзе адчуць часцінку душы мінчукоў, іх настрой і стаўленне да самога горада.


Усе намаганні арганізатараў свята — накіраваныя на тое, каб паказаць усё найлепшае, чаго дамогся, чым славіўся і славіцца цяпер горад-герой Мінск. Гарадское свята 2021 года імкнуцца зрабіць найбольш яркім, запамінальным і асаблівым, вясёлым і запальным, незвычайным і цікавым для гасцей горада і саміх жыхароў.

У суботу, 11 верасня, мы адзначым 954-ы дзень горада ў Мінску, у сувязі з чым гарадскія ўлады падрыхтавалі для актыўных мінчукоў цікавую праграму. Урачыстая дата насычана шматлікімі мерапрыемствамі. Прадстаўнікі адміністрацыі ўскладаюць кветкі да мемарыяльных аб'ектаў. Уручаюць узнагароды выбітным дзеячам. Культурныя ўстановы рыхтуюць тэматычныя выстаўкі. Музеі дэманструюць экспанаты, звязаныя з гісторыяй.

Выхаванцы спартыўных школ удзельнічаюць у паказальных выступленнях. Ладзяцца спаборніцтвы сярод футбольных каманд, весляроў, атлетаў. Тэатральныя калектывы прадстаўляюць спектаклі пад адкрытым небам. Народныя майстры перадаюць вопыт стварэння вырабаў. Арганізоўваецца фестываль творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Увечары на сцэну выходзяць папулярныя выканаўцы. У завяршэнне свята неба азараецца іскрамі феерверку.

Пляцоўкай асноўных гарадскіх мерапрыемстваў стане тэрыторыя каля Палаца спорту, дзе 10—12 верасня разгорнецца святочны кірмаш і пройдзе мноства відовішчных падзей. У пятніцу гандаль пачнецца ў 12.00, у суботу — ужо з 11.00, у нядзелю — з 9.00 і будзе доўжыцца да позняга вечара. А з поўдня 11 верасня ў шумны гандаль уварвуцца яшчэ і рытмы музычнага маладзёжнага фестывалю. Крыху пазней тут стартуе Міжнародны турнір па сілавым экстрыме Mіnsk Open Cup 2021, гарачыя спаборніцтвы за званне найлепшага зладзяць пажарныя-ратавальнікі.

Пляцоўка каля Верхняга горада 11 верасня прыцягне аматараў аўтэнтычнага народнага каларыту — тут пройдзе XІІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. А ўвечар знаўцы класікі нацешацца сімфоніяй гукаў ад Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.

Завершыць асноўны дзень святкаванняў 11 верасня маляўнічае піратэхнічнае прадстаўленне ў скверы Старасцінская Слабада ў 22.00.

Асноўным лейтматывам нядзелі стануць спорт і творчасць для ўсіх. Доўгачаканы Мінскі паўмарафон стартуе ад Палаца спорту ў 9.00 і абяцае быць вельмі масавым. А ў Палацы культуры правіць баль будуць музы мастацтва: тут пройдзе гарадскі фестываль творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але неабсяжнымі марамі, фантазіяй і талентамі — «Мастацтва жыць, тварыць мастацтва».

Яшчэ напярэдадні, 1 верасня, у сталічных школах прайшлі гасцявыя ўрокі «Я — мінчанін», а з 6 верасня пачнуцца інфармацыйна-выхаваўчыя гадзіны, дыскусійныя пляцоўкі. Не абыдзецца і без адкрыцця Вахты памяці на пасту № 1 горада-героя Мінска — на плошчы Перамогі. 11 верасня падножжа манумента будзе выслана кветкамі ад удзячных за мір нашчадкаў.

Паралельна ў гарадскіх бібліятэках будуць ладзіцца розныя тэматычныя сустрэчы, на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах, інтэрнэце пройдзе агульнагарадская акцыя па папулярызацыі дзяржаўных сімвалаў Беларусі «Сімвалы маёй краіны і майго горада». А ў кінатэатрах 10—12 верасня пройдуць паказы дакументальных стужак пра Мінск з калекцыі кінастудыі «Беларусьфільм».

Кіраўніцтва Мінгарвыканкама сустрэнецца 9 верасня ў ратушы з членамі савета старэйшын і ганаровымі грамадзянамі горада, дзе на наступны дзень адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўшанавання мінчан, якія актыўна ўдзельнічаюць у ахове грамадскага парадку і прафілактыцы правапарушэнняў.

