Вы тут

Сяргей Пешын: Наша слова чужымі літарамі не напішаш!


Ужо больш за стагоддзе выдавецтва «Беларусь» працягвае распавядаць пра гісторыю, культурныя і духоўныя здабыткі нашага народа, знаходзіць невядомыя факты, здзіўляе, прымушае задумацца пра свае вытокі, а галоўнае — адкрывае чытачу прыгожую, загадкавую, усё яшчэ да канца не зведаную краіну. І падаецца, што гэта тэма невычарпальная. Чаму?


— Мы і сёння робім тое самае, з чаго выдавецтва пачыналася, — заўважае дырэктар выдавецтва «Беларусь» Сяргей Пешын. — У 1921 годзе, калі з’явілася дзяржаўнае выдавецтва «Беларусь», ішлі аб’яднаўчыя працэсы савецкіх рэспублік, узнікаў Савецкі Саюз. Ён быў дзяржавай, якая складалася са шматлікіх нацыянальных рэспублік. Панавала расійская кніга, і не толькі рускамоўная, але менавіта з ухілам на расійскія падзеі, расійскую рэчаіснасць, таму паўстала мэта адлюстроўваць сваё адметнае, нацыянальнае, беларускае. Такім чынам, выдавецтва «Беларусь» з першых гадоў існавання ўжо заняло сваю нішу, паказвала беларускую гісторыю, культуру, мову. Нават у першыя дзесяцігодзі, нягледзячы на тое, што ў рэспубліцы было чатыры дзяржаўныя мовы, наклады кніг на беларускай мове дасягалі 90 працэнтаў. Выдадзены мільёны экзэмпляраў. У ваенныя часы выдавецтва было вывезена ў тыл, у Маскву, працягвала працаваць там пераважна для фронту: выдаваліся кнігі, агітацыйная прадукцыя, што праз лінію фронту перапраўлялася на акупаваныя тэрыторыі. І там дамінавалі выданні на беларускай мове, яны ўздымалі самасвядомасць беларусаў, падштурхоўвалі да развіцця партызанскага руху, нагадвалі, за што яны змагаюцца. У паслеваенныя часы мы ўжо не былі манапалістамі, як адзінае дзяржаўнае выдавецтва. Некаторыя рэдакцыі адасабліваліся, і з іх рабіліся самастойныя ўстановы, напрыклад, «Мастацкая літаратура», «Народная асвета». І ў наш час абвастрылася тая мэта, якая стаяла напачатку: незалежнасць, суверэнная дзяржава, Адсюль наш слоган «Беларусь» пра Беларусь«. Апошнім часам мы спецыялізуемся на культуралагічнай, гістарычнай тэматыцы і, безумоўна, звяртаем увагу на тыя падзеі, што адбываюцца ў нашай краіне, на тое, як мяняецца свет і наш чытач.

— Ці даводзіцца выдавецтву канкурыраваць з інтэрнэтам?

— Нам крыху прасцей у плане канкурэнцыі з электронікай, чым выдавецтвам, якія выдаюць мастацкую літаратуру. Прачытаць са смартфона мастацкі твор больш зручна, а нашы навукова-папулярныя выданні багата ілюстраваныя, могуць змяшчаць схемы, графікі. У невялікім фармаце экрана яны фактычна нечытэльныя, я ўжо не кажу пра эстэтычную якасць такіх выданняў. Напрыклад, мы робім турыстычнае выданне «Белорусский гостинец», якое паказвае ўсё, што ёсць цікавага ўздоўж нашай галоўнай трасы з Брэста на Маскву, па якой да нас заязджае найбольшая колькасць гасцей. Гэта выдатны падарунак для тых, хто едзе транзітам і не мае шмат часу, каб павандраваць па Беларусі. Кніга прэзентуе краіну. Як яе можна паказаць у электронным варыянце?

Ёсць шмат пытанняў да дакладнасці інфармацыі, што падаецца ў інтэрнэце. Калі мы адкрыем «Вікіпедыю» і паглядзім артыкулы па адной тэме на беларускай, рускай і англійскай мовах, можам атрымаць супрацьлеглую інфармацыю пра нейкія падзеі, на што ўплываюць пэўныя адносіны паміж дзяржавамі, палітычныя аспекты. Інтэрнэт — адкрытая прастора, там сапраўды ёсць інфармацыя, вартая ўвагі, але і шмат смецця, і арыентавацца ў гэтым непадрыхтаванаму чалавеку даволі цяжка. Наша ж літаратура вызначаецца вельмі добрымі аўтарамі, якія працуюць у галоўных музеях краіны, у Белавежскай пушчы. Выдавецтва шчыльна супрацоўнічае з Нацыянальнай акадэміяй навук. Часта да нас прыходзяць аўтары з унікальнымі і цудоўнымі ідэямі. Таксама мы глядзім, якая тэматыка актуальная, і звяртаемся да адмысловых спецыялістаў у сваёй галіне. Да Года малой радзімы мы заснавалі серыю «Падарожжа па родным краі». Пра кожны куточак ствараецца кніга. Гэта дае магчымасць падрабязна расказаць пра знакамітых людзей гэтай мясцовасці, значныя для яе падзеі. Калі збіраем шмат кніжак у гэтай серыі, у выніку атрымліваем ізноў адну нашу вялікую краіну Беларусь, толькі шматтомную, падрабязна распісаную.

