Вы тут

Клейнбарт вяртаецца ў Капыль


У час XXVIII Дня беларускага пісьменства ў Капылі 5 верасня пройдзе прэзентацыя кнігі Льва Клейнбарта «Сустрэчы. Янка Купала», якая пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Месца правядзення — Капыльскі раённы краязнаўчы музей. Пачатак — 14. 45. 


Гэтую падзею, як і выданне кнігі, можна назваць знакавай праявай увагі і да постаці народнага песняра Беларусі, і да даследчыка яго творчасці — рускага літаратурнага крытыка, пісьменніка, публіцыста, журналіста Льва Максімавіча Клейнбарта. Нагадаем, што ён з’яўляецца ўраджэнцам Капыля. Рукапіс кнігі «Сустрэчы. Янка Купала» з 1964 года з’яўляецца часткай музейнага збору. У фонды Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы кніга патрапіла дзякуючы пляменніцы народнага песняра Ядвізе Юльянаўне Раманоўскай (яна ў 1960 — 1986 гг. працавала галоўным захавальнікам фондаў Купалаўскага музея). Менавіта яна вяла перапіску з братам Льва Клейнбарата — Маркам Максімавічам, які на той час з’яўляўся ўладальнікам часткі архіва даследчыка і перадаў рукапісы на захаванне ў музей. 

Чытаем ў прадмове да выдання «Сустрэчы. Янка Купала»: «Праца па набыцці матэрыялаў з асабістага архіва літаратурнага крытыка Льва Клейнбарата распачалася яшчэ ў 1940-я гады Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч. Іх перапіска — сямнаццаць пісьмаў — сёння захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. „Я ведаю, што вы, дарагі Леў Максімавіч, заўсёды былі лепшым сябрам Янкі і цяпер памятаеце яго“, — пісала У. Ф. Луцэвіч. Леў Максімавіч Клейнбарт адказваў: „І. Д. Купала быў з даўніх часоў маім літаратурным сябрам... Мною напісаны вялікія ўспаміны пра Купалу, дзе выкарыстаны ў першую чаргу яго лісты да мяне, а затым лісты пра яго знакамітых беларусаў. „Сустрэчы“ гэтыя выйдуць у нашых рускіх выданнях, але я бы хацеў, каб яны выйшлі і ў перакладзе на беларускую мову». 

Сям'я Клейнбартаў. Капыль, пач. ХХ ст.

Наша публікацыя ўспамінаў Льва Клейнбарта не толькі ў арыгінале, але і па-беларуску — ажыццяўленне шчырага жадання аўтара падзяліцца сваім ўспрыняццем асобы Янкі Купалы — паэта, грамадскага дзеяча, блізкага і дарагога чалавека. 

Леў Максімавіч Клейнбарт — аўтарытэтны літаратурны крытык свайго часу, чые працы актуальныя і сёння для сучасных даследчыкаў літаратуры ў цэлым, літаратурных персаналій у прыватнасці. Раней не апублікаваная работа Л. М. Клейнбарта „Сустрэчы. Янка Купала“, без сумнення, прыцягне ўвагу і навукоўцаў-купалазнаўцаў, і простых чытачоў, тых, хто зацікаўлены беларускай літаратурай, гісторыяй краіны. Яна напісана прыгожай і зразумелай мовай, якая раскрывае перад намі аўтара як назіральнага, вельмі ўважлівага, тонкага расказчыка з безумоўным літаратурным дарам». 

Леў Клейнбарт праз сваю кнігу вяртаецца ў родны Капыль. Выданне, прэзентацыя ў раённым краязнаўчым музеі, у горадзе, дзе яшчэ засталіся сляды сядзібы Клейнбартаў (вось бы там зрабіць мемарыяльны музей! І мо не аднаго толькі Клейнбарта, а ўвогуле — Капыльскі літаратурны музей!) — уражлівыя пазнакі беларускага асветніцтва, беларускай культуры. А яшчэ — напамін пра тое, што праз кнігі, мемарыяльныя дошкі, музейныя экспазіцыі варта было б вярнуць многія імёны дзеячаў культуры, асветніцтва з XX стагоддзя, першых яго дзесяцігоддзяў. 

Відавочна, напрыклад, што мала адных толькі згадак у друку пра Міколу Каспяровіча, арганізатара беларускага краязнаўства ў 1920-я гады. Патрэбен асобны яго музей — ці ў Мінску, ці ў Віцебску, дзе ён працаваў, ці на Пухавіччыне, дзе ён нарадзіўся, ці ў Чэрвені, дзе ён вучыўся ў павятовым вучылішчы. Патрэбна перавыдаць яго ўнікальную, актуальную і зараз кнігу «Краязнаўства». А Браніслаў Тарашкевіч, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, а Мітрафан Доўнар-Запольскі — ці ўганараваны дастойным чынам памяць пра гэтых волатаў, іх справы?!. Імёнаў можна называць шмат...

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.