У дзяржаўным маладзёжным тэатры 10 верасня ордэн Маці ўручаць некалькім шматдзетным мінчанкам. А ў парку Янкі Купалы 11 верасня пройдуць цырымонія ўручэння ўзнагарод «Мінчанін года», «Найлепшы па прафесіі» і святочны канцэрт.

У Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага 11 верасня ўрачыста сустрэнуць хлопцаў, якія вярнуліся з «Зорнага паходу», узнагародзяць пераможцаў конкурсу «Формула саду». У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі пройдзе маштабнае свята для ўсіх маленькіх гараджан.

У кожным адміністрацыйным раёне сталіцы рыхтуюцца і свае гулянні. Будзе шмат весялосці і шуму, смачных пачастункаў, музыкі, танцаў. Святы двароў, квэст-гульні, дзіцячыя спаборніцтвы на роварах, кубак па сілавых відах спорту, конкурсы малюнкаў, фестывалі дзіцячай творчасці, турыстычны спрынт, фотавыстаўкі і выстаўкі мастацкіх рамёстваў — гэта і не толькі чакае мінчукоў 11 верасня.

Акрамя таго, гэтымі днямі сваё 100-годдзе адзначыць БДУ, так што гараджан чакае яшчэ больш сюрпрызаў.

Мінск... Для многіх пакаленняў яго спакойныя вуліцы, шумныя праспекты і велічныя плошчы сталі роднымі. І для кожнага жыхара гэты горад асаблівы, свой. Галоўнае ў свяце горада — гэта ўсмешкі на тварах гараджан. Якое б за акном ні было надвор'е і якія б зорныя канцэрты ні падрыхтавалі нам арганізатары, 11 верасня 2021 года можа стаць яшчэ лепш, калі вы са сваімі роднымі і блізкімі прыйдзеце на свята Мінска ў добрым настроі.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

У Мінску ў Верхнім горадзе 11 верасня адкрыецца XІІІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур

Падчас адкрыцця фестывалю з 12.00 да 17.00 пройдзе канцэртная праграма з удзелам творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў розных нацыянальнасцяў — беларусаў, азербайджанцаў, армян, афганцаў, башкіраў, грузін, дагестанцаў, яўрэяў, ірландцаў, італьянцаў, індыйцаў, карэйцаў, кітайцаў, літоўцаў, малдаван, немцаў, палякаў, палесцінцаў, рускіх, татараў, туркменаў, украінцаў, цыганоў, чувашоў, эстонцаў.

У якасці запрошаных гасцей у канцэрце прымуць удзел заслужаны калектыў Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі, Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Г. І. Цітовіча, салісты Беларускай дзяржаўнай філармоніі, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны ансамбль танца «Дружба».

«На тэрыторыі Верхняга горада размесцяць выстаўку традыцыйных касцюмаў і прадметаў побыту нацыянальных культур, вырабаў народных рамёстваў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, а рэстараны сталіцы прадставяць стравы нацыянальнай кухні», — дадалі арганізатары.

Плануецца, што ва ўрачыстым адкрыцці фестывалю прымуць удзел прадстаўнікі Мінкультуры, Мінгарвыканкама, пасольстваў замежных дзяржаў, таксама старшыні нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў.

Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур праводзіцца ў два этапы. Першы — урачыстае адкрыццё і адборачныя туры ў рэгіёнах Беларусі. Кожны з іх прадстаўляе канцэртную праграму і выстаўкі з удзелам прадстаўнікоў нацыянальнасцяў, якія пражываюць у гэтым рэгіёне. Цяпер фарміруецца журы па жанравых кірунках: харэаграфія, вакал, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і інструментальная музыка.

Другі этап — заключныя мерапрыемствы ў Гродне. У першы дзень арганізуюць шэсце прадстаўнікоў нацыянальных дыяспар, святочны канцэрт з удзелам творчых калектываў нацыянальна-культурных аб'яднанняў і прафесійных артыстаў, а ў заключны дзень будуць працаваць нацыянальныя падворкі, пройдзе канцэрт-закрыццё фестывалю з узнагароджаннем удзельнікаў.

Загаловак у газеце: Энергіі і інтэлекту час, славуты Мінск, ты выбіраеш нас!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.