— І гэтую серыю мы будзем працягваць, бо да такой тэматыкі вельмі вялікая цікавасць у бібліятэк. Кнігі запатрабаваныя ў сістэме адукацыі і ў галіне турызму, — далучаецца да размовы вядучы спецыяліст выдавецтва Анжэла Садоўская. — Форсмажорныя абставіны, звязаныя з пандэміяй, дазволілі многім па-іншаму паглядзець на Беларусь. Людзі пачалі з захапленнем адкрываць яе для сябе. А такія кнігі, па сутнасці, — гатовыя турыстычныя маршруты. Наогул, насіць токое імя, як «Беларусь», для выдавецтва — вялікая адказнасць. Нашы кнігі маюць выхаваўчае значэнне, ідэалагічнае, патрыятычнае. Слоган «Беларусь пра Беларусь» мае працяг — «Гісторыя краіны з 1921 года», таму ўсё, што адбываецца ў краіне, знаходзіць адлюстраванне ў нашых выданнях. Сярод нашых аўтараў — вядучыя гісторыкі, супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва, прафесары, людзі, якія маюць сур’ёзныя веды. І сёння, калі гісторыя «перапісваецца», трактуецца інакш, маладому пакаленню трэба дапамагаць разбірацца, тлумачыць многія рэчы. Так, да Года народнага адзінства ў нас выйшлі зборнікі дакументаў «Польшча — Беларусь 1921–1953» і «Рыжскі мір 1921–1953 у лёсе беларускага народа».

— Падзеі 1939 года, калі былі аб’яднаны Усходняя і Заходняя Беларусь, маюць вялікае значэнне, — гаворыць Сяргей Пешын. Гэтыя кнігі, заснаваныя на гістарычных дакументах, ахопліваюць і перадумовы, і наступствы тых падзей. Вялікая колькасць фотаздымкаў, копій сапраўдных дакументаў, каментарыі вучоных, як усё адбывалася, у такіх кнігах адкідваюць усялякія інсінуацыі, трактоўкі і выводзяць нас на разумны шлях погляду на гістарычныя падзеі. Такія дакументы проста так у інтэрнэце не знойдзеш.

— Правільна падабраная інфармацыя, знаёмства з фактамі беларускай гісторыі і культуры ўжо могуць мець моцны выхаваўчы эфект?

— У нас наогул ёсць не вельмі добрая традыцыя пасыпаць галаву попелам і казаць, што мы, маўляў, — маленькі народ, 
у якога нічога свайго ніколі не было. Мы шмат гадоў выдаём серыю «Славутыя мастакі з Беларусі». Калі дакрануліся прафесійна да гэтай тэматыкі, паўсплывалі такія імёны, што нам толькі ганарыцца і ганарыцца. Сярод іх — асобы, якія цаніліся па ўсім свеце. Мы выдалі ўжо больш за 30 (а ў планах — больш за 100) кніг. Наогул, з тэматыкай культуры і мастацтва мы працуем плённа. У выданні «Напалеон Орда», якое на гэты год з’яўляецца лідарам продажаў, змаглі змясціць усе гравюры мастака, якія захоўваюцца ў Беларусі ў розных установах і прыватных зборах. Шмат увагі ўдзяляем традыцыйнай культуры. Вельмі цікавая кніга А. С. Сардарава «Храм», прысвечаная храмаваму будаўніцтву за ўвесь час усіх асноўных канфесій, якія існуюць у Беларусі. Спецыяліст супастаўляе нашу храмавую архітэктуру з сусветнай. Добра відаць, што ў нас агульнага з сусветным вопытам, у чым наша адметнасць. Так, нашы сінагогі розняцца, яны беларускія, тое ж і з мячэцямі. Але галоўнае, што паказвае гэта кніга, Беларусь — шматканфесійная краіна, і ў нас фактычна ніколі не было міжканфесійных канфліктаў, як, напрыклад, у Еўропе, і гэта тое, чым трэба даражыць.

На жаль, культура чытання падае. Але я спадзяюся, што ўсплеск моды на гаджэты пройдзе. Пакуль чалавеку, які прагне ведаў, без папяровай кнігі ніяк не абысціся. У любой кніжцы ёсць і другое, і пятае дно. Гэта вельмі аб’ёмісты прадукт.

У нас у гэтым годзе выйшла адмысловае выданне «ЛітАрт», прысвечанае кнізе як аб’екту мастацтва. Разглядаюцца аспекты, з якіх складаецца кніга: ад шрыфту да ілюстрацый. Першы яе раздзел — «Шрыфт як код ідэнтычнасці». Можа падацца, што мы занадта замахнуліся, але на самай справе заўважана такая з’ява. Калі мастакі толькі атрымалі камп’ютар і шрыфтоў было мала, яны вымушаны былі выкарыстоўваць лацінскія шрыфты для напісання кірылічных тэкстаў і наадварот. Здавалася б, літары вельмі падобныя. Аказалася, што замежнікам цяжка чытаць слова, якое набрана кірылічным шрыфтам. Абрысы літаркі розныя ў кірыліцы і лаціны, і гэта перашкаджае ўспрыманню, збівае тэмп — адсюль пачынаецца ўсведамленне свайго нацыянальнага. Наша слова чужымі літарамі не напішаш. Патрыятызм ідзе ад мовы, ад культуры, ад мастацтва, ад гісторыі і ад умення правільна карыстацца звесткамі, каб ніхто не мог цябе завярнуць у іншы бок.

— Чым для вас з’яўляецца Дзень беларускага пісьменства?

— Найперш гэта прафесійнае свята. Мы бачым, што кніга жыве і мы робім патрэбнае. Гэта надае імпэту і жадання працаваць далей. Гэта пэўная вяха ў нашай працы, своеасаблівая справаздача за год, а сёлета — і за сто гадоў. І мы працягваем працаваць у нацыянальнай дзяржаўнай плыні.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.